Уцякала ад вайны, віншавала з Днём Волі. Дзе цяпер Ганна Шаркунова, якая спявала пра Рамана Бандарэнку
Як і многія беларусы, да 2020 года Ганна Шаркунова не цікавілася палітыкай. Яна будавала творчую кар’еру, працавала на сцэне, не цуралася выступаў на «Славянскім базары» і «Дажынках». Аднак потым прыйшоў гістарычны жнівень, які змяніў усё — у жыцці як соцень тысяч беларусаў, так і самой спявачкі.
Дзе цяпер Ганна, якім быў яе персанальны пратэст у 2020-м і як у яе жыццё ўварвалася вайна — распавядае «НЧ».
Калі вы паспелі скрывіцца ад напаміну пра эстрадны
агратрэш, то ёсць важнае ўдакладненне. Апошні раз у лукашэнкаўскім «Славянскім
базары» Шаркунова ўдзельнічала ажно ў 2011, а на хлебасольных «Дажынках» яе не
бачылі з 2021-га.
Невядома, чаму так сталася — цалкам верагодна, што ўраджэнка Пінска з добрымі вакальнымі данымі разышлася з праўладным музычным абозам абсалютна не праз палітыку. А проста зразумеўшы, што бясконца падмахваць рэжыму падчас сезонных сцэнічных скокаў з галоўным гледачом у першым шэрагу — гэта не тое, аб чым ты марыла ў дзяцінстве, беручы ў рукі мікрафон. Тым больш таленту хапае на большае, то чаму б не парваць дзяржаўныя цуглі і не разысціся з гэтай калектыўнай саладухай.
Гэта ўвогуле ўласціва тым, хто нешта з сябе ўяўляе ў творчым сэнсе. І не ўласціва — пасрэдным супрацьлегласцям, якія не могуць прыдбаць ганарар інакш чым удзелам у канцэрце на дзень міліцыі.
Так ці іначай, але дзясятак гадоў таму Ганна Шаркунова фактычна распачала сапраўды сольную кар’еру. Мяркуючы па ўсім, крок аказаўся паспяховым, тым больш што «сольнасць» сваю спявачка разнастайніла рознымі калабарацыямі і эксперыментамі накшталт дуэта з Дзмітрыем Вайцюшкевічам. Іхні супольны кавер на трэк Ледзі Гаагі і Брэдлі Купера з фільма «Зорка нарадзілася» атрымаўся настолькі пераканаўчым, што ў каментарах пісалі — «лепей, чым арыгінал».
Ухвальна прымяралі да арыгінала і іншы кавер Шаркуновай — на песню Сяргея Міхалка «Воіны света». Трэк быў запісаны ў красавіку 2020-га, сукупна на розных каналах відэа сабрала больш за мільён праглядаў.
Падзеі жніўня 2020-га змянілі жыццё Ганны на «да» і «пасля».
Яшчэ перад выбарамі яна напісала і выклала ў сеціва «Песню шчаслівых людзей».
Дакладней, выклала цэлы кліп, у здымках якога ўзялі ўдзел Уладзімір Пугач і
Зміцер Вайцюшкевіч, NIZKIZ і NAVIBAND, Дзяніс Дудзінскі і Уладзімір Цэслер,
Каця Пытлева і Вольга Хіжынкова, Віталь Гуркоў і Валерый Дайнэка… І шмат хто
яшчэ.
На сёння «Песню шчаслівых людзей» паглядзелі ў ютубе больш за 1,2 мільёна разоў.
Большасць з удзельнікаў кліпа пасля выбараў была вымушаная эміграваць, пазбягаючы пераследу. Не стала выключэннем і аўтарка ідэі Шаркунова, але пра гэта потым.
У лістападзе 2020-га Беларусь скаланулася ад смерці Рамана Бандарэнкі. Абурэнне людзей тады вылілася не толькі на вуліцы, але і ў творчасць. На гібель мастака з «Плошчы перамен» Ганна адрэагава хутка — праз некалькі дзён у яе ютуб-канале з’явілася песня «Малюнкі на сцяне», якую спявачка напісала ў суаўтарстве з паэтам Уладзімірам Кубышкіным.
«Гэтая песня атрымалася сама сабой, раптам... Вырвалася з
нас, як крык, вылілася слязьмі за некалькі гадзін. Ад жаху, ад таго, што
адбываецца цяпер на вуліцах, ад гэтых бясконцых страшных навін», — адзначыла
артыстка ў апісанні да відэа, якое сабрала каля 250 тысяч праглядаў і больш за
тысячу каментароў.
Перад лістападам быў кастрычнік — і Ноч расстраляных паэтаў,
гадавіну якой на пратэставым уздыме тысячы людзей адзначылі ў Курапатах. Як раз
у той дзень у інстаграме Ганны Шаркуновай з’явіўся ролік з ушанаваннем аднаго з
забітых літаратараў — 32-гадовага Алеся Дудара.
Эмігравала Ганна ў Кіеў. Як і тысячы іншых беларусаў яна
палічыла, што гэта аптымальны варыянт, і так было да 24 лютага 2022-га.
Калі на Украіну пачалі падаць расійскія бомбы і ракеты,
разам з дзясяткамі, сотнямі тысяч, а неўзабаве і мільёнамі мірных жыхароў,
Шаркунова ўцякала ад вайны. Мяркуючы па яе допісах, эвакуацыя з палаючай краіны
заняла пяць дзён.
1 сакавіка спявачка напісала ў інстаграме: «Вось ужо тыдзень як мы ў бяспецы. І гэтае ліпкае, халоднае, чорнае пачуццё страты ўсяго базавага ў жыцці пачало адступаць. Страты спакою, кантролю. Шум гэтага грукату і свісту нечалавечага над галавой. Таго, што ніколі не павінна было зноў здарыцца».
Таксама яна распавяла аб перажытым у першыя часы вайны: «Я
адчула сапраўдны жах раніцай 24-га. Калі ты спрабуеш рабіць выгляд, што
кантралюеш сябе, а ўнутры — татальны жах. Спрабуеш не спалохаць сваё дзіця, а
сам як дзіця і баішся страшна».
З Украіны Ганна пераехала ў Польшчу, і ўжо адтуль 25 сакавіка павіншавала беларусаў з Днём Волі. «Са святам усіх, хто любіць Беларусь. Усё яшчэ будзе», — такі быў допіс з прыкладзеным здымкам «па схеме БЧБ».
У Варшаве Ганна Шаркунова гадуе сына, якому пяць гадоў,
сустракаецца з сябрамі — Дзянісам Дудзінскім, яго жонкай Кацярынай Раецкай,
калегамі з NAVIBAND і іншымі. Яна падарожнічае і посціць фота з сонечнага
Дубая.
У каментарах, здараецца, спявачку крытыкуюць за бесклапотныя здымачкі. Кантэкст вядомы: што вы сабе дазваляеце ў гэты час, калі тысячы беларусаў пакутуюць у няволі?
На гэта яна адказвае: «Мы ўсе праходзім розныя стадыі.
Магчыма, вам зараз дрэнна, як мне год таму... Калі я зачынілася ад усіх, не
магла размаўляць ні з кім і не разумела, як можна жыць далей. Абдымаю вас. Як
бы ні было, але, спадзяюся, мэты і жаданні ў нас па-ранейшаму адны на ўсіх! І
працягваць жыць трэба. Абавязкова».