Прысвячэнне вандроўніку Іосіфу Гашкевічу ў Нацыянальным гістарычным музеі
Выстава да 200-годдзя з дня народзінаў Іосіфа Гашкевіча экспануецца ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі, і распавядае пра жыццё і дзейнасць выбітнага беларуса — дыпламата, мовазнаўцы, натураліста, даследчыка Кітая і Японіі Іосіфа Гашкевіча.
Выстава да 200-годдзя з дня народзінаў Іосіфа Гашкевіча экспануецца ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі, і распавядае пра жыццё і дзейнасць выбітнага беларуса — дыпламата, мовазнаўцы, натураліста, даследчыка Кітая і Японіі
Уражвае сваімі прыгодамі і адкрыццямі яскравае жыццё гэтага вандроўніка і навукоўцы-арыенталіста, “Адысэя з Беларусі” (так назваў сваю кніжку пра Іосіфа Гашкевіча расійскі пісьменнік Віталь Гузанаў) і “белавалосага пасланца” (так называлі ў Японіі нашага земляка, бо ён выразна адрозніваўся ад цёмнавалосых да старасці жыхароў “Краіны ўзыходзячага сонца”).
Сын святара, Іосіф Гашкевіч (14.03.1814, вёска Стралічава, былога Рэчыцкага павета, што цяпер ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці — 15.05.1875, маёнтак Малі пад Астраўцом, што на Гродзеншчыне) скончыў Мінскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію, у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне (1839–1849) даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы (усяго ведаў 13 замежных моваў), займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў вялікую калекцыю насякомых. Падчас кругасветнага плавання на фрэгаце "Палада" ў якасці перакладчыка суправаджаў расійскую дыпламатычную місію Яўфімія Пуцяціна ў Японію (1852–1855). 3 удзелам Гашкевіча заключана першая руска-японская дамова — Сімодскі трактат (1855). Па дарозе з Японіі захоплены ў палон англічанамі з прычыны Крымскай вайны, знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі, вярнуўся ў Расію ў 1856 годзе.
Фрагменты экспазіцыі
Першы расійскі консул у японскім горадзе Хакадатэ на востраве Хакайда (1858–1865), выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе. Адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у тым ліку двор правіцеля Японіі — сёгуна ў Эда (цяпер Токіо). Праз два гады пасля вяртання на радзіму выйшаў у адстаўку (1867) і жыў у маёнтку Малі, дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй.
Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-ўсходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч падараваў Заалагічнаму музею Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Выдадзены
ім разам з Тацібана Каосай першы ў Расіі "Японска-рускі слоўнік" адзначаны медалём Пецярбургскай акадэміі навук і Дзямідаўскай прэміяй. Фундаментальнае даследаванне навукоўцы
“Аб каранях японскай мовы” выйшла ў Вільні (1899) ўжо пасля сыходу аўтара ў лепшы свет.
Імем Гашкевіча названыя апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску Чосанман), а таксама вуліца ў мінскім мікрараёне Лошыца. У Беларусі праводзяцца міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі памяці Іосіфа Гашкевіча (Гашкевічаўскія чытанні). Слаўнаму навукоўцу і вандроўніку прысвечаныя музейныя экспазіцыі ў Астравецкай гімназіі № 1 і Мальскім сельскім Доме культуры. У цэнтры Астраўца ўсталяваны бюст Гашкевіча (скульптар Валер’ян Янушкевіч, архітэктар Рычард Груша), у вёсцы Малі — памятны знак выбітнаму земляку (аўтар Рычард Груша). Апроч таго, бюст Іосіфа Гашкевіча (скульптар Алег Комаў) знаходзіцца ў музеі горада Хакадатэ.
Памятны знак Гашкевічу ў вёсцы Малі
Бюст Гашкевіча ў Астраўцы
Выстава працуе па 25 траўня і арганізаваная ў межах мераперыемстваў, прысвечаных 200-годдзю Іосіфа Гашкевіча, якое адзначаецца па ініцыятыве ЮНЕСКА.
За падрыхтоўку экспазіцыі музей выказвае шчырую падзяку амбасадзе Японіі ў Беларусі, дырэктару Музея гісторыі фатаграфіі горада Кракава (Польшча) Мацею Берздорфу, амбасадару Беларусі ў Японіі (1998–2003) Пятру Краўчанку, а таксама даследчыку жыцця і творчасці Іосіфа Гашкевіча, доктару філалагічных навук, прафесару Адаму Мальдзісу.
Фота аўтара