Жак-Іў Кусто: Вочы і сэрца сусьветнага акіяна
Узгадаем чалавека, імя якога зьяўляецца сінонімам дасьледаваньня акіяна. Шмат хто з вас памятае легендарную серыю ТБ-перадачаў «Падводная адысея каманды Кусто». Жак-Іў прыдумаў аквалянг, без якога немагчыма ўявіць падводнае плаваньне. Чароўны і мілы француз у чырвоным капелюшы.
Хударлявы француз ідзе плаваць
Жак-Іў Кусто нарадзіўся 11 чэрвеня 1910 года ля французскага горада Бардо. Яго бацька Даніэль быў юрыстам і шмат падарожнічаў па сьвеце. Пасьля Першай сусьветнай вайны ён стаў працаваць на амэрыканца Юджына Хігінса, і ўся сям’я Кусто скіравалася ў заакіянскія Злучаныя Штаты.
Гісторыя захапленьня Жака-Іва Кусто падводным сьветам была б магчыма не такой фантастычнай без згадкі амэрыканскага возера Харві ў штаце Вэрмонт. Гэты вадаём быў зьмешчаны ля летняга лягера, і менавіта гэтае месца стала гульнявой пляцоўкай і пэўнай школай для юнага дасьледчыка ў 1920 годзе.
Падчас наведваньня лягера Кусто эксперымэнтаваў са знаходжаньнем пад вадой, дыхаючы праз полы чарот, які ён знайшоў на водмелі возера. І хаця ён яшчэ не ўмеў добра плаваць, гэта дазваляла будучаму стваральніку акваланга працяглы час заставацца пад вадой.
Возера Харві стала мікрасусьветам. Для хлопчыка яно было вартым велічы ўсяго акіяна. Жак-Іў гадзінамі назіраў за воднымі насельнікамі, ён заўважаў паводзіны рыбаў і дзівіўся гульні сьвятла на паверхні вады. Пазьней Кусто ўзгадваў тыя моманты ва ўспамінах, а яго сын Жан-Мішэль паўтарыў у сваіх успамінах пра бацьку.
У дванаццацігадовым узросьце Жака-Іва сям’я вяртаецца ў Францыю і неўзабаве, у 1930 годзе ён паступае на службу ў ваенна-марскі флот. І тады ж на караблі «Жанна д’Арк» яго корпус выправіўся ў плаваньне вакол сьвету. Праз некалькі гадоў яго захапіла ваенна-марская авіяцыя, але трагедыя падчас аўтамабільнай аварыі перакрэсьліла нябесныя перспектывы Кусто. Жак-Іў доўгі час аднаўляўся ад траўмаў.
У 1936 годзе ён паступіў на службу ў якасьці інструктара на невялікае судна. І ў хуткім часе зразумеў тое, без чаго ня мог пражыць. Яму трапіліся звычайныя акуляры для плаваньня. Зь іх дапамогай ён убачыў на дне мора сваю будучыню.
У той час Жак-Іў Кусто ўпершыню сутыкнуўся з раньнімі вэрсіямі падводнага абсталяваньня, якія былі даволі прымітыўнымі і ненадзейнымі. Тым ня меньш ён мог працяглы час заставацца пад вадой, назіраючы за марскімі насельнікамі ў іх натуральным асяродзьдзі. Жак-Іў марыў пра сьвет, дзе людзі маглі б дасьледаваць акіян гэтак жа лёгка, як яны ходзяць па зямлі.
Акваланг
Стварэньне гэтай прылады, якая, здаецца, была вядомая людзям заўжды, стала гісторыяй выпадковасьці і вынаходлівасьці. У 1943 годзе, калі Эўропа была ахопленая новай вайной, Кусто і Эміль Ганьян працавалі над рашэньнем праблемы, якая стагодзьдзямі турбавала дайвэраў: як заставацца пад вадой працяглы час без грувасткіх і абмежавальных прыладаў мінулага.
