Беларусь, якая чакае. Шляхетны Пінск. Частка ІІ (фота)

Пасля кароткага адпачынку мы працягваем шпацыр па цікавостках прыгожага восеньскага Пінска. Надвор’е змяняецца літаральна на вачах, і сёння пад кубачак гарачай кавы прыгадваем тыя, яшчэ сонечныя і цёплыя, дні.

Пінск. Фота «Новы Час»

Пінск. Фота «Новы Час»


Пачатак падарожжа

Ад пачатку ў гэтым двухпавярховіку панавала адукацыя. Пабудаваная на сродкі маршалка Пінскага павета Аляксандра Скірмунта, дваранская вучэльня адкрылася ў 1853 годзе, а праз 6 гадоў яна была рэфармавана ў сямікласную мужчынскую гімназію — старэйшую на Палессі. Тут навучаліся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман, найвядомейшы архітэктар Іван Жалтоўскі, будучы вучоны і англійскі лорд Ісаак Шонберг і яшчэ шмат выбітных асобаў. У савецкі час тут месцілася гімназія, потым школа, а зараз тут аддзел адукацыі Пінскага гарвыканкама.

А гэты чырвоны цагляны будынак вабіць сваёй прыгажосцю і незвычайнасцю здалёк, і нам каштавала нямала высілкаў адразу не пабегчы да яго, мінуючы іншыя цікавосткі. Так, гэта адзін з найвядомейшых помнікаў архітэктуры горада — дом Орды, пабудаваны на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Навукоўцы не маюць адзінага меркавання наконт ягонай гісторыі: адны лічаць, што дом быў пабудаваны для вядомай асветніцы і дабрачынніцы Леанціны, нявесткі Напалеона Орды, а іншыя ўпэўненыя, што яна не мела да вядомага мастака ніякага дачынення. Адное бясспрэчна — дом вельмі прыгожы, і абмінуць яго падчас наведвання Пінска рашуча немагчыма.

Вось Палац Бутрымовічаў вельмі лёгка абмінуць, бо з боку вуліцы ён падаецца звычайным будынкам, але ж гэта ягоная тыльная частка. Першы камень у падмурак будучага палаца закладалі ў прысутнасці апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1784 годзе. Замовіў будаўніцтва тагачасны буйны палітычны дзеяч Матэуш Бутрымовіч — дзед Напалеона Орды. Падчас Першай сусветнай вайны палац быў разрабаваны — былі страчаны буйныя калекцыі фарфору, габеленаў, паласаў, у тым ліку і значная колькасць твораў Напалеона Орды. У савецкі час тут былі і друкарня, і кінатэатр, і дом піянераў. Пасля рэканструкцыі на пачатку бягучага стагоддзя цяпер тут палац шлюбаў і філіял музея беларускага Палесся.

У 1690 годзе ўладальнікам мясцовых земляў стаў князь Ян Караль Дольскі, які запрасіў на жыццё ў новае прадмесце габрэяў, і хутка яно стала буйным цэнтрам гандлю. Дарэчы, пінскія габрэі кантралявалі гандаль соллю ў маштабах усяго ВКЛ. А прадмесце атрымала назву Каралін (Карлін) і, хоць гэта цяпер ужо частка Пінска, назва засталася, чаго нельга сказаць аб самім Караліне. Сінагога — адзіны будынак, што захаваўся з тых часоў.

Глядзіце таксама

Раней тут быў малітоўны дом рабінаў Перлавых, які пасля пажару ў 1901 годзе нанава адбудавалі ўжо з цэглы. З Караліна паходзяць знакамітая Голда Мэір, ужо прыгаданы намі Хаім Вейцман, нобелеўскі лаўрэат Саймон Кузнец. Каралінскія карані мае і Cтыў Балмэр — адзін з заснавальнікаў Microsoft.

