FSP: арт-пікнік на ўзбочыне Мінска (шмат фота)
У сталічным парку «Дрымлэнд» прайшла галоўная хіпстэрска-лайтовая тусоўка FSP Freaky Summer Party. Адразу можна адзначыць, што змена месца дыслакацыі арт-пікніка (традыцыйна раней ён ладзіўся на Камсамольскім возеры) не сапсавала агульнае адчуванне лаўнджа.
FSP. Дзень першы
Бадзяючыся па дарожках парку, мы пабачылі шмат усялякіх цікавостак.
Перш за ўсё, гэта шматлікія маркеты з рознай драбязой: вось, здаецца, не патрэбныя яна табе, і нават не ведаеш, што гэта і куды прыкласці, але ўсё роўна хочаш.
Каля галоўнай сцэны аматары паказытаць свае нервы (і нервы тых, хто гэта бачыў) мелі магчымасць саскочыць на надзьмуты батут з вельмі прыстойнай вышыні.
Мы высветлілі, што чалавек, які абіраў гэтую забаву, прыходзіў праз тры стадыі: спачатку ён казаў, што гэта зусім не страшна. Другая стадыя — калі ён глядзеў уніз з вышыні, і ў яго пачыналі трэсціся калені. І трэцяя — задаволены твар пасля скачка.
З галоўнай сцэны наўпрост з дыджэйскага пульта даносілася музыка, якая настройвала на адпачынак. Людзі завісалі на стагах сена, елі, абдымаліся, прагульваліся.
Адносна недалёка ад галоўнай сцэны размясцілася месца для дзяцей. Там ім чыталі розныя гісторыі, забаўлялі. А яшчэ там было шмат канструктараў лега. Нейкі хлопец гадоў за дваццаць нават прапанаваў, каб яго пакінулі на гэтай дзіцячай пляцоўцы і забралі напрыканцы фэсту.
Увогуле, на ўсёй тэрыторыі FSP было арганізавана шмат пляцовак з забавамі адмыслова для дзяцей.
А яшчэ на фэсце было шмат сабак. Не, ну а што? Яны таксама хочуць тусавацца!
Пасля ды-джэяў на галоўную сцэну выйшла Аня Жданава, якая добра ўпісалася ў агульную атмасферу свята. У яе лёгкі голас, які гучыць пад ненапружанае музычнае суправаджэнне.
А ў іншым месцы арт-пікніка мы пачулі рытмічныя рытм-н-блюзаўскія матывы.
Калі падышлі бліжэй, то ўбачылі брэйкданс.
Потым мы пацягнуліся на гук барабанаў і ўбачылі людзей з палкамі і мачэтэ ў руках. Гэта школа FICAG танчыла макулеле — афрыканскі баявы танец, і капаэйру — бразільскі від адзінаборстваў змяшаны з танцамі.
Мы зайшлі паслухаць разумных людзей на адукацыйны спот Edutainment. І сустрэлі там заснавальніцу аднаго з вядучых еўрапейскіх фэстаў новай музыкі і гарадской культуры Tallinn Music Week ХэленуСільдну.
Ну, і якое ж фрык-паці без фрыкаў? Эксперыментальны фрык тэатр T(e)=Art паказаў выдатны перфоманс. Днём ён быў даволі спакойным і зусім не страшным. Нават дзеці, якія спачатку крыху баяліся, праз некаторы час сталі ўзаемадзейнічаць з акцёрамі. А вось увечары прадстаўленне стала не такім бескрыўдным, але пра гэта пазней.
Следам за ГаннайЖданавай на сцэну выйшла група 1/2 Orchestra ("Палова аркестра") з духавымі. Людзі падцягнуліся бліжэй да сцэны і пачалі танчыць.
Дарэчы, на тэрыторыі стаяла піяніна, за якое мог сесці кожны. Напрыклад, гэты дзядуля выконваў "The Beatles" песню "Yesterday".
А вось і другое прадстаўленне T(e)=Art. Гэта было крута! Гучала магутнае тэхна, быццам наўпрост з глыбінь пекла, дзе кругласуткавы рэйв. Хлопец бегаў і абліваў сябе чорнай і белай фарбай. Побач катаўся вялікі празрысты куб, усярэдзіне якога быў чалавек, загорнуты ў ліхтарыкі, якія хаатычна зіхацелі.
Хэдлайнерамі першага дня сталі On-the-Go. Расійскі індзі-поп-гурт завяршыў дзень на прыемнай і лёгкай ноце. А самыя моцныя адправіліся тусавацца далей — у "Хуліган".
FSP. Дзень другі
У гэтым годзе фэст расцягнуўся на два дні. Але ў нас паўстала пытанне: а ці варта ці не надакучаць адны і тыя ж забаўкі за два дня?
На адукацыйнай пляцоўцы выступаў Ілля Красільшчык — выдавец праекта meduza.io. Нават на пытанні з першага погляду «ні аб чым», ён даваў цікавыя і абгрунтаваныя адказы.
Потым мы хадзілі ад пляцоўкі да пляцоўкі, зноў наведалі маркеты і фудкорты, і нават саскочылі з вышкі на батут. І раптам задаліся пытаннем: «А што рабіць далей?» І зразумелі, што робім памылку: трэба не думаць, а адпачываць!
У кожнага фэсту павінна быць адметная рыса, і ў FSP яна ёсць — натуральнасць і лёгкасць. Кожны робіць, што захоча, а заняткаў тут шмат: можна паслухаць займальныя гісторыі людзей і пагаварыць з імі на Edutainment, патанчыць пад музыку, паскакаць на батуце, паспрабаваць капаэйру, паглядзець на перформансы і паўдзельнічаць у іх, завесці вялікую колькасць знаёмстваў… І гэта вельмі пазітыўная прыкмета, калі колькасць забавак на мерапрыемстве цяжка пералічыць.
Падчас выступу групы “Intelligency” пайшоў маленькі дожджык. Але большасць гледачоў ён толькі разахвоціў.
Фантазія фрык-тэатра
T(e)=Art зноў здзіўляла. Кожны раз яны дастаюць з кішэні штосьці новенькае.
Увогуле яны бяскрыўдныя, але часам ты ловіш сябе на думцы, што толькі што
пабываў у сярэдзіне трыпа кіслотнага наркамана.
Падчас выступу “Mujuice” хтосьці думаў пра сваё, а хтосьці працягваў адрывацца пад сцэнай. Хоць гэта і дзіўна, як можна скакаць пад такую меланхалічную музыку.
А вось саундчэк гурта-хэдлайнера “Balthazar” быў настолькі доўгім, што можна было б навучыцца граць на варгане.
Калі “Balthazar” пачалі граць, музыка разляцелася па ўсёй тэрыторыі арт-пікніка.
Падсумоўваючы, можна сказаць: FSP расце і развіваецца. Наступным разам варта наведаць гэты фэст. Калі будуць грошы, вядома ж.