Улады хочуць заблакаваць «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Ці магчыма гэта без блакавання Telegram?

Следчы камітэт папрасіў Міністэрства інфармацыі заблакаваць тэлеграм-каналы, якія беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі, піша Свабода.

telegram_6096286_1280.jpg


У паведамленні СК згадваюцца два неназваныя каналы на YouTube, а таксама тэлеграм-каналы:
NEXTA,NEXTA LIVE,LUXTA,PALCHYS,#МотолькоПомоги,«Ждановiчы сёння»,«Ждановичи 2020 — клуб любителей песен Цоя»,«Активная МАЯК ВКА»,«I I 0 ПАРТИЗАН чат»,«Новая Боровая 98%».
Следчы камітэт прапанаваў Міністэрству інфармацыі прыняць меры для абмежавання доступу да пералічаных рэсурсаў.
Раней Telegram спрабавалі заблакаваць у Расіі, але гэта не ўдалося. Падчас тэсту былі заблакаваныя некаторыя дзяржаўныя сайты, бо Telegram «звязаны з многімі іншымі сэрвісамі».
Пра гэта летась расказаў Свабодзе Міхаіл Дарашэвіч, выканаўчы дырэктар арганізацыі Baltic Internet Policy Initiative, якая займаецца лічбавымі медыя.
«Гэта платформа, звязаная з іншымі сэрвісамі, таму падчас яе блакавання яны таксама блакуюцца. Гэта, сярод іншага, сэрвісы абнаўлення сыстэмаў Аndroid і іOS. У выніку падчас такога блакавання могуць пацярпець і самі дзяржаўныя органы», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
Немагчыма і заблакаваць нейкі адзін канал у Telegram без блакавання ўсяго сэрвісу.
Летась за месяц да выбараў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч параўнаў інтэрнэт з паветрам.
«З інфармацыйнага пункту гледжання проста глупства блакаваць не толькі тэлеграм-каналы, але і якія-небудзь рэсурсы. Таму што інтэрнэт нельга забараніць, як нельга забараніць паветра.
Тым не менш у выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы, у выпадку пагрозы распаўсюду любой дэструктыўнай інфармацыі мы можам эфектыўна блакаваць доступ карыстальнікаў нацыянальнага сегменту да гэтых рэсурсаў», — сказаў тады Казакевіч.