Топ-10 фільмаў Эмы Стоўн, якая ў свае 36 стала галоўнай акторкай пакаленьня
На гэтым тыдні чароўная Эма адзначыла народзіны. У той час, калі яе кар'ера па-сутнасьці, толькі пачынаецца, міс Стоўн ужо мае дома на паліцы дзьве ўзнагароды Оскар, як лепшай акторцы года. Мы склалі аўтарскі сьпіс дзесяці лепшых роляў Эмы Стоўн. Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.
Нумар 10. Зомбілэнд (Zombieland). 2009
Як вынікае з назвы, шмат ад стужкі не варта чакаць, але яна мае і свае плюсы, каб быць у стане заняць адзін з вашых вечароў. Фільмы пра зомбі, як вядома, рэжка адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Але тут сярод акторскага ансамблю Вудзі Харэльсан, Эма Стоўн, Біл Мюрэй – і засумаваць не прыйдзецца нават снобам.
Гэта змрочная камедыя, якая напоўненая зомбі па самую шыю. Галоўныя героі спрабуюць справіцца з навалай і робяць гэта вельмі сьмешна. Стужка можа пазабавіць вас. А на заўтра вы яе забудзеце.
Нумар 9. Ірацыянальны чалавек (Irrational Man). 2015
Амаль усё жыцьцё Вудзі Ален здымае па фільму штогод. Канвэер працуе, але вось якасьць становіцца з гадамі вельмі неадназначнай. Стандартная стужка рэжысэра, у якой была па-сапраўднаму цікавая задума, але яе выкананьне не адпавядае гучнаму імю аўтара.
Перад намі філязофскі фільм пра выкладчыка філязофіі. На жаль сама карціна не напоўненая той самай філязофіяй, а толькі гульліва спрабуе пакапацца ў чалавечых слабасьцях. Фільм заснаваны на нечаканай ідэі неўпэўненага ў сабе прафэсара, у выкананьні Хаакіна Фэнікса, якая палягае ў тым, што ён можа вярнуць смак свайго шэрага жыцьця праз забойствы людзей, якія некаму (на думку героя) вельмі замінаюць.
Нумар 8. Віды дабрыні (Kinds of Kindness). 2024
Сёлетні фільм ад грэцкага рэжысэра Ёргаса Ланцімаса. Гэта ўжо чацьвертая сумесная праца грэка і Эмы Стоўн. Такое супрацоўніцтва, відавочна, прыносіць плён ім абодвум. Менавіта нечаканыя і жорскія ролі ў гэтага творцы выявілі выключны талент маладой акторкі. Больш за тое, ужо анансаваны і наступны сумесны фільм Ланцімаса і Стоўн, які пабачыць сьвет у наступным годзе.
Што да гэтай стужкі, тут, як і амаль у кожнай працы грэка, гледачу проста не прыйдзецца. Праз апісаньне трох не зьвязаных між сабою гісторыяў, у якіх ролі выконваюць адныя і тыя ж акторы, Ланцімас зьвяртаецца да набалелых, эмацыйна цяжкіх праблемаў сучасных узаемаадносінаў. Сузалежнасьць, гвалт і іншыя гнойныя пухіры сёньняшняга грамадзтва прарываюцца праз так званыя віды дабрыні.
Шыкоўнае выкананьне ад Эмы Стоўн і яе партнэра па здымках – Джэсі Племанса. Таксама зьзяе Ўілем Дэфо і Маргарэт Куолі. Аднак пасьля прагляду ў вас можа застацца адчуваньне некаторага самапаўтору рэжысэра, калі вы знаёмыя з іншымі працамі Ланцімаса.
Нумар 7. Магія ў месячным сьвятле (Magic in the Moonlight). 2014
У сваёй магіі Вудзі Ален пераносіць гледачоў на асьляпляльную Французскую Рыўеру 1920-х гадоў. Яшчэ адна праца паважанага рэжысэра, якой магло ня быць, і сьвет не стаў бы больш бедным. Стужка пакідае па сабе ўражаньне цёплай сустрэчы, у якой прысутнічалі ўсе неабходныя элементы, але не хапіла солі пры падачы галоўнай стравы.
