«Патрыятычныя» дзіцячыя пляцоўкі і неаготыка пад тэнтам. Што турысту паглядзець у Слаўгарадзе
Вежа сядзібы Галіцына канца XVIII стагоддзя ў Слаўгарадзе стаіць занядбаная, а дом 1770-х гадоў пабудовы наогул быў знішчаны. Будынак слаўгарадскай пошты ХІХ стагоддзя ў неагатычным стылі мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але замест рамонту яго сарамліва хаваюць ад гараджан. Пры гэтым пляцоўкі на ваенную тэматыку ствараюць нават у дзіцячым парку, а ўваход у музей упрыгожваюць часткамі зброі і савецкімі каскамі.
Замест Дома муз — руіны
У канцы лютага 2021 года ў слаўгарадскім садова-паркавым комплексе знеслі дом другой паловы XVIII стагоддзя. Будынак, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, не меў ахоўнага статусу. Двухпавярховы дом быў пабудаваны ў 1770-х гадах яшчэ за часамі князя Аляксандра Галіцына, які атрымаў тагачасны Прапойск з ваколіцамі ў падарунак ад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ за свае ратныя подзвігі. Жылы будынак быў неад’емнай часткай садова-паркавага комплексу канца XVІІІ стагоддзя. У савецкі час двухпавярховік выкарыстоўвалі пад райвыканкам і нават дабудавалі правае крыло. Працяглы час у ім знаходзіліся кабінеты мясцовага райпо.
Апошнім часам будынак пуставаў і выглядаў закінутым. Тым не менш для Слаўгарада гэта быў унікальны аб’ект, які нават уключылі ў рэестр Нацыянальнага агенцтва па турызме «Архітэктурная спадчына XVІІІ-XІX стагоддзяў каля паштовых дарог».
Незадоўга да знішчэння будынка ў супрацоўнікаў Слаўгарадскага краязнаўчага музея і працаўнікоў культуры горада была ідэя зрабіць з гістарычнага аб’екта Дом муз і перамясціць у яго раённы цэнтр дзіцячай творчасці і дзіцячую школу мастацтваў. Аднак рэалізавана яна так і не была — будынак знеслі.
Гэта падзея ўскалыхнула глыбінку і абурыла мясцовых краязнаўцаў і нават некаторых работнікаў культуры, якія прынялі варварскі ўчынак блізка да сэрца.
Занядбаная вежа сядзібы Галіцына XVIII стагоддзя
У помніку садова-паркавага мастацтва канца XVIII стагоддзя, што быў заснаваны на сутоку рэк Сожа і Проні, знаходзіцца яшчэ адна старая пабудова. Вежа з чырвонай цэглы — адзінае збудаванне, што захавалася ад сядзібы Галіцыных.
На вялікі жаль, з кожным годам стан старой пабудовы пагаршаецца, а яна, натуральна, патрабуе кансервацыйных работ, якія дазволілі б захаваць сённяшні стан аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны горада.
Нагадаем, што пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай імператрыцай Кацярынай ІІ тагачасны Прапойск быў перададзены ва ўладанне расійскаму генералу Аляксандру Галіцыну.Менавіта пры ім быў заснаваны прыгожы парк пейзажнага тыпу. Парк быў прарэзаны трыма ярамі і абмяжоўваўся лясным масівам. Абапал сярэдняга вала была створана сістэма вадаёмаў са штучнымі каскадамі.
Кампазіцыю парку складалі газон, кветнікі, грот, скульптура, тэхнічныя збудаванні. Парк у паўночнай частцы спалучаўся з гарадзішчам, а на месцы старадаўняга замка быў пабудаваны палац, ад якога зараз захавалася толькі цагляная вежа. Сам слаўгарадскі парк на сённяшні дзень пашкоджаны і захаваўся толькі часткова.
Што цікава — ні паркавы комплекс, ні вежа не выступаюць адметнасцямі сённяшняга Слаўгарада. На сайце Слаўгарадскага райвыканкама сярод славутасцей можна ўбачыць археалагічны комплекс Замкавая гара, але вежы і парку там няма, хоць гэтая гарадская лакацыя магла б стаць вельмі пазнавальным і адметным месцам, якое прыцягвала б турыстаў і гасцей Слаўгарада, а мясцовым жыхарам стварала непаўторную атмасферу.
Будынак пошты ў неагатычным стылі, які хаваюць пад банерам
Паштовая станцыя ў мястэчку Прапойск (цяпер Слаўгарад) на старой Варшаўскай шашы была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі другой катэгорыі. Гэта прамакутны аднапавярховы будынак з вялікім унутраным дваром і каменнай агароджай. Вокны і парадныя дзверы аформлены ў неагатычным стылі, над уваходам — металічны казырок на чыгунных ажурных апорах. Сёння пабудова, якая з'яўляецца помнікам архітэктуры, знаходзіцца ў паўразбураным стане і не выкарыстоўваецца.
Уласнікам будынка з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама. Каб схаваць разбурэнні гістарычнай каштоўнасці, на фасад старога будынка быў нацягнуты тэнт. Ён вісіць аж з 2017 года — «з мэтай забеспячэння бяспекі і захавання будынка».
Але якім чынам тэнт можа забяспечыць захаванасць будынка? На сённяшні дзень жыхары Слаўгарада вымушаны глядзець на анучу з малюнкам на фасадзе пошты замест таго, каб глядзець непасрэдна на помнік.
Адзначым, што мясцовая ўлада плануе рэканструяваць гістарычны будынак пад раённы музей у рамках дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гады. Але ці адбудзецца аднаўленне гарадской гістарычнай каштоўнасці, пакажа будучыня.
Шаленства на ваенную тэматыку
Не кожны райцэнтр можа пахваліцца сваімі недарэчнымі і абсурднымі лакацыямі. Але ў цэнтры Слаўгарада іх ажно дзве. Перадусім гэта гарадскі дзіцячы парк у самым цэнтры. Акрамя розных скульптур лясных жывёл, казачных і мульцяшных перасанажаў у ім змешчана тэматычная дзіцячая пляцоўка «Вызваліцелям Слаўгарадчыны прысвячаецца», якая была зроблена з нагоды мінулага так званага Года гістарычнай памяці. Атрымліваецца, што прадстаўнікі «Белай Русі» і мясцовыя дэпутаты зрабілі для слаўгарадскай малечы пляцоўку ў «патрыятычным стылі», на якой з радасцю бавіліся б самі.
На спецыялізаванай пляцоўцы можна ўбачыць чырвоную савецкую зорку, складзеную з пафарбаваных бардзюраў, дзіцячыя мадэлькі кулямёта Максім і машыны ЗІС (Завод імя Сталіна). Побач знаходзіцца сцяна, аформленая ў выглядзе ідэалагічнай насценгазеты з «патрыятычнымі» лозунгамі «Никто не забыт, ничто не забыто», «Беларусь помнит», з выявамі савецкіх салдат і франтавых лістоў.
Не менш арыгінальна ў Слаўгарадзе вырашылі «ўпрыгожыць» уваход на тэрыторыю мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Перад уваходам на тэрыторыю паставілі імправізаванае жалезнае дрэўца з інсталяцыяй — савецкія каскі, фрагменты зброі і снарадаў часоў Другой сусветнай вайны. Дарэчы, будынак слаўгарадскага музея хаваецца за паштовай станцыяй сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якую чамусьці «ахоўваюць» імправізаваныя гарматы.