Анатоль Тарас: “Я пішу хутка…”
У Гістарычнай майстроўні на вуліцы Сухой у Мінску адбылася прэзентацыя чарговай, дзевятай, кнігі з серыі “Неизвестная история. Куратарам, кіраўніком і адным з аўтараў яе з’яўляецца вядомы былы савецкі суперагент Анатоль Тарас.
У Гістарычнай майстроўні на вуліцы Сухой у Мінску адбылася прэзентацыя чарговай, дзевятай, кнігі з серыі “Неизвестная история. Куратарам, кіраўніком і адным з аўтараў яе
з’яўляецца вядомы былы савецкі суперагент Анатоль Тарас.
Пачаўшы з 1992 года выдаваць часопіс “Кэмпо: боевые искусства вчера и сегодня, Тарас апошнімі гадамі не менш рашуча бярэцца за падрыхтоўку гістарычных і паліталагічных выданняў,
якія пякуцца хутка, бы піражкі. Ядомасць прадукцыі розная: “История имперских отношений: белорусы и русские. 1772–1991, дзякуючы ўдзелу ў працы шэрагу
спецыялістаў-даследчыкаў, успрымалася станоўча, нягледзячы на балючасць узнятай праблематыкі і спробы дзяржавы не дапусціць выхаду кнігі.
Прадстаўленне дзевятага выдання серыі “Научный антикоммунизм и антифашизм. Популярный компендиум таксама адбывалася з помпай і прэтэнзіяй на стварэнне
“суперкнігі, якую дэманстравалі сааўтары — Анатоль Тарас і Аляксандр Грыцанаў. Каб не ўзнікала сумненняў у сур’ёзнасці працы, побач з прозвішчамі калег па пяру
пазначаны іх навуковыя рэгаліі — кандыдатаў педагагічных і філасофскіх навук адпаведна.
Аўтары патлумачылі, што ў такой краіне, як Беларусь, кніга, задуманая як люстэркавы адказ на колішні абавязковы курс ВНУ па “навуковым камунізме, мае асабліва важнае значэнне. Гэта
навукова-культурная правакацыя, якая прымусіць грамадства думаць, прапанаваўшы выклад таталітарнай ідэі — ад “трацкізму-ленінізму, праз яго рэвізію ў сталінізме і да
фашызму і нацыянал-сацыялізму, які аўтары разглядаюць як “недаразвіты камунізм. Атакуючы прысутных кідкімі вызначэннямі кшталту “камунізм — прыродны стан
маргіналаў, Тарас дэклараваў, што кніга адрасуецца “нармальным людзям, бо спрэчкі па ідэалагічных пытаннях, як і па нацыянальных, не маюць карысці. Тым болей што
маргіналізаваная большасць і так не чытае кнігі.
Заявіўшы, што яны “ствараюць кнігі хутчэй, чым некаторыя пішуць лісты, аўтары ўсё ж такі прызналі кампілятыўны характар выдання, бо яны “сціпла выцягнулі разумнае з
разумных кніг. Кніга сапраўды нагадвае кампіляцыю звестак па гісторыі калектывісцкіх ідэй, пачынаючы ад антычнасці, і іх крытыкі расійскімі і заходнееўрапейскімі філосафамі ХХ стагоддзя. А
таксама кароткае выкладанне ідэй і сацыяльных практык ленінізму-сталінізму, італьянскага фашызму і нямецкага нацыянал-сацыялізму з вывядзеннем кідкіх паралеляў у іх інстытуцыянальным увасабленні і
дзейнасці іх правадыроў. Скажам, пра канцлагеры, душагубкі, сістэму прапаганды.
Тэзіс Тараса пра тое, што свае кнігі ён піша найперш для беларусаў, адразу выклікаў пытанні што да расійскай мовы выдання (зрэшты, традыцыйнай мовы серыі), так і да вялікага бібліяграфічнага спісу,
дзе, за выключэннем адной беларускай пазіцыі, усе астатнія — рускія. Не прыгадана і багатая еўрапейская бібліяграфія прадмета. Рускую мову выдання Аляксандр Грыцанаў патлумачыў жаданнем
прапанаваць кнігу “для шырокага кола людзей, маўляў, так з ёй азнаёміцца больш чытачоў, а ігнараванне заходніх крыніц — тым, што рускамоўны чалавек успрымае такія спасылкі
як “выпендрыванне.
Прысутныя на прэзентацыі гісторыкі Захар Шыбека і Кузьма Козак, адзначыўшы вялікі аб’ём працы і значэнне дэканструкцыі камуністычнай ідэі ў беларускім кантэксце, звярнулі ўвагу на вялікую
колькасць дробных факталагічных памылак у кнізе. Гэта не засмуціла аўтараў, якія працягнулі дзяліцца грандыёзнымі планамі — ні больш ні менш як “перакуліць свядомасць
беларусаў.
“Лукашэнка ўжо агучыў мой тэзіс: “Масква — галоўны вораг Беларусі, дойдзе і да іншых, — рэзюмаваў Тарас. Галоўнае — “закідаць
ідэі ў інфармацыйную прастору. У бліжэйшы час паабяцана закрануць самую табуізаваную тэму найноўшай гісторыі — партызанскі рух у Беларусі, а таксама тэму сацыялістычных
перакананняў “айцоў БНР, якія і перадвызначылі праблемы нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі ў першай трэці ХХ стагоддзя.