Кусто, ужо дасьведчаны падводны плывец, і Ганьян, геніяльны інжынэр, сталі ідэальнай камандай. Гэтая новая прылада складалася з рэгулятара, злучанага з бакамі з паветрам пад высокім ціскам, што дазваляла дайвэрам свабодна і натуральна дыхаць пад вадой.
Гэта стала канцом цяжкіх вадалазных касьцюмаў з прывязкай да паверхні, якія пакаленьнямі абмяжоўвалі падводныя дасьледаваньні. Да гэтага часу сьмяротнасьць сярод аматараў такога плаваньня была вялізнай. Зрэшты, і плаваньнем гэта назваць было нельга: чалавек быў скаваны мэталічнымі канструкцыямі.
Акваланг стаў брамай у новы сьвет, дзе таямніцы акіяна можна было дасьледваць і зразумець, як ніколі раней. З дапамогай аквалангу Кусто распачаў серыю экспедыцыяў, якія пашырылі нашыя веды аб марскім асяродзьдзі. Адным з першых трыюмфаў Кусто стала дасьледаваньне яго роднага Міжземнага мора, дзе ён і яго каманда выявілі багатую біяразнастайнасьць.
Жак-Іў Кусто выдатна ўсьведамляў моц візуальнага мастацтва і імкнуўся падзяліцца цудамі акіяна з усім сьветам. З гэтай мэтай ён распрацаваў падводныя камэры і сістэмы асьвятленьня, якія пераўтварылі марскія дасьледаваньні ў кінематаграфічны цуд.
Здымаць пад вадой было складана. Акіян — гэта месца вельмі зьменлівага сьвятла і ценяў, дзе бачнасьць звыш абмежаваная, а колеры фільтруюцца праз пласты вады. Інавацыі Кусто ў падводным кінамастацтве пераадолелі гэтыя перашкоды, што дазволіла здымаць яркія і насычаныя кадры.
Сьвет цішыні
Стужка з такой назвай зьнятая ў суаўтарстве з Луі Малем была выпушчаная ў 1956 годзе. Яна стала рэвалюцыйнай працай у падводных здымках. Фільм атрымаў Залатую пальмавую галіну на Канскім кінафэсьце і прэмію «Оскар» за лепшы дакумэнтальны фільм.
Праз аб'ектыў сваёй камэры Кусто перанес таямнічы і амаль нябачны сьвет пад хвалямі ў дамы і сэрцы мільёнаў людзей ва ўсім сьвеце.
Фільм паказваў марскую біяразнастайнасьць, і разам з тым рабіў акцэнт на ўзаемазалежнасьці ўсіх формаў жыцьця і на кволым балансе марскіх экасістэмаў.
Абапіраючыся на посьпех «Сьвету цішыні», Кусто працягваў пашыраць магчымыя межы падводных дасьледаваньняў і кінавытворчасьці. Яго новы фільм 1964 года «Сьвет без сонца» задакумэнтаваў неверагодны эксперымэнт калі дзесяць акванаўтаў жылі і працавалі на працягу 30 дзён на глыбіні больш за 30 мэтраў. Абавязкова паглядзіце. А Жак-Іў Кусто за сваю новую працу атрымаў другую ўзнагароду «Оскар» за лепшы дакумэнтальны фільм.
А далей было агульнасусьветнае прызнаньне і народная любоў усіх народаў на Зямлі. Жак-Іў Кусто запусьціў у 1966 годзе на тэлебачаньні тэлесерыял «Падводная адысея каманды Кусто». Гэтыя фантастычныя кадры з легендарнай субмарынай Кусто і бясконцымі пагружэньнямі на дно ва ўсіх магчымых кропках сусьветнага акіяну ведаюць амаль усе. Кожны эпізод быў старанна прадуманым падарожжам у розныя аспекты марскога жыцьця, ад яркіх каралавых рыфаў Чырвонага мора да таямнічых глыбіняў Антарктычнага акіяну.
Выйшла больш за 100 выпускаў гэтых тэлефільмаў, якія з часам крыху абнаўлялі назву.
Жак-Іў Кусто пражыў доўгае і яскравае жыцьцё, і памёр у 1997 годзе.