Ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага беларускага канала «Беларусь 24»
Ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага беларускага канала «Беларусь 24». Такое рашэнне прыняла Нацыянальная рада Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання.
Рэтрансляцыя ва Украіне тэлеканала «Беларусь 24» была дазволеная з ліпеня 2015 года.
Пад забарону тэлеканал трапіў за размяшчэнне ў эфіры «аўдыявізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі
Украіны, і фільмаў з удзелам акцёраў, унесеных Міністэрствам культуры і
інфармацыйнай палітыкі ў пералік асоб, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы
дзяржавы».
Сябра Нацрады Максім Аанапрыенка адзначыў, што раней
напаўненне тэлеканала адрознівалася ад іншых праўладных беларускіх, бо гэта ўсё
ж міжнародная версія. Аднак апошнім часам украінскі маніторынг выявіў парушэнні
заканадаўства.
У прыватнасці, на тэлеканале паказвалі праграмы з удзелам
Алега Газманава, Барыса Шчарбакова і Вольгі Кармухінай, унесеных у спіс
забароненых ва Украіне.
«Акрамя таго, у эфіры тэлеканала «Беларусь
24» зафіксавана трансляцыя перадачы «Панарама». У сюжэце ад 21 мая пад назвай «Украінскі след у спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» гучалі абразлівыя выказванні на адрас батальёна «Данбас», які ў
складзе нацыянальнай гвардыі абараняе тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы
ад расійскай ваеннай агрэсіі (ваеннае фармаванне было названае «карным
батальёнам»).
У іншым сюжэце ад 22 мая пад назвай «Зяленскі
адмовіў рускім у праве лічыцца карэнным народам» распаўсюджвалася
недакладная інфармацыя, якая дэзынфармуе аўдыторыю. У гэтым паведамленні гучалі
абвінавачванні наконт адмовы ва Украіне на заканадаўчым узроўні бараніць правы нацыянальных
меншасцяў з-за беспадстаўнага атаясамлення катэгорый «нацыянальная
меншасць» і «карэнны народ». Такі кантэнт змяшчае элементы
распальвання нацыянальнай варожасці», — заяўляюць у Нацрадзе.
Паводле «Еўрарадыё».