Колін Фёрт і Эма Стоўн стараюцца як могуць, але сцэнар не дазваляе ім выглядаць пераканаўча. Гісторыя апавядае пра тое, як стомлены жыцьцём ілюзіяніст імкнецца выкрыць містычныя здольнасьці гераіні Стоўн і паказаць яе ў выглядзе махляркі, якая падманвае салідных паннаў на ўзьбярэжжы.
Зрэшты, а што калі яе сувязь з памерлымі сапраўды існуе?
Нумар 6. Небаракі (Poor Things). 2023
Ёргас Ланцімас адносіцца да таго кшталту рэжысэраў, якіх складана пераблытаць зь іншымі. Стыль, які ўжо стаў цалкам пазнавальным, раз за разам выкарыстоўваецца таленавітым грэкам на поўную. Гэта той самы рэжысэр, які зьняў нядаўнія гучныя фільмы «Лобстэр» і «Забойства сакральнага аленя». Яго працы параўноўваюць з папярэднікам у жанры «Божухна, што ён сабе дазваляе здымаць» – Ларсам фон Трыерам.
Гэтую інфармацыю неабходна ўлічваць перад тым, як пачынаць прагляд новай стужкі Ланцімаса з фантастычнай Эмай Стоўн у галоўнай ролі. Фільм атрымаўся таксама досыць фантастычным, няхай і ў іншым разуменьні, чым апісаньне таленту акторкі ў галоўнай ролі. Віктарыянская Англія ў альтэрнатыўным разуменьні аўтара раману Аласдэра Грэя і самога рэжысэра Ёргаса Ланцімаса створыць уражаньне, як сёньня любяць казаць, татальнай улады мужчынаў над жанчынамі.
Перад намі стужка, якую нельга паказваць дзецям, бо кожныя некалькі хвілінаў гледачы назіраюць за працэсам, як менавіта гэтыя дзеці ствараюцца. Перад намі мастацкая алегорыя на тэму таго, як не істотна зь якіх інтэнцый,мужчына стварае сабе «новае стварэньне», каб дамінаваць і проста валодаць ім. У нашым выпадку стары хірург са зьнявечаным целам і жыцьцём выпадкова знаходзіць цела маладой жанчыны, якая скінулася з маста. Ён даведваецца, што яна цяжарная,а дзіцё ўсё яшчэ жывое ва ўлоньні. І таму ён праводзіць апэрацыю па перасадцы мозгу дзіця ў галаву яе маці і ажыўляе яе.
Каб не раскрываць падрабязкаў гэтага дзіўнага і рытмічнага фільма, можна дадаць, што гераіня Эмы Стоўн, па задуме стваральнікаў, павінна знайсьці сябе, свой шлях у грамадзтве, дзе, як адзначалі вышэй, пануе мужчынская воля. Які пакручасты шлях абрала гераіня – рыхтуйцеся ўбачыць на свае вочы.
Нумар 5. Ла Ла Лэнд (La La Land). 2016
Прыгожы мюзікл Дамьена Шазэла скарыў Амэрыку, а пасьля і ўвесь сьвет. Гісторыя каханьня прынесла Эме Стоўн першы Оскар. А песьня City of Stars дагэтуль займае сваё месца ў сэрцы і плэйлістах рамантычных паненак па ўсёй Зямлі.
Гэта яскравы ліст з прызнаньнем у каханьні Лос-Анджэлесу, мюзікл, які аднаўляе магію залатога веку Галівуду. Аўтары наважваюцца дасьледаваць горкую рэальнасьць мараў, што нараджаюцца ля падножжа Алімпа славы. Эма Стоўн бліскуча выконвае ролю акторкі, якая імкнецца да прызнаньня і вялікіх экранаў. А Раян Гослінг у вобразе джазавага піяніста з такімі ж высокімі марамі. Разам яны ствараюць пару, якая нібы сыйшла з вокладкі часопіса 1920-х гадоў.
Прыгожая, але вельмі салодкая гісторыя з абавязковымі ноткамі драмы і трагедыі.
Нумар 4. Прыслуга (The Help). 2011
Доўгі фільм пра расавыя праблемы, ксенафобію і няроўнасьць – усё што любіць амэрыканская кінаакадэмія. З відавочным прыцэлам на узнагароды Тэйт Тэйлар зьняў якасную экранізацыю рамана Кэтрын Стокет. Усе засталіся задаволеныя: бэстсэлер працягваў папаўніць сьпіс самых папулярных кнігаў сучаснасьці, а кінавэрсія здабыла шэраг статуэтак.
