«Трымаецца бадзёра, нават з камеры дае свае прагнозы і парады». Хто такая Валерыя Касцюгова, якую судзіць рэжым?

Сёння ў Мінску пачаўся судовы працэс над паліталагіняй, рэдактаркай аналітычнага сайта «Наша думка» Валерыяй Касцюговай і адной з заснавальніц праекта «SYMPA» Таццянай Кузінай.

Валерыя Касцюгова. Фота «РС»

Валерыя Касцюгова. Фота «РС»


Валерыя Касцюгова — адна з самых вядомых палітолагаў у Беларусі. Яна заснавальніца і рэдактарка аналітычнага сайта «Наша думка», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка», кіравала групай экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе», актыўна выказвала сваё меркаванне адносна палітычных падзей вакол Беларусі.

53-гадовую Касцюгову затрымалі 30 чэрвеня 2021 года. На яе завялі крымінальную справу па ч.1 арт.357  («Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»), ч.6 арт. 16 («Саўдзел у злачынстве») і ч.3 арт.361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду знешняй бяспецы Беларусі, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці»).

У снежні 2021 года памёр бацька Касцюговай, і ў яе амаль нікога са сваякоў не засталося ў Беларусі.

Сёння ў Мінску пачаўся судовы працэс над Валерыяй і адной з заснавальніц праекта SYMPA Таццянай Кузінай. Іх калегі выказаліся ў падтрымку экспертак.

— Небяспеку для дзяржавы ўяўляюць — і мы гэта бачым па арышце Уладзіміра Мацкевіча, Таццяны Вадалажскай і іншых  —інтэлект і культура, адукаваныя людзі. Таму што яны кажуць праўду, і праўда — гэта зброя, якой валодаюць інтэлектуалы. І вось рэпрэсіі — гэта такая рэакцыя на праўду, — гаворыць Святлана Мацкевіч «М*дыязоне».

Незалежная экспертка Роза Турарбекава вельмі цёпла адгукаецца пра Касцюгову і гаворыць, што Валерыя значна паўплывала на яе як на спецыялістку:

— Я не ведаю больш кампетэнтнага спецыяліста па беларуска-расійскіх адносінах, чым Валерыя. Яна адна з нямногіх экспертаў, хто чытала Мытны кодэкс ЕАЭС, а гэта, скажу я вам, вельмі сумны твор на 800 старонак. Мы дыскутавалі з ёй па некаторых артыкулах з яго.

Многае з таго, што я цяпер раблю, раблю менавіта таму, што калісьці мы з ёй гэта абмяркоўвалі. Многія рэчы пішу дзякуючы яе парадам, пэўным высновам і крытычным заўвагам. Я як вучоны, які ўжо адбыўся і ў якога складалася свая навуковая школа, з вялікай павагай прымала парады і рэкамендацыі Валерыі як незалежнага эксперта з боку.

Вадзім Мажэйка, палітычны аналітык і каардынатар «Нашего мнения», расказвае, што турэмныя ўмовы ніяк не паўплывалі на характар Валерыі. Яна застаецца сабой і, напрыклад, на суд замовіла сабе прыгожую сукенку:

— Яна трымаецца бадзёра, нават з камеры яна дае свае карысныя палітычныя прагнозы і парады. Яна непакоілася наокнт таго, каб ёй перадалі на суд сукенку. Прыгожая сукенка будзе, дакладна ведаю. Дапамагала рыхтавацца да вяселля Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай, таму што яны ў той момант у адной камеры з Ірынай былі.

Першае фота Валерыі Касцюговай з суду

Першае фота Валерыі Касцюговай з суду

У сваім ТГ-канале ён дадае: «Валерыя Касцюгова — мая калега, сяброўка, найразумнейшы аналітык і проста цудоўны чалавек. Іх затрыманне з Таццянай Кузінай летам 2021-га — паказальнае запужванне усёй экспертнай супольнасці. Палітычная аналітыка — не злачынства».

У падтрымку Касцюговай і Кузінай выказаліся іх калегі з праекта «SYMPA/BIPART»: 

«Экспертная, выкладчыцкая, а таксама любая іншая прафесійная дзейнасць, якой займаліся Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова, не мае і не можа мець нічога агульнага з дадзенымі крымінальнымі артыкуламі і ўказанымі ў іх злачынствах. Дзейнасць Таццяны Кузінай і Валерыі Касцюговай заўсёды была звязаная выключна з выкананнем імі сваіх прафесійных абавязкаў. Мы ў чарговы раз патрабуем спыніць пераслед нашых калег-экспертак, праца якіх не можа быць падставай для выстаўлення супраць іх крымінальных і любых іншых абвінавачанняў».

Як паведамляюць праваабаронцы, каб выказаць салідарнасць з Валерыяй Касцюговай і Таццянай Кузінай, да будынку суда прыязджалі дыпламат амбасады Германіі, а таксама дыпламаты прадстаўніцтваў іншых краін Еўрасаюза ў Беларусі.