Топ-10 фільмаў, якія перамаглі на першых прэміях Оскар
95 гадоў таму, 18 лютага 1929 году ў Лос-Анджэлесе былі абвешчаныя першыя ляўрэаты прэміі, якая завалодае сэрцамі кінаманаў ва ўсім сьвеце. Мы паглядзелі кожную са стужак, што перамагала ў намінацыі «Лепшы фільм» у першых дзесяці ўзнагароджаньнях і склалі сьпіс ад горшай да лепшай. Глядзіце старое кіно. Прыемнага прагляду!
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Брадвэйская мэлёдыя (The Broadway Melody). 1929
Стужка ўвасабляе сабой пераход ад нямой эпохі да эпохі гуку. Гэта адрозьненьне ўзмацняецца яго статусам першага гукавога фільма, які атрымаў прэмію Кінаакадэміі за лепшы фільм. Карціна рэжысэра Гары Бамонта абвяшчае пачатак новай эры ў Галівудзе.
Фільм, які распавядае пра каханьне, амбіцыі і суровыя рэаліі шоў-бізнесу, спрабуе паказаць мары і расчараваньні тых, каго прыцягвае чароўнасьць сцэны на Брадвэі.
Прастата апавяданьня не павінна адбіць жаданьне прагляду. У параўнаньні са складанасьцю вытворчасьці гукавога фільму, а таксама гістарычнай значнасьцю стужкі, а таксама калі вы аматар мюзіклаў – сьмела ўключайце гэтую Мэлёдыю.
Нумар 9. Сімарон (Cimarron). 1931
Гэтая эпічная вэстэрн-драма, зьнятая рэжысэрам Уэслі Раглзам па матывах рамана Эдны Фэрбэр, закідвае гледачоў на самы край заселенай Амэрыкі, дзе суровыя людзі на конях і з рэвальвэрамі ў руках вырашаюць паўсядзённыя справы.
Гэта ніяк ня ўзор добрага вэстэрну, да якіх мы звыклі ў пазьнейшых стужках з Джонам Уэйнам ці Джэймсам Сьцюартам. Тут іх няма, але затое мы становімся сьведкамі нараджэньня новага жанру. Калі грукат капытоў па прэрыі мог унесьці ўспаміны тых, хто прыйшоў у кінатэатар у далёкі час іх дзядоў.
Гісторыя ў фільме разгортваецца на працягу больш чым сарака гадоў і ахоплівае жыцьцё перасяленца на новыя землі Аклахомы. Хаатычны разбор надзелаў зямлі перасяленцамі ў фільме выглядае вельмі пераканаўча.
Нумар 8. Вялікі Зігфельд (The Great Ziegfeld). 1936
Слёган гэтага мюзікла на афішах меў наступныя словы: 10 вялікіх шоу у адным. І гэта адпавядае рэчаіснасьці. Стужка ўвасабляе шыкоўнае відовішча і грандыёзнасьць Залатога веку Галівуду. Гэты біяграфічны фільм, зьняты з Робэртам З. Леанардам, распавядае пра жыцьцё Флорэнца Зігфельда-малодшага, імпрэсарыа, чые экстравагантныя рэвю зьмянілі ў свой час Брадвэй. Яго адносіны са сваім жонкамі будуць займаць адно з галоўных месцаў у стужцы.
Прызнаемся, сапраўдная навала музычных нумароў можа стаміць непадрыхтаванага гледача. Зрэшты, можаце ўявіць сябе не на праглядзе гісторыі канкрэтнага чалавека, а на бліскучым канцэрце, дзе грае ўрачыстая музыка, а выступоўцы ў самых розных строях спрабуюць падараваць вам цёплыя ўражаньні.
