Фестываль аднаго верша ў Мінску

У Літаратурным музеі Янкі Купалы прайшоў фінал “Фестывалю аднаго верша–2010, падзеі, якая чацвёрты год запар робіцца заўважнай з’явай у паэтычнай прасторы Беларусі. Яе нязменнаму арганізатару, Георгію Барташу, загадчыку аддзела паэзіі літаратурнага партала “Точка зрения (www.lito1.ru), гэтым разам удалося прыцягнуць да ўдзелу ў конкурсе 84 намінантаў з Беларусі, Расіі і Украіны.



834a3bd235bca0caa53141f2ebc30438.jpg

У Літаратурным музеі Янкі Купалы прайшоў фінал “Фестывалю аднаго верша–2010, падзеі, якая чацвёрты год запар робіцца заўважнай з’явай у паэтычнай прасторы Беларусі. Яе нязменнаму арганізатару, Георгію Барташу, загадчыку аддзела паэзіі літаратурнага партала “Точка зрения (www.lito1.ru), гэтым разам удалося прыцягнуць да ўдзелу ў конкурсе 84 намінантаў з Беларусі, Расіі і Украіны.
У папярэднія гады ўдзельнікаў было 37, 50 і 51 адпаведна. Зразумела, што на конкурс прадстаўляліся вершы як беларускамоўныя (у тым ліку з Расіі), так і рускамоўныя, хаця арганізатары не супраць запрасіць да ўдзелу і літаратараў, якія твораць па-англійску, па-нямецку, па-французску, па-шведску. Гэта, зрэшты, перспектыва, а рэаліі сённяшняга дня зводзяцца да таго, што ў Мінску ўпэўнена заяўляе пра сябе пляцоўка, дзе чарговы раз здымаецца супрацьстаянне літаратуры на дзвюх паноўных мовах нашай краіны па прынцыпе: галоўнае — якасць.
Сапраўды, на фестывалі было не сумна, пра што сведчыў і перапоўнены гасцямі салон музея і што мацаваў падбор разнастайных па стылістыцы, памерах і форме твораў. Ініцыятыва падобных чытанняў узнікла напрыканцы 1980-х гадоў у Мінскім педуніверсітэце пад кіраўніцтвам Георгія Барташа. Нешта падобнае з сярэдзіны 1990-х адбывалася ў Маскве, дзе літаратурна-публіцыстычны інтэрнэт-часопіс “Точка Зрения: современная литература в Интернете (www.lito.ru) аформіўся як ініцыятыва музыкі Аляксея Каракоўскага з рок-гурта “Проишествие і яшчэ 17 творцаў у 2000 годзе пасля прыкладна 5 гадоў нефармальнага супрацоўніцтва маладых музыкантаў, паэтаў і пісьменнікаў маскоўскага андэграўнда.
Потым былі конкурсы паэзіі, літаратурныя сустрэчы (“Маскоўскія літаратурныя тыдні), поспех якіх натхніў прыхільнікаў інтэрнэт-часопіса ў 2006 годзе стварыць творчыя аб’яднанні ў Маскве, Мінску, Адэсе, Ніжнім Ноўгарадзе, Пецярбургу і Іркуцку. Так і пачаўся мінскі фестываль аднаго верша.
У гэтым годзе рост колькасці ўдзельнікаў арганізатары тлумачаць наступнымі фактарамі: раскруткай інфармацыі праз Жывыя Часопісы сталых аўтараў праекта і падтрымкай Філатаўскім фондам сацыяльна-эканамічных і інтэлектуальных праграм (Сяргея Філатава, былога галавы адміністрацыі Ельцына) з Масквы.
Можа ўзнікнуць пытанне: а хто і як вызначае пераможцаў фестывалю, бо на ім называюць і прызёраў, і лаўрэатаў? Спачатку пра працэдуру: яна прадугледжвае ананімную падачу (пад нік-нэймам) аднаго верша, такім чынам, што сапраўдны кантакт з аўтарам мае толькі арганізатар. У журы ўваходзяць сталыя літаратары, кола якіх вызначылася цягам гадоў пры арганізацыі творчых сустрэч, на якія паэтычная моладзь па ўласным выбары запрашала сталых калег.
У гэтым годзе журы склалі Адам Глобус, Алесь Камоцкі, Андрэй Хадановіч, Віктар Шніп, Вольга Базылёва-Клімко (пераможца конкурсаў 2007 і 2008 гадоў), Дзмітрый Строцаў, Ларыса Рублеўская, Наталля Капа, Сяргей Пукст — паэт і музыка, і Юры Сапажкоў. Далей 10 сябраў журы падаюць свае “галасы і “прызы. Другая намінацыя важнейшая, бо важыць болей і абавязвае “суддзю, у выпадку, калі намінаваны ім кандыдат атрымае большую суму галасоў і прызоў, прадставіць пераможцу публіцы. Блаславіць, так бы мовіць, на творчы шлях у вялікі свет.
Цяпер пра вынікі. Прызёраў (хто атрымаў хоць адзін “прыз) у гэтым годзе 8. Але найбольшая сума — па 1 прызе і 3 галасах — у Міколы Кандратава (нік-нэйм “Язон, Мінск, голас ад Глобуса, прызы ад Сапажкова, Пукста і Капы) і Кірылы Анохіна (“Слонік, Мінск, голас — Строцаў, прызы — Хадановіч, Камоцкі, Глобус).
Іх вершы варта прывесці цалкам:
Мікола Кандратаў

