Вячорка: Працуем над праектам «Мільён віз для беларусаў»

Дарадца лідара дэмсіл Франак Вячорка заявіў ў ютуб-канале «Мне тоже не нравится», што Офіс Святланы Ціханоўскай працуе над праектам «Мільён віз для беларусаў», але з ім ёсць складанасці. Вячорка патлумачыў, чаму беларусам важна мець магчымасць ездзіць у Еўропу і як Офіс даносіць гэту пазіцыю на Захадзе.

36b2e597efecf31082a090b2e5efe5ef.jpg

— Мы прабіваем тэму, каб у год быў мільён віз для беларусаў. Гэта ўзровень, які быў да рэвалюцыі і вайны. Вядома, цяпер гэта выглядае нерэалістычным, але для гэтага трэба імкнуцца, — цытуе Вячорку «Салідарнасць». — Таксама прабіваем, каб амерыканскія візы выдавалі на тры гады, а не на адзін.

Ёсць праблема ў людскім рэсурсе ў у консульствах. У літоўскім і польскім працуе некалькі чалавек, якія могуць падпісваць візы. Нямеччына, Італія, Іспанія выдаюць шмат, але гэта недастаткова. Многія працуюць праз агенцтвы, якія павышаюць кошт віз. Таксама праблема — расійцы, якія праз беларускія консульствы спрабуюць атрымаць візу.

Вячорка лічыць, што важна захоўваць сувязь паміж тымі беларусамі, якія выехалі з краіны і тымі, хто застаўся.

— Для дэмакратычнага руху вельмі важна, каб была магчымасць дастаўляць нейкую дапамогу, камунікаваць, запрашаць тых, хто ўнутры Беларусі.

Другі момант — гэта сувязі з Еўропай. Нават калі людзі едуць па турызме, лепш хай яны едуць у Рым, Берлін і Парыж, чым у Самару і Мурманск. Каб людзі інтэграваліся, адчувалі сабе часткай еўрапейскай цывілізацыі.


Глядзіце таксама

Таксама мы выкарыстоўваем аргумент, што калі мы ўводзім аднолькавыя абмежаванні супраць рэжыму і людзей, мы такім чынам кансалідуем лукашэнкаўскі рэжым з людзьмі.

Мы дазваляем рэжыму казаць: бачыце, яны адгароджваюцца ад вас. Гэта не я вінаваты, а яны. А калі Захад, наадварот, уводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі, але запрашае беларусаў, тады мы раздзяляем рэжым і шырокія пласты беларускага грамадства.

Дарадца Ціханоўскай таксама адзначыў, што вельмі важна, каб выдаваліся студэнцкія візы.

— Зараз упершыню колькасць студэнтаў, якія паехалі вучыцца ў Расію большая, чым у Еўрасаюз. Упершыню, напэўна, за апошнія гадоў 20. І гэта кепская тэндэнцыя.

Праз пяць гадоў усе іх кантакты будуць расійскія, сувязі расійскія, мысленне расійскае. Таму ўскосна гэта ўплывае. Чым менш кантактаў і віз з Еўропай, тым больш кантактаў будзе з Расіяй.

«Трэба, каб беларусы зразумелі, адкуль узнікаюць дыскамфорт і праблемы, — перадае словы Вячоркі прэс-служба Святланы Ціханоўскай. — Яны ўзнікаюць не таму што Еўрасаюз кепскі, а таму што рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб такія праблемы ўзнікалі».

«Беларусы, якія выехалі, павінны праяўляць сябе, паказваць падтрымку Украіне, выходзіць у грамадскасць. Для замежных палітыкаў гэта мае значэнне, калі нас мала відаць. Вялікая адказнасць на нас, на тых, хто ў выгнанні, на беларускіх дыяспарах: быць больш заўважнымі, больш працаваць з палітыкамі, — адзначыў дарадца. — Як толькі мы перастанем рабіць міжнародную дзейнасць, нас вельмі хутка запішуць у адзін кошык з расіянамі».