«У дзень шлюбу пачалася вайна». Палітвязень Станіслаў Мачалаў ажаніўся ў турме
Яны хацелі пабрацца шлюбам у прыгожую дату — 22.02.2022. Але для людзей, якія сядзяць у турме, ЗАГС сам выбірае дзень росьпісу. Жыхарка Гомля Сьвятлана Якубовіч і палітзьняволены Станіслаў Мачалаў сталі мужам і жонкай у дзень пачатку вайны.
«Пазнаёміліся пасьля таго, як дапамагала зьбіраць яму
перадачы ў ізалятар»
Сьвятлана і Станіслаў не былі знаёмыя да восені 2020 году, хоць і жылі ў адным раёне. Пасьля выбараў у Гомлі пачаліся масавыя акцыі пратэсту. Многія людзі трапілі пад «хапун». Затрымалі і асудзілі на 15 сутак і Станіслава. Людзі з раёну вырашылі яму дапамагчы зь перадачамі, бо бацькі мужчыны хворыя, ледзьве перасоўваюцца па хаце. Дапамагала арганізаваць перадачу і Сьвятлана.
«Пасьля ягонага затрыманьня і «сутак» мы пазнаёміліся, пачалі
размаўляць. Аказалася, што ён таксама любіць доўгія пешыя шпацыры, катаньне на
ровары. У нас знайшлося шмат агульнага. Ён, як і я, любіць розныя прыгоды. Мне
здаецца, мы падобныя ва ўпартасьці, сьмеласьці», — распавядае Сьвятлана блогу «Галасы».
У сакавіку 2021 году яе затрымала міліцыя, Сьвятлана атрымала 15 дзён арышту. Станіслаў пачаў дапамагаць маці Сьвятланы зь перадачамі для яе на ІЧУ. 19 сакавіка Сьвятлану вызвалілі, а 24 сакавіка — затрымалі Станіслава. Ён таксама адсядзеў 15 дзён.
«Цяпер была мая чарга насіць перадачы, бо бацькі Стаса, як я
казала, моцна хворыя», — патлумачыла яна.
«Раз мы экстрэмальна пазнаёміліся, то гэтак жа і пабраліся
шлюбам»
З «сутак» Станіслаў выйшаў хворы, у яго пачаліся праблемы зь ціскам. Увесь красавік ён лячыўся. У траўні яго схапілі, завялі крымінальную справу за марш, які адбыўся 20 верасьня 2020 году.
«Я не магла пакінуць у такі цяжкі час ані яго, ані ягоных
бацькоў. Трэба было шукаць адваката, насіць перадачы. І мне тым больш ён тады
ўжо ня быў абыякавы. Хоць пэрыяду «кветак і цукерак» у нас ня было — мы проста
не пасьпелі. Папраўдзе, такія экстрэмальныя ўмовы і паказваюць, чаго варты
чалавек. Наколькі ён сьмелы, наколькі ён пасьлядоўны ў сваіх прынцыпах,
адказны. Калі мы да яго затрыманьня разам бавілі час, то мне здавалася, што разам
мы проста вялізная моц. Мы былі сьмелыя, лёгкія, вясёлыя, энэргічныя разам. У
Стасу тады адчувалася адказнасьць, клапатлівасьць. Я адчула, што даўно чакала
якраз такога чалавека. Я зь ім адчувала сябе напоўненай, цэльнай», — успамінае
Сьвятлана.
На судзе Станіслаў не прызнаў віны. Падчас працэсу гучалі доказы кшталту «меў чырвоны твар і стаў у стойку». У выніку прысуд — 3 гады калёніі.
«Як ні дзіўна, мне далі спатканьне пасьля суду. Стас
гаварыў, каб я не перажывала, што ён прадумаў нашу будучыню. Сказаў выбіраць
самой, але прапанаваў пабрацца шлюбам. Папраўдзе, мне раней на гэта намякала
адвакатка. Яна казала: «Чаму вы ня жэніцеся?» — відаць, закідала гэта мне зь
ягоных словаў. А я адказвала: «Але ён мне не прапаноўваў! Я ж ня буду сама
прасіць». Потым на спатканьні ён спытаў, ці згодная я. Першую прапанову ён
напісаў у лісьце, але ліст не дайшоў. Я яго пазьней атрымала. Выйсьці замуж у
турме — пра такое я дакладна ня марыла. Але калі ўжо мы так экстрэмальна
пазнаёміліся, то давялося экстрэмальна рабіць вясельле. У нас мала было
рамантычных сустрэч. Выйшла наадварот: мы спачатку пажаніліся, а потым, пасьля
вызваленьня, будуць рамантычныя сустрэчы», — кажа Сьвятлана.
«Ледзь знайшла вышыванку для яго. А памер пярсьцёнка вымераў
па клетачках са сшытка»
Усе клопаты пра будучы шлюб былі на Сьвятлане. Трэба было сабраць шмат дакумэнтаў, пабегаць па інстанцыях. Шлюб яны хацелі мець у прыгожую дату — 22.02.2022. Але пры росьпісах у СІЗА дату выбірае ЗАГС. На 22 лютага ў іх было шмат «вольных» шлюбаў. Таму для пяці «турэмных» пар прызначылі дату на 24 лютага.