Белыя змеі
паўзуць па скаванай марозам зямлі,
служкі зімнай завеі.
Белыя змеі
шыпеннем сягаюць да голых галін,
снежных дахаў і весніц.
Белыя змеі
замерзлае ссуць малако
з вымя рэк і азёраў.
Белыя змеі
імкнуць паасобку, то цэлым клубком
у халодныя норы.
Белыя змеі
над кожнаю згубленай летам душой
непадзельна ўладараць.
Белыя змеі
шукаюць за позняй начною мяжой
цёплай ахвяры.

Максімальна лаканічны “мініацюрыст Кірыла Анохін
паглядзі на зіму
і ніколі
так
не рабі

Што да аўтара нататкі, то мне найбольш спадабаўся твор, які атрымаў тры галасы, аўтар якога ў выніку ўвайшоў у лаўрэаты. Гэта — Алёна Беланожка (галасы Рублеўскай, Строцава і Глобуса):
Калі ты вымаеш сябе з зімы —
Крыху падсмажанай,
Крыху падснежанай,
Паблытаўшы дзверы жытла й карчмы,
Уваходзіш у дом да мяне, збянтэжанай —
Я выгінаю спіну на тонкім ільне:
Бяры мяне на рукі
І цалуй, і гушкай!
Калі ты вымаеш сябе з мяне,
Мне хочацца
Перавязаць цябе стужкай
І даслаць на Каляды жанчыне, якая
Не размешвае цукар у каве “па сонцы,
Але носіць пярсцёнак і заўжды чакае.
Я вяртаю цябе
Благавернай жонцы.
Яна знойдзе цябе сярод серпанціна
І ляжа побач,
І ўчуе мой пах…
І нічога на скажа,
Бо ты — яе мужчына,
І зойдзецца стогнамі
У тваіх руках.
Львы на халаце заматляюць грывамі,
Задрыжаць іголачкі жытнёвага асця…
Я застаюся сам-насам
Са сваімі рыфмамі.
Я вымаю сябе
З твайго жыцця.

Алёна Беланожка


Што тычыцца наступнага года — фестываль адбудзецца, звычайна адбор твораў пачынаецца ў кастрычніку-лістападзе. Сачыце за парталам і пытайцеся ў сваіх знаёмых маладых геніяў. Не забудзьцеся таксама, што, паколькі конкурс навагодне-калядны, як вы ўжо зразумелі, у вершы-прэтэндэнце абавязкова павінна гучаць тэма зімы.