Нумар 7. Жыцьцё Эміля Заля (The Life of Emile Zola). 1937
Гэтая праца па задуме стваральнікаў сумясьціла біяграфічны жанр з актуальным разглядам сацыяльнай справядлівасьці і нязломным духам праўды, як тады казалі. Фільм рэжысэра Ўільяма Дытэрле апавядае, як можна было зразумець па назве, пра жыцьцё знакамітага французскага пісьменьніка і яго няспыннае імкненьне апраўдаць несправядліва абвінавачанага Альфрэда Дрэйфуса.
Гэтая гісторыя стала вельмі папулярным матывам у сусьветным мастацтве. Знакамітае «Я абвінавачваю…» Заля стала хрэстаматыйным:
«Я абвінавачваю падпалкоўніка Дзюпаці дэ Клама ў тым, што ён зьдзейсьніў цяжкую правіну, дапусьціўшы - жадаецца верыць, па няведаньні - судовую памылку, і на працягу трох гадоў упарціўся ў гэтай згубнай памылцы, і пускаўся на самыя недарэчныя і злачынныя хітрыкі.
Я абвінавачваю генэрала Мэрсье ў тым, што ён зьявіўся, у лепшым выпадку па слабасьці розуму, памагатым аднаго з найвялікшых беззаконьняў нашага стагодзьдзя...»
Добрая судовая драма, адна з першых у сваім жанры.
Нумар 6. Крылы (Wings). 1927
Першы ўладальнік прэміі «Оскар» за найлепшы фільм года ў гісторыі. На першай цырымоніі меліся вылучацца стужкі, якія выйшлі ў перыяд з 1 жніўня 1927 па 1 жніўня 1928 года.
Фільм рэжысэра Ўільяма А. Уэлмэна, які сам быў пілотам-ветэранам, зьяўляецца эпічнай ваеннай драмай. Ён адлюстроўвае мітусьню і трагедыю Першай сусьветнай вайны праз прызму двух сяброў-лётчыкаў, якіх бліскуча сыгралі Чарльз Роджэрс і Рычард Арлен.
Гэта першы і адзіны амаль за 100 гадоў прэміі Оскар фільм, які быў нямым. Толькі ў 2011 годзе французская драма «Артыст» зьдзейсьніла тое ж – перамагла на «Оскары» бяз словаў. Хаця тое было зроблена наўмысна, для стварэньня атмасфэры, а вось ваенны фільм пра пілотаў не мог сабе дазволіць гук.
У гэтым фільме гледачы сутыкнуліся са страшэннымі ў сваёй прыгажосьці паветранымі баямі. Гэтае відовішча не магло не захапіць тады, але выглядае пераканаўча і сёньня.
Нумар 5. Гранд Гатэль (Grand Hotel). 1932
Самы раскошны гатэль у Бэрліне мае безьліч таемных, рамантычных і містычных гісторыяў. Зь некаторымі зь іх мы маем гонар пазнаёміцца ў стужцы Эдмунда Гулдынга. Сярод зорнага акторскага складу вылучаецца прысутнасьць Грэты Гарба і Джаан Кроўфард.
Гарба выконвае ролю мэлянхалічнай балерыны, якая змагаецца з ценямі славы, ад якой амаль нічога не засталося. Кожным жэстам, кожным млявым рухам акторка напаўняе балерыну Грусінскую уразьлівасьцю. Яе знакавая фраза «Я прагну пабыць адна» гучыць не як просты дыялёг, а як нутраная спустошанасьць. Грэта Гарба яскрава паказвае, чаму яна зьяўляецца адной з самых захапляльных акторак эпохі.
Нумар 4. Бунт на Баўнці (Mutiny on the Bounty). 1935
У далейшым гэтую гісторыю пераздымуць некалькі разоў. Аднак перад намі – шыкоўны прыгодніцкі фільм пра падарожжы на караблі, капітанаў, далёкія малавядомыя выспы і спрадвечныя шкілеты, якія да часу прыхаваныя ў шафе каюты.
Фільм Фрэнка Лойда апавядае пра жудасную рэальную гісторыю пра бунт 1789 года на брытанскім караблі Баўнці. Чарльз Лотан і Кларк Гейбл стварылі незабыўныя вобразы капітана і лейтэнанта. Капітан уяўляе сабой вобраз абсалютнай улады, заснаванай на пунктуальным выконваньні літары, але не духу закона падчас далёкага плаваньня.
