Затрыманні акцёраў, адмена спектакляў. Што зараз адбываецца ў адным з самых папулярных беларускіх тэатраў
«У такім выпадку спектаклі знікнуць з рэпертуару, а РТБД ператворыцца ў сярэднестатычны беларускі калектыў».
19 кастрычніка стала вядома, што затрыманыя як мінімум трое акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД). Гэта можа быць фатальна для існавання тэатра. «Зеркало» тлумачыць, чаму.
Як расказала рэдакцыі «Зеркало» на ўмовах ананімнасці беларускі тэатральны крытык, трупа тэатра адносна невялікая. У ёй 30 чалавек, аднак амаль траціна з іх — моладзь, якія прыйшлі ў тэатр у апошнія некалькі гадоў. Ёсць акцёры старэйшага пакалення. Адпаведна, найвялікшая нагрузка прыпадае на акцёраў сярэдняга пакалення, якія знаходзяцца ў найлепшай форме.
Сярод іх і затрыманыя акцёры (рэдакцыі меркавана вядомыя іх прозвішчы, аднак журналісты не называюць іх), на якіх трымаецца рэпертуар. Яны задзейнічаныя ў дзясятках спектакляў, прычым часта з'яўляюцца адзінымі выканаўцамі.
У выніку іх затрымання РТБД стаў аператыўна мяняць афішу. На 17 кастрычніка быў запланаваны паказ спектакля "Вось я і прыйшла!" — яго замянілі на "Тэсты для взрослых". 18 кастрычніка замест “Палявання на сябе” былі паказаныя “Махляры”. Сёння, 20 кастрычніка замест "Шлюбу з ветрам" зноў пакажуць "Махляры".
22 кастрычніка запланаваная пастаноўка "Пачупкі" — аднак сярод выканаўцаў таксама няма дублёраў. Таму, калі акцёры ў бліжэйшы час не выйдуць на волю, давядзецца адмяняць і іх, а таксама іншыя спектаклі.
Паводле словаў суразмоўцы, размова ідзе пра самыя касавыя сярод мінчан спектаклі. «"Шлюб з ветрам“ і "Пачупкі" карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод мінчан, білеты на іх раскупляюцца практычна адразу пасля таго, як яны з'яўляюцца ў продажы», — тлумачыць спецыялістка. Па яе словах, далёка не факт, што на змену затрыманым акцёрам будуць уводзіць іх калег. У такім выпадку спектаклі знікнуць з рэпертуару, а РТБД ператворыцца ў сярэднестатычны беларускі калектыў.
Што да гэтага адбывалася з РТБД?
Раней рэдакцыі «Зеркало» ад уласных крыніц стала вядома аб звальненні Святланы Карукінай з пасады дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Па іх інфармацыі, гэта адбылося яшчэ ў ліпені гэтага года. Пацвярджэннем гэтага сталі змены на сайце тэатра. Прозвішча і партрэт Карукінай зніклі адтуль.
У апошні час РТБД заставаўся адным з самых папулярных беларускіх калектываў. Аднак рэпрэсіі не абышлі бокам і яго.
Увосень 2020 года РТБД пакінулі акцёры Мікалай Стонька і Андрэй Новік. Першы зрабіў гэта ў знак пратэсту супраць цэнзуры. Другі — «у знак салідарнасці з страйкоўцамі і звольненымі». У маі 2021 года з краіны з'ехаў Ілья Ясінскі. У 2020-м ён удзельнічаў у пратэстных маршах. Падчас аднаго з іх яго затрымалі і зламалі пазванкі. У канцы снежня 2021 года звольнілі мастацкага кіраўніка тэатра Аляксандра Гарцуева. Ён узначальваў РТБД з 2012 года.
У сакавіку — пачатку красавіка 2022 года з тэатра пайшлі або былі звольненыя чатыры акцёры: Алена Баярова, Марыя Пятровіч, Марына Здаронкава і Максім Шышко. Апошняга 27 лютага затрымлівалі на антываеннай дэманстрацыі.
Адзначым, апошнім часам звальненьні ў беларускіх тэатрах сталі рэгулярнымі. У пачатку красавіка 2024 года быў звольнены мастацкі кіраўнік віцебскага тэатра "Лялька" Віктар Клімчук. У сакавіку — дырэктар сталічнага Музычнага тэатра Сяргей Пукіта. У красавіку пазбавіўся пасады і дырэктар Беларускага тэатра лялек Дзмітрый Сямёнаў. Праўда, пазней высветлілася, што ён пайшоў на павышэнне — стаў намеснікам кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама. У маі быў звольнены мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра оперы і балета Валянцін Елізар'еў.