У Швейцарыі пройдзе алімпіяда кібаргаў

У кастрычніку 2016 года ў Швейцарыі будзе арганізаваны Cybathlon — першае ў гісторыі спаборніцтва сярод людзей, якія выкарыстоўваюць прылады: механізаваныя пратэзы рук або ног ці маніпулятары з інтэрфейсам мозг-кампутар.



cybathlon.jpg

Крыніца фота: polit.ru

Ініцыятарам мерапрыемства стаў прафесар Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы Цюрыха Роберт Райнэр (Robert Riener). Па словах Райнера, ідэя спаборніцтваў паўстала ў яго некалькі гадоў таму, калі ён прачытаў артыкул пра чалавека з механічным пратэзам ногі, які падняўся на хмарачос Уіліс-таўэр у Чыкага.

У спаборніцтве прымуць удзел людзі, якія кіруюць рознымі маніпулятарамі праз інтэрфейс мозг-кампутар. Яны будуць змагацца ў дакладнасці выканання розных заданняў, звязаных з штодзённымі дзеяннямі: уздымам па лесвіцы або адкрываннем бляшанкі.

Удзельнікамі стануць і тыя, хто кіруе падлучаным да нервовай сістэмы экзаскелетам або інваліднымі калыскамі. Адначасова са спаборніцтвам адбудзецца канферэнцыя, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні машыннага садзейнічання дзейнасці чалавека. Cybathlon не толькі прадэманструе магчымасці людзей, якія выкарыстоўваюць нейрапратэзы, але таксама павінен будзе павысіць дасведчанасць аб патрэбах людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў падобных тэхнічных прыладах. Чакаецца прыбыццё спартсменаў з 23 краін.

Роберт Райнэр спадзяецца, што другі Cybathlon можна будзе правесці ў 2020 годзе ў Токіа адначасова з алімпійскімі гульнямі.

Паводле polit.ru