Увесь Мінск гудзіць. Рэвалюцыя надзеі трывае (відэа)
14 ліпеня жыхары многіх гарадоў Беларусі выйшлі на пратэсты супраць нерэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнства. Пратэсты і наступныя затрыманні пачаліся а 18-й і працягваюцца аж да ночы.
Увечары 14 ліпеня цэнтр Мінска сустрэў перакрытым праспектам Незалежнасці, аўтазакі курсуюць узад-уперад, але людзі настроеныя рашуча. Аўтамабілісты сігналяць, людзі апладуюць. Здаецца, што ўвесь Мінск гудзіць – ён паўстаў.
Упершыню з часоў “Плошчы” адчуваецца неверагодная салідарнасць мінакоў. Многія апладуюць, нават жабракі добразычліва падтрымліваюць пратэст, вітаюцца. Ствараецца ўражанне сапраўднай рэвалюцыі.
Па ўсім праспекце гойсае нібы патруль рэвалюцыі – калоны з сотняў раварыстаў. Нават адзіночных раварыстаў вітаюць сігналамі аўтамабілісты.
Людзей не спыняе нават прысутнасць аўтазакаў, якія ўвесь час курсуюць па горадзе. Людзі настроеныя вельмі рашуча, ствараецца ўражанне, што ўвесь народ з табою. Нават мінакі з дзецьмі ветліва пераклікваюцца з пратэстоўцамі.
Аўтазакі лёгка перасоўваюцца па перакрытым Мінску
Пратэсты, трапна названыя “Рэвалюцыяй надзеі”, трываюць. Нават каля апаўночы ў цэнтры чуваць сігналы аўтамабілістаў. Народны дух не зламаць.