Заданні ЦТ па матэматыцы «сплылі» ў тэлеграм-каналы
Пасля ЦТ па матэматыцы 21 чэрвеня фота з яго заданнямі з'явілася ў адным з тэлеграм-каналаў, дзе абітурыенты абмяркоўваюць тэставанне. І гэта пры тым, што прыносіць мабільнік на ЦТ і карыстацца ім забаронена: за гэта выдаляюць з іспытаў.
ЦТ па матэматыцы ўчорашнія школьнікі здаюць два дні. Тыя, хто здаў яго ў першы дзень, хвалююца: калі заданні будуць падобныя, то наступная партыя абітурыентаў апынецца ў выйгрышных умовах, піша Еўрарадыё са спасылкай на партал, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў (РІКВ) ведаюць пра гэтую сітуацыю. І кажуць, што раней падчас ЦТ такіх выпадкаў не было.
Разам з тым спецыялісты супакойваюць, што заданні ва ўсіх розныя, таму абітурыенты будуць у роўных умовах.
Сёлета на ЦТ па матэматыцы запісалася каля 33,8 тысячы чалавек.