У Кобрыні створана грамадская каардыцыйная рада па перадачы ўлады
Вечарам 17 жніўня ў Кобрыне створана грамадская каардынацыйная рада па перадачы ўлады. Рада была абраная гараджанамі на чарговым штодзённым сходзе на пляцы Волі. Старшыня рады — Аляксандр Мех.
У яе склад увайшлі ахвяры гвалту сілавікоў у час апошніх падзей
беларускай Рэвалюцыі годнасці, настаўнікі, прадпрымальнікі і святары. Старшынёй рады абраны ветэран беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху Алесь Мех.
Ён зазначыў, што рада павінна забяспечыць мірнае вяртанне ўлады народу, у тым ліку правядзенне ў горадзе і раёне дэмакратычных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў паводле стандартаў АБСЕ. Стварэнне рады яе старшыня назваў першым крокам па аднаўленні ў Кобрыне старадаўніх дэмакратычных традыцый гарадскога самакіравання часоў Магдэбургскага права.
Алесь Мех паведаміў, што 16 жніўня ў 23.00 з Івацэвіцкага астрогу былі вызвалены 30 кабрынчанаў, зняволеных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Але рада будзе высвятляць, хто яшчэ з месцічаў незаконна зняволены і да гэтага часу знаходзіцца за кратамі.
На сходзе быў аб’яўлены збор сродкаў для пацярпелых ад дзеянняў улады, а для прававой дапамогі гэтым людзям — стварэнне грамадскай юрыдычнай кансультацыі.
Напрыканцы ўдзельнікі сходу прайшлі маршам Свабоды па вуліцам, акаляючым цэнтральную частку горада.
Мясцовыя чыноўнікі праігнаравалі запрашэнне грамадскасці прыйсці на сход, каб адказаць на пытанні грамадзянаў і разам з імі абмеркаваць набалелае.