Жыхарка Брэста прыгавораная да 160 гадзін грамадскіх работ за жорсткае абыходжанне са шчанюком
Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 верасня вынес прысуд 54-гадовай мясцовай жыхарцы, якая нідзе не працуе, за жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое выклікала яе гібель.
Як паведаміў БелаПАН памочнік пракурора Брэста Ягор Кронда, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па справе, 31 мая прыкладна а 19.00 жанчына выкінула шчанюка з акна кватэры на другім паверсе, дзе жыве разам са сваім сужыцелем і яго братам-інвалідам.
Жывёла ўпала на асфальт і загінула. Гэта ўбачылі суседзі, якія знаходзіліся ў двары, і паведамілі ў міліцыю.
У ходзе следства і на судовым пасяджэнні жанчына заявіла, што каля 17.00 прыйшла дадому і ўбачыла шчанюка, якога яе сужыцель у гэты дзень падабраў на вуліцы. Паколькі шчанюк не слухаўся, скуголіў і блытаўся пад нагамі, яна выкінула жывёлу з акна.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай па ч. 1 арт. 339-1 КК і прыгаварыў да 160 гадзін грамадскіх прац.
Абвінавачваная раскаялася ў зробленым і заявіла, што любіць жывёл. Прычыну свайго ўчынку яна патлумачыла станам алкагольнага ап'янення, у якім знаходзілася, і крыўдай на сужыцеля, які ў гэты дзень не даглядаў брата-інваліда.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
Як ужо паведамляў БелаПАН, 30 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска пачаўся судовы працэс у дачыненні да жыхара сталіцы Аляксандра Радкевіча, які абвінавачваецца ў хуліганстве і жорсткім абыходжанні з жывёлай. Улетку 2016 года ён забіў шчанюка свайго сына і выкінуў труп на лесвічную пляцоўку.