У прадстаўніка СК няма інфармацыі, колькі спраў заведзена па выніках збіцця затрыманых 9-12 жніўня

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч заявіў Свабодзе, што ён не мае інфармацыі, колькі крымінальных спраў заведзена па фактах збівання і катаванняў затрыманых грамадзян у перыяд 9–12 жніўня.

Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэту Беларусі.

Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэту Беларусі.

«Грамадзяне працягваюць звяртаюцца з заявамі аб атрыманні цялесных пашкоджанняў пры іх затрыманні супрацоўнікамі праваахоўных органаў, і аб атрыманні цялесных пашкоджанняў у месцах часовага ўтрымання. Следчы камітэт па кожнаму такому абыходжанню разбіраецца. Інфармацыя правяраеццца і сістэматызуецца, ёй будзе дадзеная належная прававая ацэнка», — заявіў Кабаковіч.
Сяргей Кабаковіч не змог паведаміць, ці заведзеная хоць адна крымінальная справа паводле гэтых заяваў, спаслаўшыся, што ў яго няма інфармацыі пра гэта.
Наконт смерцяў грамадзян Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, якія загінулі падчас акцый пратэсту ў Мінску і Брэсце ад выкарыстання міліцыяй шумавой гранаты і стрэлу табельнай зброі, Кабаковіч адзначыў, што правядзенне следчых дзеянняў працягваецца, але не канкрэтызаваў, ці заведзеныя крымінальныя справы і як расследуюцца гэтыя выпадкі.
Тым часам, ​паводле Следчага камітэту, за апошні час зарэгістравана больш за 150 выпадкаў пагроз і абраз у адрас чыноўнікаў. Толькі за апошнія два дні распачалі больш за дзесяць крымінальных спраў паводле такіх фактаў, а з пачатку жніўня — каля пяцідзесяці.
Сцвярджаецца, што ў сувязі з заклікамі адклiкаць дэпутатаў некаторым з іх пачалі паступаць пагрозы расправай, калі яны не складуць сваіх паўнамоцтваў. Маўляў, ахвярамі такіх пагроз сталі шэраг дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і кіраўнікоў мясцовых органаў улады з Мінску, Гомеля і іншых гарадоў.
Раней Следчы камітэт выклікаў сяброў Каардынацыйнай рады, у тым ліку нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, на допыты ў справе аб закліку да захопу ўлады.
Валер Каліноўскі, Радыё Свабода