Выкладчыкі, вы ўпэўненыя, што сёння можна прамаўчаць?

У панядзелак 9 лістапада выкладчыкі БДУ выклалі ў сеціва глыбокi і праніклівы відэазварот да сваіх калег, дзе заклікалі не мірыцца з несправядлівасцю, якая адбываецца ў краіне, захаваць той дух свабоды, без якога немагчыма ўявіць сабе прастору ўніверсітэта.

image5f71b34f387a0lg_1_1_1_1434310112020.jpeg


Шчыра прызнаюся: калі ў верасні я бачыла першыя відэазвароты выкладчыкаў вядучых мінскіх ВНУ, гэта выклікалa ў мяне змяшаныя пачуцці. З аднаго боку, я гатовая была падпісацца пад кожным словам, якія прамаўлялі мае калегі (цяпер ужо былыя), з другога — мяне не пакідала адчуванне, што гэтага мала. Я глыбока перакананая: калі ты маеш нейкае дачыненне да універсітэту, у тым выпадку, калі сёння затрымліваюць студэнта або выкладчыка, заўтра ты павінен выйсці і заняць яго месца на маршы, yстаць у ланцуг салідарнасці, yзяць удзел у пікеце. Безумоўна, пры гэтым я разумею, што кожны вольны зрабіць свой выбар сам.

Але сёння я мяркую, што паставіць свой подпіс пад зваротам у абарону правоў і свабодаў — гэта таксама ўжо крок. Адкрыта выказацца на універсітэцкім сходзе — гэта ўжо рашэнне. Не падпісаць дакументы на адлічэнне студэнта — гэта ўжо ўчынак. І асабліва добра гэта прыкметна на прыкладзе пераважнай большасці рэгіянальных ВНУ, дзе ў агульным нядрэнныя выкладчыкі і добрыя людзі масава абіраюць пазіцыю «як бы чаго не здарылася».

А зараз — рэальныя гісторыі. Не, не для прыкладу. Круг чытання універсітэцкіх выкладчыкаў па вызначэнні надзвычай шырокі, і наўрад ці ў тых кнігах, якія яны чыталі, баязлівасць абвяшчалася вышэйшай доблесцю, а ўласны дабрабыт — адзінай каштоўнасцю. Гэта, як прынята казаць, «інфармацыя да разважання».

Першая гісторыя адбылася ў пачатку мінулага стагоддзя ў Расійскай імперыі. У студзені 1911 года Савету Маскоўскага ўніверсітэта былі прадстаўлены прапановы Міністэрства народнай асветы па рэалізацыі пастановы Савета міністраў аб часовай забароне студэнцкіх сходаў і аб выпрацоўцы мер для ўстанаўлення пільнага нагляду за поглядамі навучэнцаў. Згодна з гэтым распараджэннем у сценах універсітэта дазваляліся выключна сходы навуковага характару, а палітычныя пазіцыі студэнтаў павінны былі быць узятыя пад найстражэйшы кантроль.

Навучэнцы адказалі на такое рашэнне масавымі сходкамі, дзе прынялі рашэнне аб пачатку студэнцкай забастоўкі. Па просьбе адміністрацыі ва універсітэт была ўведзена паліцыя. Рэктар Маскоўскага універсітэта прафесар А. Мануйлаў заявіў, што «становішча, якое склалася ва універсітэце, робіць цалкам немагчымым колькі-небудзь правільны ход навучальных заняткаў, а <...> для адміністрацыі — выкананне ўскладзеных на яе абавязкаў». Рэктар, яго памочнік і прарэктар падалі ў адстаўку. Праз некалькі дзён у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі ўрада сышлі 130 прафесараў і прыват-дацэнтаў.

Аналагічныя сітуацыі склаліся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце, у Данскім інстытуце, у Томскім універсітэце. «Нядобранадзейныя» выкладчыкі былі замененыя «добранадзейным». Каласальнае падзенне ўзроўню адукацыі цікавіла ўрад менш за ўсё.