Чарговы вельмі цікавы помнік — Свята-Варварынскі сабор, «праваслаўнае паходжанне» якога з першага погляду выклікае сумневы. І не дарэмна. У 1705 годзе на гэтым месцы быў заснаваны кляштар бернардзінцаў, а ў 1712-м з’явіўся драўляны Касцёл Архангела Міхаіла, які быў перабудаваны ў 1787 годзе. Пасля паразы паўстання 1830 года касцёл быў пераданы праваслаўнай царкве, а манастыр бернардзінцаў закрыты. Пасля рэканструкцыі будынак стаў саборам Святой Варвары і дагэтуль з’яўляецца вельмі папулярным у вернікаў і турыстаў. Дарэчы, менавіта тут у 1913 годзе вянчаліся Якуб Колас і Марыя Каменская. А ў былым жылым памяшканні кляштара бернардзінцаў побач з саборам цяпер анкалагічны дыспансер.

Невялікі касцёл непадалёк ад сабора Святой Варвары амаль не прываблівае турыстаў сваімі памерамі і вонкавым выглядам, але ж з’яўляецца сапраўды ўнікальным помнікам у маштабах усёй краіны. Справа ў тым, што касцёл Святога Карла Барамея — адзіны на тэрыторыі ВКЛ храм барталамітаў, ці, як іх яшчэ называлі, «камуністаў». Так, у Сярэднявеччы існавалі і камуністы! Будаванне храма працягвалася з 1770 па 1782 год, пры касцёле існавала абшчына (не манастыр, бо чальцы не давалі манаскіх зарокаў!), у якой рыхтавалі будучых святароў-барталамітаў. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя суполка «камуністаў» прыйшла ў заняпад, касцёл некалькі разоў пераасвячалі і ў савецкі час закрылі. Пасля рэстаўрацыі цяпер у ім месціцца канцэртны зал з электронным арганам. Не прыжыліся «камуністы» на нашай зямлі, і гэта гістарычны факт...

Самы час пашпацыраваць па вельмі прыгожай набярэжнай — адным з улюбёных месцаў адпачынку пінчукоў — і на свае вочы пабачыць месца злучэння Піны і Прыпяці. Павольна крочым, атрымліваем асалоду ад смачнага восеньскага паветра і прыгожых пейзажаў. Часам можна трапіць на водную экскурсію на прагулачным караблі, але трэба, каб жадаючых было не меней за 30 чалавек. Не атрымалася гэтым разам — будзе нагода вярнуцца яшчэ!

Канешне, мы не маглі не завітаць да яшчэ адной пінскай цікавосткі. Менавіта ў гэтым доме ў Пінску жыў Якуб Колас з жонкай Марыяй, і тут у іх нарадзіўся першынец Даніла. А працаваў у той час беларускі пясняр у прыходскай вучэльні непадалёк.

Наступнае месца не зусім турыстычнае і не абавязковае для наведвання гасцямі горада, але мы вырашылі завітаць сюды, каб ушанаваць памяць людзей, без намаганняў якіх Пінск не стаў бы такім адметным і прыгожым месцам нашай краіны. На старых пінскіх могілках знайшлі свой апошні прытулак каталікі, праваслаўныя, габрэі, ахвяры абедзвюх сусветных войнаў. Тут пахаваны прадстаўнікі вядомых і ўплывовых сямей Скірмунтаў, Жалтоўскіх, Ордаў і іншых. Вечны спакой дай ім, Божа!

Дарэчы, вельмі цікава падчас вандроўкі па горадзе глядзець на старыя адна- і двухпавярховікі. Пінскія будынкі і будыначкі вельмі прыгожыя нават у не вельмі добрым стане і вартыя вашай асобнай увагі.

Нашае чарговае падарожжа падышло да фіналу, ногі адчуваюць стому, але было б злачынствам у такі выдатны восеньскі вечар дзесьці «прызямліцца», а таму ідзем на традыцыйны завяршальны шпацыр па Пінску, падчас якога пачынаем будаваць планы новых маршрутаў. А можа, у вас ёсць што параіць? Чакаем прапановаў!


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.