У Гомелі асудзілі крышнаіта за выкананне рэлігійных песень на вуліцы

У судзе Гомельскага раёна 18 ліпеня адбыўся разгляд адміністрацыйнага пратакола, складзенага супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да жыхара пасёлка Пабеда Сяргея Бондарава па артыкуле 23.34 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства). У міліцэйскім пратаколе адзначалася, што дадзены грамадзянін «24 мая на вуліцы Леніна ў Пінску ў парушэнне закона ўдзельнічаў у вулічным шэсці і спяваў рэлігійныя песні, чым парушыў артыкул 12 Закона аб масавых мерапрыемствах». Суд пастанавіў прыцягнуць Сяргея Бондарава да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры дзвюх базавых велічынь (42 рублі).

krish.jpg


На судзе жыхар Гомельскага раёна не прызнаў сваю віну і патлумачыў, што займаецца ёгай, з'яўляецца крышнаітам, і сапраўды 24 мая быў у Пінску з прыяцелямі. Яны ішлі па вуліцах, спявалі песні пад акардэон і барабан, «ўсхвалялі Бога, спявалі пра мір і неабходнасць яго захавання».

«Мы ішлі па Пiнску, спявалі «Харэ Крышна», як усе крышнаіты па ўсім свеце, людзям гэта падабалася. У раёне плошчы з'явіўся ўчастковы, ён перапісаў нашыя дадзеныя, як звычайна заўсёды і перапісваюць, але прэтэнзій да нас не меў. Мінакі абураліся: чаму нам не даюць спяваць, чаму нас затрымліваюць? Міліцыянт перапісаў дадзеныя, і мы пайшлі далей. Ён не казаў, каб мы не спявалі, таму мы ішлі і спявалі. Тут пад'ехалі аўтамабілі, і нас забралі ў аддзел», — распавёў БелаПАН Сяргей Бондараў.

Паводле яго, у шэсці ўдзельнічалі іншыя людзі — з Пінска і Мінска, але яны толькі пісьмова далі тлумачэнні.

Жыхар Гомельскага раёна не прыпомніць, каб у Беларусі каго-небудзь з крышнаітаў штрафавалі за спевы на вуліцы. «Мы спяваем для людзей — ім гэта падабаецца. Таму што людзям падабаецца духоўнасць. А духоўнасцю іх ніхто не корміць, толькі падаткамі. У Брэсце спявалі на рынку, таксама прыехала міліцыя, але ўсё прадаўцы выйшлі з павільёна і абаранілі нас — міліцыя проста збянтэжылася. Людзі прасілі: пакіньце іх у спакоі! У мяне гэта першае адміністрацыйнае спагнанне за ўсё жыццё», — абураны крышнаіт.

Пасля кансультацый з юрыстамі ён мае намер абскардзіць адміністрацыйнае пакаранне.

Праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка паведаміў, што ўпершыню за яго практыку чуе пра тое, што штрафуюць за крышнаіцкія песні на вуліцы. «Гэта парушэнне права на свабоду сумлення, парушэнне Канстытуцыі, дзе сказана, што кожны можа свабодна вызнаваць сваю рэлігію, адзін або сумесна з іншымі. У пастанове суда напісана, што гэта было масавае мерапрыемства, удзельнікі якога ішлі і спявалі рэлігійныя песні. Пытанне — так гэта было масавае мерапрыемства ці рэлігійнае? У нас не забаронена вызнаваць рэлігію. Людзі проста ішлі, спявалі рэлігійныя гімны, таксама гэта могуць рабіць і праваслаўныя, і каталікі, і пратэстанты», — мяркуе праваабаронца.

 Паводле БелаПАН