Голас Яцэка Качмарскага
Гэты эпізод адбыўся 20 красавіка ля «Кнігарні Логвінаў» у той час, калі сустрэчай з польскім перакладчыкам Набокава Лешэкам Энгелькінгам завяршаўся месячнік польскай культуры, арганізаваны Польскім Інстытутам. Я спытаў прадстаўніка Інстытута, чаму замест спрыяння прыезду ў Беларусь знакавых асоб Інстытут займаецца карыснай, але неабавязковай культурніцкай дзейнасцю. Чаму б не запрасіць Леха Валенсу? “Што вы, — быў адказ, —гэта немагчыма з многіх прычынаў.
Гэты эпізод адбыўся 20 красавіка ля «Кнігарні Логвінаў» у той час, калі сустрэчай з польскім перакладчыкам Набокава Лешэкам Энгелькінгам завяршаўся месячнік польскай
культуры, арганізаваны Польскім Інстытутам. Я спытаў прадстаўніка Інстытута, чаму замест спрыяння прыезду ў Беларусь знакавых асоб Інстытут займаецца карыснай, але неабавязковай культурніцкай
дзейнасцю. Чаму б не запрасіць Леха Валенсу? “Што вы, — быў адказ, —гэта немагчыма з многіх прычынаў. — “Чаму не Яцэк Качмарскі, голас
«Салідарнасці»? — “А вы не ведаеце, ён памёр… Мне зрабілася сорамна.
24 красавіка 2004 года, пад шалёным дажджом, Варшава развітвалася з Яцэкам Качмарскім. Нехта з карэспандэнтаў напіша потым: як Масква развітвалася з Высоцкім пад спякотным сонцам, так Варшава з
Качмарскім — пад дажджом. Знакі прыроды, якія звязалі гэтыя галасы сумлення дзвюх краін, якія былі звязаныя і пры жыцці.
Высоцкі, ажаніўшыся з Марынай Уладзі, нярэдка сустракаўся з ёй пасярэдзіне шляху паміж Масквой і Парыжам — у Варшаве. І амаль заўсёды яны гасцявалі ў кватэры рэжысёра Ежы Гофмана. Таго
самага, які зняў трылогію паводле Генрыка Сянкевіча — «Агнём і мячом», «Пан Валадыеўскі», «Патоп».
А бацькі Яцэка — тата Януш Качмарскі, з 1972-га доўгія гады кіраўнік Саюза Польскіх мастакоў, і маці, Ганна Траяноўская, гісторык мастацтва — ведалі Ежы Гофмана яшчэ з часоў
агульнага для ўсіх траіх навучання ў СССР у другой палове 1950-х гадоў. Так і адбылося, што вясной 1974 года ў кватэры Гофманаў 17-гадовы Яцэк Качмарскі пазнаёміўся з 36-гадовым Уладзімірам
Высоцкім.
Гэта быў той момант, калі студэнт аддзялення паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта зразумеў, што ягонае пакліканне — музыка і сцэна. Пазней ён скажа: «Я зразумеў, якое ўражанне
робіць твар, напоўнены экспрэсіяй, калі артыст выпраменьвае з сябе гэты незвычайны голас. І я падумаў: гэтая роля — для мяне, я хачу гэтак жа перажываць тое, што раблю».
Далей быў дэбют і поспех на Варшаўскай Ярмарцы Спеваў у 1976-м, пераклады і прысвячэнні Высоцкаму, у тым ліку журналісцкая ўзнагарода на Фестывалі песні ў Аполе 1981 года за твор “Эпітафія
Уладзіміру Высоцкаму. У тым самым годзе нараджаліся новыя праграмы: “Музей — паэтычныя прысвячэнні класічным творам жывапісу, што адлюстроўвалі падзеі апошніх
200 гадоў гісторыі Рэчы Паспалітай (у тым ліку карціне Яна Матэйкі “Рэйтан). Праграма “Крык, з асноўным творам у гонар аднайменнай жывапіснай работы Эдварда
Мунка. І, нарэшце, “Муры — знакаміты гімн заранку “Салідарнасці. Апошні, дарэчы, вельмі пасуе сённяшняй беларускай сітуацыі і перакладаўся Рыгорам
Барадуліным разам з Лявонам Баршчэўскім (не цалкам), выкарыстоўваючыся ў якасці гімна забароненага ліцэя імя Коласа. А нядаўна — у поўнай форме — Андрэем Хадановічам, і ў гэтай
форме гучаў 19 снежня 2010 года на плошчы і выконваўся таксама Зміцерам Вайцюшкевічам. Тэкст друкаваўся ў “НЧ 14 студзеня гэтага года.
