ЦРУ рассакрэціла 99 дакументаў пра раман «Доктар Жывага»

Цэнтральнае выведвальнае ўпраўленне ЗША (ЦРУ) рассакрэціла 99 дакументаў, якія тычацца рамана Барыса Пастэрнака «Доктар Жывага». 



doctor_zhivago_1965_poster.jpg

У дырэктывах, апублікаваных на сайце ЦРУ, у прыватнасці, сказана, што амерыканская выведвальная служба падтрымлівала выданне кнігі і загадвала апублікаваць яе максімальна магчымым накладам.

Як вынікае з аднаго матэрыялу, датаванага 1957 годам, спецслужбы рэкамендавалі надаць раману Пастэрнака большую ўвагу, чым іншым савецкім творам. Акрамя таго, было адзначана, што «Доктар Жывага» павінен быць прадстаўлены да Нобелеўскай прэміі: гэта дапаможа разбурэнню жалезнай заслоны.

У дырэктывах таксама адзначана, што ЦРУ спрыяла распаўсюджванню і іншых твораў, якія ў СССР знаходзіліся пад афіцыйнай ці негалоснай забаронай. Сярод іх шмат сатырычных твораў і публіцыстыкі.

Раман «Доктар Жывага» Барыс Пастэрнак скончыў у 1955 годзе, аднак савецкія выдавецтва адмаўляліся публікаваць рукапіс як антысавецкі. Упершыню раман быў надрукаваны ў Італіі ў 1957-м. Затым на працягу некалькіх гадоў кніга на розных мовах з'явілася ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі і ЗША.

Праз тры гады пасля напісання рамана пісьменніку была прысуджана Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры з фармулёўкай «за значныя дасягненні ў сучаснай лірычнай паэзіі, а таксама за працяг традыцый вялікага рускага эпічнага рамана». З-за ціску савецкіх уладаў яму давялося адмовіцца ад узнагароды. Праз 30 гадоў яна была перададзена сыну Пастэрнака Яўгену.

lenta.ru