Сёстры Псіхеі

22 красавіка ў «Кнігарні ЛогвінаЎ» вядомы даследчык беларускай літаратуры часоў Рэнесансу і барока, доктар філалогіі, а таксама не менш слынны драматург Сяргей Кавалёў прэзентаваў надрукаваны выдавецтвам Ігара Логвінава чарговы зборнік сваіх п’ес — «Сёстры Псіхеі».



7d6548bdc0082aacc950ed35e91fcccb.jpg

22 красавіка ў «Кнігарні ЛогвінаЎ» вядомы даследчык беларускай літаратуры часоў Рэнесансу і барока, доктар філалогіі, а таксама не менш слынны драматург Сяргей Кавалёў прэзентаваў надрукаваны выдавецтвам Ігара Логвінава чарговы зборнік сваіх п’ес — «Сёстры Псіхеі».
Падзея мела выключны характар, бо Кавалёў зараз стала выкладае ва ўніверсітэце Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне і ў Мінск завітаў толькі на тыдзень. Да таго ж, адначасова было прадстаўлена мініяцюрнае падарункавае выданне лірычных вершаў Францішкі Уршулі Радзівіл «Нясвіжскі альбом», падрыхтаванае «Беларускім кнігазборам». І ў той жа самы дзень тэатр Янкі Купалы даваў прэм’ерную пастаноўку Мікалая Пінігіна «Тэатр Уршулі Радзівіл», спектакля з трох п’ес Уршулі — балета “Дасціпнае каханне, оперы “Выкраданне Еўропы і камедыі “Распуснікі ў пастцы, сцэнічную адаптацыю якіх у адну мастацкую дзею таксама выканаў Сяргей Кавалёў.
“Сёстры Псіхеі — чацвёрты зборнік драматургічных прац Кавалёва, названы паводле п’есы, якая сёння паспяхова ідзе на падмостках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, — быў прадстаўлены аўтарам досыць парадаксальна. “Я больш не збіраюся пісаць гістарычныя драмы, — заявіў ён, здзіўляючы публіку, якая ведае пра поспех пастановак яго п’ес як у Беларусі, так і за мяжой.
Фактычна Кавалёў абвясціў пра заканчэнне свайго “тэатральнага праекту, што складаўся з двух накірункаў. Гэта, па першае, п’есы, дзе аўтар “звяртаўся да міфа, у дагістарычную свядомасць, па другое — тэксты, дзе ён “спрабаваў наладзіць дыялог з сучаснасцю, з рэчаіснасцю пасля гісторыі. Кавалёў распачаў праект напрыканцы 1990-х, пабачыўшы, як звужаецца разуменне нацыянальнай драматургіі, абмяжоўваючыся “выключна жанрам гістарычнай драмы, а дакладней, яго прафанацыяй — бясконцым любоўным серыялам у гістарычных касцюмах і з патрыятычнымі лозунгамі. Што і ператварала гістарычную драму ў мастацкі штамп.
З разважаннямі аўтара пра тое, як ён імкнуўся разарваць зачараванае кола, утворанае ўмовамі жыцця ў варунках моўнай рэзервацыі, можна пазнаёміцца ва ўводзінах да зборніка. У яго ўвайшлі дзве п’есы з “міфалагічнага накірунку (“Сёстры Псіхеі, “Пан Твардоўскі), і дзве — з сучаснага (“Інтымны дзённік, дзе вядзецца пра Максіма Багдановіча, і “Вяртанне Галадара). Усе яны прадстаўлены на беларускай сцэне, прычым тры з іх, за выняткам “Пана Твардоўскага, можна ўбачыць у РТБД у Мінску.
Цікавая гутарка разгарнулася ў сувязі з прэм’ерай «Тэатра Уршулі Радзівіл», пастаноўкай, якую Сяргей Кавалёў параўнаў з “рэканструкцыяй святочнага вечара ў Нясвіжскім замку. У спектаклі задзейнічанае цэлае суквецце купалаўскіх актораў — заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў, Георгій Маляўскі, Аляксандр Падабед, Сяргей Журавель і іншыя.


Але справа не толькі ў гэтым. Роля Францішкі Уршулі як драматурга і паэткі апошнім часам сур’ёзна пераглядаецца ў бок значна вышэйшай ацэнкі яе творчага патэнцыялу і ўкладу ў гісторыю культуры Рэчы Паспалітай — сведчаннем чаго манаграфія польскай аўтаркі Барбары Юдковяк, прысвечаная Уршулі Радзівіл — паэтцы (1992). Цяпер, з пастаноўкай яе п’ес, кожны зацікаўлены глядач можа паспрабаваць адказаць на пытанне пра стаўленне да спадчыны “музы Нясвіжа, асабіста пазнаёміўшыся з яе сцэнічным увасабленнем. Наступныя спектаклі — 19, 20 і 29 мая на сцэне Палаца афіцэраў.
Паколькі тэматыка часткі п’ес і пастановак Сяргея Кавалёва звязана з Радзівіламі і Нясвіжам, я пацікавіўся ў даследчыка і драматурга, ці не мае ён намеру прыкласці свае веды ў рэалізацыі тэатральных праектаў у Нясвіжы. Адказ быў станоўчым: паколькі зараз у Нясвіжы хуткімі тэмпамі ідзе абсталяванне замкавай тэатральнай залы, а таксама плануецца прыстасаванне пад тэатралізаваныя дзеі замкавага дзядзінца і балкона, які выходзіць на валы, досвед Кавалёва, відавочна, будзе запатрабаваны.
Свежую кнігу п’ес Кавалёва “Сёстры Псіхеі раю шукаць у “Кнігарні ЛогвінаЎ (пр. Незалежнасці, 37а).