Падзеі другой гісторыі адбыліся ў Нарвегіі ў 1942 годзе. Калі ў перыяд Другой сусветнай вайны Нарвегія была акупаваная Германіяй, міністр-прэзідэнт Відкан Квіслінг пачаў рэалізацыю плана выбудоўвання карпаратыўнай дзяржавы. Першую карпарацыю, па яго задуме, павінны былі скласць настаўнікі, якім было прапанавана ўступіць у створаную ў краіне новую арганізацыю выкладчыкаў. Сяброўства ў арганізацыі з’яўлялася неабходнай умовай для працы ў сістэме адукацыі.

Каля 10 тысяч нарвежскіх выкладчыкаў паставілі свае подпісы пад зваротам да Дэпартамента адукацыі, у якім гаварылася, што яны не могуць «разглядаць сябе ў якасці членаў новай арганізацыі выкладчыкаў». Урад у адказ на гэта прыпыніў працу ўсіх школы краіны на месяц і прыстрашыў настаўнікаў звальненнем. Дзясяткі тысяч лістоў пратэсту ад бацькоў паступалі на адрас уладаў. Настаўнікі ж працягвалі весці заняткі са сваімі вучнямі нелегальна.

Наступным крокам урада стаў арышт каля тысячы настаўнікаў. Калі іх везлі да месца заключэння, дзеці збіраліся на чыгуначных станцыях па ходзе руху эшалона і спявалі у гонар настаўнікаў. Выкладчыкі, якія засталіся на волі, па-ранейшаму рашуча адмаўляліся ад членскіх білетаў новай арганізацыі.

«Вы, настаўнікі, сапсавалі мне ўсё!» — крычаў Квіслінг падчас візіту ў адну са школ. Неўзабаве быў выдадзены загад аб вызваленні арыштаваных выкладчыкаў: праз восем месяцаў яны вярнуліся дадому, дзе іх чакаў трыумфальны прыём. Новая арганізацыя выкладчыкаў так ніколі і не была створана.

За адзін 1928-29 навучальны год з БДУ было звольнена 32 выкладчыка, з іх — 7 прафесараў: вырашалася задача па замене буржуазнай прафесуры. У 1930-м быў абвінавачаны ў дзейнасці па ажыццяўленню планаў інтэрвенцыі супраць СССР і беларускім буржуазным нацыяналізме і арыштаваны вядомы гісторык У. Пічэта — першы рэктар БДУ.

У канцы 1920-х і ў 1930-я гады у ходзе барацьбы з «нацдэмаўшчынай» і «ухіламі ў партыі» выкладчыкі і студэнты БДУ масава аб'яўляліся «ворагамі партыі і народа» і былі рэпрэсаваныя. У 1937 годзе быў арыштаваны і неўзабаве расстраляны дэкан гістфаку акадэмік В. Шчарбакоў, якому было прад'яўлена абвінавачанне як «нацыянал-фашысту» і «шпіёну».

<…>

Мы не вырылі ў трыццаць сёмы,

не не глядзелі ў твар Курапатам,

мы, стаміўшыся, спалі дома –

і да нас пагрукаў дваццаты

(Наста Кудасава «Мы любілі замкнуцца дома…»)


Больш за тысячу затрыманых у нашай краіне 8 лістапада.

На наступны дзень на ганак Інстытута гісторыі Акадэміі навук людзі выйшлі з плакатамі, на якіх было напісана «Гісторыкі супраць рэпрэсій», «1937 = 2020».

У 2020 годзе чытаем на старонках газеты «Беларусь Сегодня»: «...правоохранителям понадобилось всего несколько часов, чтобы очистить город от откровенной мрази. Как всегда, сработали ювелирно».

Выкладчыкі, па азначэнні — людзі, якія чытаюць. Можа, тым, хто да гэтага часу толькі моўчкі прабягае вачыма радкі, час выказацца?


Наталля Суслава — выкладчыца гомельскага ўніверсітэту, удзельнічала ў акцыях пратэсту, якія праходзілі ўвосень у Гомелі. Пасля затрымання міліцыяй яе пакаралі арыштам на 8 дзён. Затым яе зноў затрымалі, і зноў пакаралі арыштам. 10 чарговых дзён яна прабыла ў ізалятары Буда-Кашалёве. Суслава напісала заяву пра далучэнне да страйку і была звольненая з вну. Вядома, што выкладчыкі ўніверсітэту і студэнты рыхтавалі калектыўныя лісты да рэктарату з просьбай не звальняць выкладчыцу.