Здымкі ў адкрытым моры дадаюць адчуваньня непазьбежнай трагічнай развязцы непаразуменьняў, якія будуць толькі ўзрастаць.
Бунт супраць тыраніі – ці законны?
Нумар 3. Кавалькада (Cavalcade). 1933
Як і папярэдняя стужка, гэтая зьнятая Фрэнкам Лойдам. Адаптаваны па аднайменнай пьесе Наэля Коўарда, фільм ахоплівае падзеі ад мяжы стагодзьдзяў да пачатку 1930-х гадоў, што ўключала ангельска-бурскую вайну, гібель «Тытаніка» і Першую сусьветную вайну. Гледачы стануць сьведкамі бурных хваляў брытанскай гісторыі праз падзеі адной сям'і, веліч і заняпад Брытанскай імпэрыі праз асабістыя посьпехі і няшчасьці сям'і Марыёт.
Кавалькада кажа нам, нават крычыць пра няўмольны рух часу.
Нумар 2. На Заходнім фроньце бяз зьменаў (All Quiet on the Western Front). 1930
Стужка рэжысэра Льюіса Майлстоўна лічыцца адным з самых жудасных і вострых антываенных фільмаў, калі-небудзь зробленых, манумэнтальным дасягненьнем у першыя гады гукавога кіно. Адаптацыя аднайменнага рамана Эрыха Марыі Рэмарка прапануе рэзкі погляд на жахі Першай сусьветнай вайны вачыма маладога нямецкага жаўнера.
Толькі нядаўна мы сталі сьведкамі новай, таксама бліскучай экранізацыі гэтай гісторыі, але паглядзець арыгінал вельмі і вельмі вам рэкамендуем.
Гэта было сьмелае пацыфісцкае выказваньне ў часы росту мілітарызму. Адлюстраваньне ў фільме акопнай вайны і яго глыбокае спачуваньне цяжкаму становішчу жаўнераў цалкам пазбаўленае рамантызаванага гераізму.
Нумар 1. Гэта здарылася аднойчы ўначы (It Happened One Night). 1934
Менавіта гэтая стужка вартая называцца найлепшай зь ліку тых, хто перамог на першых дзесяці прэміях «Оскар». Акрамя галоўнай узнагароды, фільм атрымаў прэміі за лепшую мужчынскую ролю Кларка Гейбла, лепшую жаночую ролю Кладэт Кальбэр, рэжысэр Фрэнк Капра забраў статуэтку за сваю працу, а таксама два сцэнарысты. У тым жа годзе фільм быў намінаваны на Кубак Мусаліні (галоўная ўзнагарода Вэнэцыянскага кінафэсту).
Зрэшты, ня трэба ніколі ўсьляпую арыентавацца на ляўрэатаў ці намінантаў тых ці іншых узнагародаў. За тыя ж 10 разгледжаных гадоў, на наш погляд, выйшла шмат шыкоўнага кіно, якое так і не трапіла на галоўныя месцы на цырымоніях і кінафэстах.
Аднак вернемся да працы Фрэнка Капры. Яна зьяўляецца грандыёзнай эпохай у жанры рамантычнай камедыі, якая паўплывала на незьлічоную колькасьць фільмаў.
У стужцы Кларк Гейбл у ролі рэпарцёра, які зробіць усё, каб знайсьці гарачы матэрыял, і Кладэт Кальбер у ролі спадчыньніцы-ўцякачкі. Яе бацька мільянэр, але яна вымушаная бегчы, каб шлюб зь не самым багатым каханым адбыўся насуперак старэйшаму пакаленьню.
Па сутнасьці фільм — гэта сьвята моцы каханьня, якое пераадольвае ўсе рознагалосьсі і злагоджвае душэўныя раны.
Прыемнага прагляду!