Прыгожы фільм шчаслівага чалавека
У апошні дзень кінафестывалю "Лістапад" быў паказаны фільм Анджэя Вайды "Паслявобразы", прысвечаны беларуска-польскаму мастаку-авангардысту Уладзіславу Стрэміньскаму.
Гэтая карціна — апошні прыжыццёвы фільм майстра — толькі з'явілася ў пракаце, і нават не была яшчэ прадстаўлена ў Польшчы. Усяго адбылося толькі некалькі паказаў у розных кутках свету. Тое, што фільм польскага класіка беларусы пабачаць раней за палякаў, прыемна хвалявала.
Галоўнай інтрыгай было, ці здолеў 90-гадовы рэжысёр зняць сапраўды цікавае, энергетычна-захапляльнае кіно, бо ў такім узросце мы ўвогуле маем вельмі мала прыкладаў рэжысёраў, якія б здымалі (можна згадаць толькі Клінта Іствуда, які ў свае 86 гадоў актыўна ставіць фільмы, і партугальца Мануэля дэ Алівейру, чыя апошняя стужка выйшла, калі яму было 106 гадоў).
У самога Вайды знаходзім прыклады, калі побач з сапраўднымі шэдэўрамі ("Попел і алмаз", 1957 г.; "Вяселле", 1974 г.; "Без наркозу", 1977 г.; "Каханне ў Германіі", 1983 г.) былі фільмы і эстэтычна непераканаўчыя ("Д'яблы", 1987 г. альбо "Пан Тадэвуш", 1999 г.)
Некаторыя прадракалі няўдачу. Маўляў, што можна цікавага зняць у такім узросце?
Атрымалася ж цалкам іначай. Ад першага кадра (сонечная паляна з дрэвамі і ўзгоркамі, дзе Стрэміньскі (геніяльны Багуслаў Лінда) і яго студэнты працуюць на эцюдах) да апошніх кадраў шэрай Лодзі пачатку 50-х гадоў — немагчыма адарвацца ад экрана.
Традыцыйная для Вайды гісторыя яркай асобы, якую забівае таталітарная дзяржава (у гэтым сэнсе фільм стаіць у адным шэрагу з падобнымі ж стужкамі рэжысёра: "Без наркозу", "Дантон", 1982 г.), паказана вельмі жыва, выразна, па-мастацку пераканаўча, без аніякай фальшывай ноты.
Чыста эстэтычна ўражвае наступны кадр. Мастак малюе ў майстэрні свой чарговы абстракцыйны твор. Камера паказвае буйным планам яго палатно. Стрэміньскі хоча пакласці першы мазок, але ў гэты момант палатно становіцца крывава-чырвоным. Уся майстэрня патанае ў колеры крыві. Што здарылася? Што за д'ябальскае чараўніцтва? Аказваецца, на дом мастака навесілі аграмадны чырвоны плакат з выявай Сталіна. Мастак падыходзіць да акна, хапае свой кастыль (наш герой ветэран Першай сусветнай вайны, не мае рукі і нагі) і пратыкае гэты плакат. У дадзеным эпізодзе захапляе не столькі сама драматургія (даволі традыцыйная), колькі тое, якімі шыкоўнымі фармальнымі прыёмамі рэжысёр дасягае эфекту. Гэтая сцэна прымушае прыгадаць падобныя ж эксперыменты са святлом у майстроў фільмаў жахаў Марыё Бава альбо Дарыё Ардждэнта.
Вельмі запамінальная фінальны эпізод. Сцэна смерці мастака. Галодны, невылечна хворы, адрынуты Стрэміньскі, дзякуючы аднаму са сваіх вучняў, знаходзіць працу афарміцеля вітрын. Мастак навешвае шалікі на манекены. Раптам ён губляе раўнавагу. Манекены і ён сам падаюць. Камера паказвае яго цела ў вітрыне. Каля Стрэміньскага ў такой жа паставе ляжыць адзін з манекенаў. Над галавой мастака матляецца, як маятнік, рука аднаго з балванчыкаў. Міма праходзяць абыякавыя людзі.
Праглядзеўшы апошнюю стужку Анджэя Вайды, яшчэ раз адзначаеш ўнікальнасць майстра.
Амаль у кожным сваім фільме Вайда падымае важныя маральна-этычныя і палітычна-гістарычныя тэмы, але ніколі не ператвараецца ў маралізатара. І ў гэтым сэнсе ён па-мастацку больш гнуткі і незвычайны чым яго маладзейшы калега Кшыштаф Занусі.
Героі яго фільмаў не заўсёды сімпатычныя. Гэта — эгацэнтрыкі, максімалісты, ім пляваць на сям'ю, дабрабыт, але яны ніколі не здрадзяць ІДЭІ. І Вайда за гэта іх ніколі не асуджае, а наадварот, глядзіць з замілаванасцю. Гэтая ж замілаванасць перадаецца і нам.
Ён ці не адзіны з вялікіх мастакоў, хто не расчараваўся ў сяброўстве. Многія творцы, як мы ведаем, заканчвалі свой творчы шлях менавіта ў такім расчараванні і бязвер'і ў людзей. Вайда не такі. У яго апошнім фільме Стрэміньскаму дапамагаюць студэнты (нават адзін здраднік з яго вучняў хутка выправіўся і стаў уладкоўваць свайго настаўніка на працы), ад яго не адракаецца дачка і працягвае самазабыццёва любіць (хоць ён і вельмі кепскі бацька), яго кахаюць жанчыны, і нават лепшы сябар паэт Юліяны Пшыбось не здраджвае сяброўству (а што можа быць больш крохкім і непастаянным, як сяброўства паэта?)
Анджэй Вайда — унікальны. Яго фільмы — прыклад, якім можа быць сённяшняе кіно ў нас. Вонкава традыцыйнае, але драматургічна выразнае. Нацыянальна адметнае. Фармальна і эстэтычна захапляльнае.
Яго апошні фільм — пра беларуска-польскага мастака, маглі б зняць і мы.
Толькі ці будзем мы вучыцца? І ўвогуле, ці цікава нашым кінадзеячам стаць хоць крыху адметнымі? Ці з'явіцца ў нас падобныя фільмы, напрыклад пра Язэпа Драздовіча альбо Рамана Семашкевіча?
Анджэй Вайда — шчаслівы чалавек. Ён прыгожа і шмат здымаў. Не ведаў творчых крызісаў і прастояў. Быў вельмі працавіты. І завяршыў свой жыццёвы і творчы шлях вельмі прыгожа, стварыўшы шэдэўр "Паслявобразы".
Фота аўтара