«Прычым дзьве пары з нас былі тыя жаніхі і нявесты, якія на
момант шлюбу былі абое ў турме. Яшчэ тры нявесты прыйшлі з волі, як я», — кажа
Сьвятлана.
Шлюб плянаваўся на 12 гадзін. А шостай Сьвятлана даведалася, што пачалася вайна.
«Вядома, гэта быў шок. Але Стас чакаў у турме шлюбу. Я была
ў ступары — не разумела, што і як цяпер рабіць», — кажа яна.
Яна рыхтавала строі для сябе і для Стаса. Хацела, каб у такі дзень абое былі прыгожымі. Для сябе знайшла вышыванку. З мужчынскай было складаней.
«На той момант многія крамы з нацыянальным адзеньнем ужо не
працавалі. Вышыванку знайшла ў слонімскай краме льнянога адзеньня. Замовіла.
Мне яе прыслалі. Але яна не была белай! Мне ж хацелася менавіта белую. Знайшла
такую, але з зусім невялікім арнамэнтам у адной гомельскай краме. Ледзьве яе
перадала ў турму, бо чапіліся трохі — чаму вышыванка, для чаго яна тут? Я
патлумачыла, што чалавек жэніцца, а вышыванка — гэта ж прадукцыя беларускага
прадпрыемства. «А хто нявеста?» — пацікавіліся яны. Калі сказала, што я, моцна
зьдзівіліся, бо раней перадачы падпісвала як ад сяброўкі. Я ім адказала, што
сама ў шоку. Урэшце вышыванку яны прынялі», — успамінае Сьвятлана.
Яшчэ тая задача была набыць пярсьцёнкі. Сьвятлана ня ведала памеру пярсьцёнка для Станіслава. Таму ён вымераў свой палец на клетачках з сшытку, даслаў ёй у лісьце. «Я з тых клетачак зрабіла такі папяровы пярсьцёнак і пайшла ў ювэлірную краму прымяраць. Я лічу, што гэта пярсьцёнкі больш для заручын, чым вясельля. Урэшце, пярсьцёнкі мусіць жаніх купляць. Стас выйдзе і купіць сапраўдныя», — кажа Сьвятлана.
«Прывялі на росьпіс жаніхоў у шлемах ад «касманаўтаў»
24 лютага ўжо ўсе ведалі, што пачалася вайна. Тым часам адміністрацыя калёніі асьцерагалася каранавірусу.
«Мы чакалі ў адмысловым пакоі. Жаніхоў прывялі ў масках. І
яшчэ на іх надзелі шлемы, у якіх звычайна ходзяць «касманаўты» — каб «надзейна»
абараніць іх ад каранавірусу. Стаса завялі ў асобны пакой, пасадзілі за краты ў
гэтым шлеме. Нам далі хвілінку паразмаўляць, але нават наблізіцца да яго мне не
дазволілі. І толькі пасьля росьпісу, які быў вельмі хуткім, мы абмяняліся
пярсьцёнкамі і абняліся на нейкія сэкунды. Ён так і быў у гэтым шлеме
«касманаўта». Стас пазьней пісаў, што так быў уражаны маім убраньнем,
прыгажосьцю, што прасіў даслаць мне здымак у той самай вышыванцы, каб ён мог
уважліва разгледзець. Ён на тым росьпісе быў агаломшаны, у яго рукі трэсьліся»,
— успамінае Сьвятлана.
Вясельле Стас «адзначыў» у карцэры. Яго кінулі туды на тры дні за тое, што наразаў лязом салату.
«Ён нават ня змог пакаштаваць большасьць усялякай смакаты,
якую я яму перадала напярэдадні. Але ён кажа, што ў карцары хоць адпачыў ад
храпу сукамэрнікаў і ад цыгарэтнага дыму, бо ў камэры ўсе курылі», — кажа яна.
«Тры тыдні невядомасьці пра яго былі самымі складанымі за
апошнія гады»
9 красавіка Станіслаў з гомельскага СІЗА «выбыў». Дзе ён знаходзіцца, Сьвятлана ня ведала тры тыдні. У папраўчай калёніі, куды яго мусілі накіраваць, адказвалі, што такога няма. Не было яго і ў гомельскай турме.
«Я пісала звароты, у тым ліку ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Гэтая невядомасьць пра ягоны лёс ажно тры тыдні была самай цяжкай за апошнія два гады.Толькі 27 красавіка ад яго прыйшоў першы ліст. Ён цяпер у калёніі «Воўчыя норы». Кажа, што асвойваецца. Лісты пасьля вясельля ад яго былі сьветлыя-сьветлыя, цёплыя-цёплыя. Яшчэ на дзень шлюбу ён падрыхтаваў для мяне «валянцінку». Але ня змог аддаць. Цяпер прыслаў у лістах. Піша, што кахае мяне і моцна сумуе. Я таксама сумую. Яму тэрмін у СІЗА ідзе дзень за паўтара ў калёніі. Я палічыла, што ў канцы 2023 году ён мусіць вярнуцца дахаты. Хацелася б, каб раней. Але што цяпер? Буду чакаць спатканьня зь ім», — кажа Сьвятлана.