Ваеннае становішча ў Польшчы заспела Яцэка Качмарскага на гастролях у Францыі, і ў Польшчу спявак не вярнуўся. Яго выступы ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі, ПАР, Ізраілі, большасці краін Заходняй Еўропы
спрыялі падтрымцы справы падпольнай “Салідарнасці на радзіме. З 1984 года ён пачаў весці ўласную перадачу “Квадранс Яцэка Качмарскага на хвалях Радыё
“Вольная Еўропа з Мюнхена. Яго голас здалёк гучаў у Польшчы як голас няскоранага сумлення народа. Як у песнях, так і ў актуальных палітычных каментарах. Ён працаваў на радыё аж да
закрыцця там польскай секцыі ў 1994 годзе, хаця ўжо з 1990-га жыў у Польшчы. А ў 1995-м з’ехаў жыць у Аўстралію, хаця канцэрты на радзіме ніколі не спыняў. У 2002 годзе ў яго дыягназавалі
рак страваводу, але ён адмовіўся ад аперацыі, баючыся страціць голас… Дапамога дабрачыннымі канцэртамі шматлікіх музыкаў, уключаючы добра вядомых у нас “Скальдаў, не
дапамагла. 10 красавіка 2004 года голас сумлення Польшчы назаўсёды змоўк у шпіталі Гданьску.
Чаму Яцэк Качмарскі часта прыгадваецца менавіта зараз? Каб адказаць на гэтае пытанне, дазвольце прывесці яшчэ адзін верш-песню геніяльнага творцы, таксама нядаўна перакладзены Андрэем Хадановічам.
Першая частка песні паўстала 7 мая 1983 года, астатняе дапісана 3 чэрвеня 1987-га.
А ўвогуле, цікава, як пераплятаюцца карані і лёсы тых, хто ментальна і фізічна з’яўляецца нашчадкам Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Высоцкага, унука габрэя з Высокага ля Берасця, Качмарскага з
Варшавы, у жылах якога таксама былі дамешкі габрэйскай і татарскай крыві, і нас, грамадзян шматнацыянальнай Беларусі.
-------------------------------------------------------------------------------------
Наш клас
Раскажы, што з нашым класам? —
Піша Павал з Тэль-Авіва.
Цяжка выжыць гэтым часам,
А тым болей — жыць шчасліва.
Раскажы, што з нашым класам?
Чэсь у шведскім порнаклубе.
Кажа, добра плацяць асам.
Зрэшты, кожны гэта любіць.
Грамадзянамі Канады
Хутка будуць Пётр і Кася,
Ян у Францыі даў рады,
Бася ў Штатах засталася.
Госька з двойняй пад Варшавай,
Цераз месяц будзе трэці.
Час валіць — з такой дзяржавай
Ёй нічога тут не свеціць.
Магда выйшла за мадрыдца,
Што павёўся на цяжарнасць.
А Мацей не змог скарыцца
І памёр за Салідарнасць.
Магда сябравала з Юркам,
Што быў зоркай школьнай сцэны.
Юрка добрым стаў хірургам,
Але брат яго ўскрыў вены.
Філ стаў фізікам, вядома,
І ў Маскве зрабіў кар’еру.
Кожны год бывае дома,
Сябра нашаму прэм’еру.
А Міхась у турмах высах,
Бо не стаў страляць у Стася.
Я ж складаю жыццяпіс іх.
Вось і ўсе, хто быў у класе.
Хтосьці з’ехаў, хтосьці ў Польшчы,
Хтосьці заўтра — у дарогу,
Хтосьці ўжо даўно нябожчык,
Хтось жывы — і дзякуй Богу!
Я збіраў усіх старанна,
Я праводзіў паралелі,
Быццам сыпаў соль на раны,
Раны моцна не балелі.
Сталі жонкамі дзяўчаткі,
Хлопец — дзедам. Хутка фініш.
Маладосць паўзе спачатку,
А пасля яе не спыніш.
Кожны — бог у свае сорак,
Спіць даўно ў сваёй пасцелі.
Нібы ўсе ляцім да зорак,
А ці гэтага хацелі?
Што са мной? Пра што я мару?
Памяць мучае старая,
Быццам мацае іх твары
І ўсляпую паўтарае
Ўсе дзіцячыя абліччы,
А яны — наўцекача.
Я ж чакаю, хто пакліча
Ў хованкі або ў квача…
Прарастаючы паволі,
Кожны цягне што ёсць сілы
Лісце, парасткі і голле
Ад калыскі да магілы,
Каранямі — з таго свету,
Хтосьці ўправа, хтосьці ўлева…
Аж не верыцца, што гэта
Ўсё — адно і тое ж дрэва.