Пайшоў з жыцця Анатоль Кудравец (абноўлена)

Учора ўвечары 8 мая не стала Анатоля Паўлавіча Кудраўца, празаіка, перакладчыка, сябра Рады Саюза беларускіх пісьменнікаў. Смуткуем і спачуваем блізкім.  



kudravets_anatol.jpg

Развітанне з Анатолем Паўлавічам Кудраўцом адбудзецца ў нядзелю, 11 мая, у Мінску, на вул. Альшэўскага, 12 (УП "Спецкамбінат" КБА), у мемарыяльнай залі № 1, з 12.00 да 14.00. Пахаваюць спадара Анатоля на могілках у Калодзішчах

Анатоль Кудравец нарадзіўся 01.01.1936 г. у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Слуцкую педагагічную вучэльню (1955). Кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). У 1958-1963 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова (з 1961) працаваў у рэдакцыі газеты «Калгасная праўда». Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1965-1966), рэдактарам выдавецтва «Беларусь», доўгі час узначальваў часопіс «Нёман».

Анатоль Паўлавіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, з'яўляўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа за раман «Сачыненне на вольную тэму» (1986) і прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» (2012).

Асноўныя творы

«Раданіца» (1971)
«Дзень перад святам» (1975)
«Зімы і вёсны» (1976)
«На балоце скрыпелі драчы» (1979)
«За чужымі далямі» (1981)
«Сачыненне на вольную тэму» (1985)
Выбраныя творы ў 2 тамах (1986—1987)
«Блакітны вярблюд» (1990)
«Смерць нацыяналіста» (1992)

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”