«Тыдзень беларускага мыслення» ідзе па краіне

Дзясяткі разнастайных мерапрыемстваў па ўсёй краіне штодня будуць аб’ядноўваць беларусаў, для якіх мысленне з’яўляецца безумоўнай каштоўнасцю. А гэта не толькі філосафы і мысляры! Арганізатары падкрэсліваюць, што кажучы «мысленне» разумеюць не прафесійную прыналежнасць, але перадусім здольнасць выказвацца свабодна, свядома ды абгрунтавана.




tydzienlogo1_1.jpg


Шэраг інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў аб’ядналіся ідэяй беларускага мыслення як часткі нашай ідэнтычнасці, самаразумення нацыі, шляхоў асэнсавання яе сутнасці ды прызначэння. У канцы траўня 2015 году імі быў распачаты супольны культурніцкі праект «Цытуй сваё!», які паслужыў стартам «Году беларускага мыслення». Яскравыя падзеі Году шырока і публічна прадстаўлялі інтэлектуальныя здабыткі Беларусі і прасоўвалі іх ў сучасную культуру.
Ініцыятыва «Цытуй сваё» атрымала свой працяг у выданні зборніка і стварэнні арыгінальных дызайнерскіх саколак, была выдадзена і прэзентавана Анталогія беларускага мыслення «Код прысутнасці», адбылася серыя публічных лекцый і дыскусій «Спадчына Ігната Абдзіраловіча», а таксама быў абвешчаны конкурс эсэ, прысвечаны постацям, ідэям і кантэкстам паўставання беларускай інтэлектуальнай традыцыі. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 25 верасня — на завяршальнай імпрэзе «Тыдня».
Такім чынам «Тыдзень беларускага мыслення», які пройдзе ў Беларусі з 19 па 25 верасня, ставіць на мэту падвесці вынікі Году і прадставіць усю разнастайнасць формаў і праяваў беларускага мыслення ў сучасным беларускім грамадстве. Маналагічныя развагі на адвечныя і суперактуальныя тэмы, дыялогі і дыскусіі, выставы і майстар-класы, прэзентацыі і нават меладэкламацыі  арганізатары прапануюць праграму для аматараў абсалютна розных формаў і моваў мыслення.
У спіс арганізатараў «Тыдня беларускага мыслення» ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», Беларускі Калегіум, «Мова Нанова», «Беларусский журнал», кнігарня «Логвінаў» і Інстытут палітычных даследаванняў «Палiтычная сфера».Распачнецца «Тыдзень беларускага мыслення» адкрыццём выставы «Cogito Albarutheniae. Панарама беларускага мыслення», якую ладзяць «ЕўраБеларусь», Лятучы ўніверсітэт, Беларускі Калегіум. Адкрыццё адбудзецца 16 верасня ў 19.00 у прасторы Корпус 8 (пр. Машэрава, 9). Арганізатары акцэнтуюць увагу на тым, што распачынаецца выстава ў пятніцу — напярэдадні «Тыдня» — і спадзяюцца, што дзякуючы ёй удзельнікі натхняцца атмасферай, збяруцца з думкамі, зарыентуюцца, выбудуюць сваю траекторыю па падзеях «Тыдня беларускага мыслення» і акунуцца ў яго віры.

«Гэтая выстава дазволіць убачыць, як словы «беларускае мысленне» са статуса аксюмарана перайшлі ў цалкам «нармальнае» пазначэнне пэўнай з’явы. Яе можна вывучаць, разумець ці ўключацца праз працяг традыцыі ці крытыку, аспрэчванне і інавацыі, — распавядае каардынатарка «Тыдня беларускага мыслення» Таццяна Вадалажская, — Мы хацелі б, каб «Тыдзень» стаў прыгодай для ўсіх удзельнікаў, калі ў блізкім і знаёмым ты знаходзіш новае і нечаканае, у канцэнтраваным згустку падзеяў разумееш плыні, тэндэнцыі, а можа нават пэўны стыль і сваю мову. У выніку ты знаходзіш сябе ў прасторы мыслення і змяняешся разам з ім.»

Больш за дзесяць арганізацый, суполак і ініцыятываў па ўсё Беларусі далучыліся да стварэння падзей «Тыдня беларускага мыслення». Мерапрыемствы будуць праходзіць на розных пляцоўках не толькі ў Мінску (Корпус8, Галерэя Ў, ЦЭХ, Галерэя ТUT.BY, PUNKT, Press Club Belarus, Imaguru) але і ў Астраўцы, Бабруйску, Берасці, Віцебску, Гомлі, Гродна і Магілёве. Уваход на ўсе мерапрыемствы «Тыдня» — вольны!

Падрабязную і актуальную праграму «Тыдня беларускага мыслення» можна знайсці (і спамаваць) ТУТ, а таксама  на сайце.

Сачыце за абвесткамі ў суполцы падзеі ў Facebook.Па дадатковую ці больш дакладную інфармацыю звяртайцеся на адрас cytuj.svajo@gmail.com. Арганізатары з радасцю і імпэтам адкажуць на ўсе вашыя пытанні!