Улады хаваюць рэальны памер экалагічнай аварыі ў Заслаўі
Ініцыятар кампаніі «За чыстую ваду» Дзяніс Садоўскі атрымаў адказы на запыты пра наступствы і прычыны экалагічнай аварыі ў Заслаўі ў канцы сакавіка, калі нафтапрадуктамі быў забруджаны Мінска-Вілейскі канал.
Камітэт дзяржкантролю пераадрасаваў зварот Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мінскаму гарадскому цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. «Цэнтр абмежаваўся стандартнай адпіскай «пад капірку», прыгоднай на ўсе магчымыя прэтэнзіі да якасці пітной вады ў сталіцы. Нас інфармавалі пра дзеючыя правілы і нарматывы, але абышлі сам факт укіду шкодных рэчываў у сістэму, якая жывіць тры раёны горада», — адзначыў Дзяніс Садоўскі.
Мінскае абласное ўпраўленне МНС, ігнаруючы пытанне адносна колькасці выцеклага ў канал «нафтапрадукту», паведамляе, што работнікамі ТАА «Транспартна-скадскі комплекс Еўразія» (з якога і адбылася ўцечка) «на паверхню акваторыі ўнесена 8 тон 25 кг сарбенту, сабрана 16,9 куб.м. воднай эмульсіі». Устаноўлена 15 загародак (бонаў) для засцеражэння рэчышча.
Самы грунтоўны адказ за подпісам дырэктара А.А. Аўруціна Садоўскі атрымаў ад УП «Мінскводаканал». З ліста вынікае, што на якасць гаспадарча-пітной вады забруджванне не паўплывала. На жаль, «пытанні, выкладзеныя ў Вашым звароце, аб колькасці танажу масла, пра маштабы аварыі, аб адпаведнасці месцазнаходжання складскіх памяшканняў нормам прыродаахоўнага заканадаўства, аб памерах шкоды прыроднаму асяроддзю, аб кантролі з боку прыродаахоўных службаў, знаходзяцца па-за кампетэнцыяй прадпрыемства. Па факце забруджвання вядзецца разбіральніцтва кампетэнтных органаў».
Мінскі раённы выканкам у сваім адказе робіць упор на выпадковасць здарэння. Маўляў, траплянне нафтапрадуктаў у Вілейска-Мінскую водную сістэму адбылося «у выніку пашкоджання нефункцыянуючай ліўневай каналізацыі ТАА «Лагістычны цэнтр Еўразія», з якой адбылося траплянне застаялых сцёкаў з прымешкамі нафтапрадуктаў у Вілейска-Мінскую водную сістэму».
Цяжка паверыць, што на «стокі з прымесямі» мог спатрэбіцца месяц працы па ачыстцы вады… Тым не менш, выдаткі Мінскага аддзела НС па ліквідацыі паследстваў лягуць на саму кампанію.
Сумуючы ўсе атрыманыя ад афіцыйных асоб звесткі, робім высновы.
Мяркуючы па колькасці скарыстанага сарбенту, у водны канал па недагляду згаданага прыватнага прадпрыемтва вылілася вялікая колькасць нафтапрадуктаў.
Паколькі не паведамляецца нават яго фракцыя — лёгкая або цяжкая, то улады робяць усё, каб інфармацыя засталося закрытай для СМІ.
«Мы скарысталіся тым, што звесткі пра ТАА знаходзіцца на яго сайце ў адкрытым доступе. Беларуска-нямецкае прадпрыемства вырабляе прамысловыя змазачныя матэрыялы, фільтры і аўтахімію. З іх — 40 найменняў маторных аліваў. Як паведамілі жыхары Заслаўя, уцечка адбылася пры перакачцы алівы ў чыгуначную цыстэрну. Дасюль праводзяцца работы па ачышчэнні акваторыі канала. Спадзяемся, на ўсе пытанні, што засталіся «за кадрам», адкажа асноўнае прыродаахоўнае ведамства – Мінпрыроды, ліст ад якога мы дагэтуль не атрымалі», — падкрэсліў Дзяніс Садоўскі.
Паводле сайта БХД