Прызнаемся, па справе. Гісторыя адбываецца ў 1960-я гады на Поўдні ЗША, дзе, падаецца, мала што зьмянілася з Грамадзянскай вайны сто гадоў таму: у дамах багатых белых прыслужваюць небагатыя чорныя. Яны могуць павысіць голас, дазволіць сабе вострае слова, але сутнасьць застаецца ранейшай.
Ці магчымыя перамены ў гэтай праблеме – задаецца пытаньнем рэжысэр. Фільм зроблены паводле ўсіх сучасных законах асьвятленьня балючага пункта ў жыцьці сёньняшняй Амэрыкі.
Нумар 3. Круэла (Cruella). 2021
Рэжысэр Крэйг Гілеспі паспрабаваў вярнуць да жыцьця знакамітую Круэлу – гераіню легендарнай стужкі 1996 года «101 далматынец». Круэла, як вядома, мела напачатку іншае, прыстойнае імя Эстэла. Але амбіцыйная, творчая паненка, якую прыцягвае сьвет высокай моды, каб выжыць, павінна прыняць свой цёмны бок.
Эма Стоўн грае бліскуча, і гэта галоўная вартасьць стужкі. Не тое, каб яе не магчыма было глядзець, але слабасьці карціны не дазваляюць ёй спадзявацца на памяць у стагодзьдзях. Пакуль прайшло ўсяго тры гады, і мы можам са шчырым сумленьнем паставіць фільм дастаткова высока.
Ды і таго ж: хто ня любіць сабакаў, асабліва такіх прыгожых, як далматынцы?
Нумар 2. Фаварытка (The Favourite). 2018
Гістарычны фільм аўтарства грэка Ёргаса Ланцімаса з выбітным акторскім складам: Алівія Коўлмэн, Эма Стоўн, Рэйчэл Уайс. Погляд у жорсткі сьвет брытанскіх каралеўскіх асобаў ХVIII стагодзьдзя з уласьцівым аўтару безкампрамісным асьвятленьнем інтымных падрабязкаў. Знаёмая нам сёньня сістэма карупцыі, блату, паводле якой людзі атрымліваюць выгоды, існавала заўжды. І чым вышэй узровень, тым больш ставак ставяцца на кон.
Галоўная гераіня фільма – маладая арыстакратка ў выкананьні Эмы Стоўн, якая валодае толькі паходжаньнем, але не сродкамі ці ўплывам. Выпадковая падзея пры двары каралевы Англіі ўзносіць яе на вяршыню хвалі. Але каб заставацца там доўга, неабходна рабіць непрыгожыя, вельмі непрыгожыя, нават амаральныя рэчы. Але ў тых, у каго мэта апраўдвае сродкі, ці могуць быць маральныя арыентыры?
Не рэкамендуем глядзець з дзецьмі, яны пазнаёмяцца з каралеўскім брудам самі і пазьней.
Нумар 1. Бёрдмэн (Birdman). 2015
Адзін з маіх улюбёных рэжысэраў з няпростым імём Алехандра Гансалес Іньярыту падараваў выканаўцу галоўнай ролі Майклу Кітану сапраўдны бэнэфіс у стужцы, якая атрымала безьліч узнагародаў, у тым ліку Оскар за лепшы фільм года.
Рэжысэр сьцірае мяжу між рэальнасьцю былой зоркі кіно, якога якраз і грае Кітан, і спектаклем, куды трапляе яго герой.
Эма Стоўн грае дачку галоўнага героя. Яе прысутнасьць у жыцьці бацькі становіцца рэзкім адлюстраваньнем яго ўласнай няўпэўненасьці і нязьдзейсьненых мараў. На схіле гадоў і кар'еры герой Майкла Кітана пераўвасабляцца ў выглядзе супергероя ў тым сьвеце, дзе да супергерояў няма справы. Сам Майкл Кітан выконвае ролю, па сутнасьці, самога сябе: узгадаем, што менавіта ён граў легендарнага Бэтмэна напрыканцы 1980-х і пачатку 1990-х.
Можна жыць з колішняй славай да канца жыцьця, але непазьбежна надыйдзе той самы момант, калі ўсьведамляеш, што яна пакрытая пылам, а тыя, хто памятае цябе супергероем, ужо на могілках ці ў шпіталі лякуюць свой алкагалізм.
Прыемнага прагляду!