«Адушаўлёнае маўчанне» на фотаздымках Барыса Равіча
З 17 студзеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе працаваць выстава ізраільскага фотамастака Барыса Равіча «Вера. Людзі. Краіны».
Выстава стала вынікам падарожжаў, роздумаў, пільнага і творчага асэнсавання жыцця і веры чалавечай.
Рэлігія – частка культуры, важны ідэалагічны складнік жыцця грамадства. Вялікі рускі паэт Восіп Мандэльштам лічыў, што культура – гэта і ёсць цывілізацыя, а значыць, зразумець свет можна, толькі ўважліва і сур’ёзна даследуючы ўсе аспекты культуры. Хрысціянства, іудаізм, іслам – гэтыя рэлігійныя гіганты імкнуцца завалодаць душамі, становяцца прычынай войнаў, вакол іх ламаюцца дзіды і грукочуць трубы. Яны натхняюць, трактуюць, загадваюць, яны на сцягах – і ў кнігах прапаведнікаў і прапагандыстаў.
Анры Карцье-Брэсон неяк напісаў пра тое, што фатаграфія мае дачыненне да самай тонкай матэрыі – жывой карціны часу, якая несупынна сыходзіць у безаблічную вечнасць.
Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з персанальнай выставай фотаработ Барыса Равіча, якая была разгорнута ў Маскве, у музеях Мінска, Гомеля і Гродна. Час захаваны на фотаздымках, якія нарадзіліся ў Вене, Мінску, Тбілісі, Барселоне, Парыжы. Барыс Равіч – уладальнік прэміі Гаўдзі, прыза міжнароднай кампаніі «Оранж», прэміі Булата Акуджавы, медалёў і дыпломаў больш за 500 міжнародных выстаў (у тым ліку ў Токіо, Мадрыдзе, Ташкенце, Фларэнцыі, Браціславе). Вядомы фатограф працуе вялікімі серыямі («Тэрор», «Лаўка», «Людзі і храмы», «Жанчына ў вялікім горадзе»).
Пісьменнік Міхаіл Юдсон адзначыў, што гэтыя фатаграфіі ўвасабляюць «адушаўлёнае маўчанне».
Выстава працуе па 3 лютага 2020 года.