Трэба тэрмінова ратаваць лес у Курапатах

Пра гэта 4 верасня на прэсавай канферэнцыі ў Мінску заявіў актывіст грамадзянскай інцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі.  



kurapaty_4_9_13_logo.jpg

Удзельнікі прэсавай канферэнцыі, у тым ліку Уладзімір Раманоўскі (першы злева) і Ганна Шапуцька (другая за Раманоўскім)

Трывожную інфармацыю пра стан курапацкага лесу ён атрымаў пад час размовы з лесніком УП “Мінская лесапаркавая гаспадарка”, якое з’яўляецца гаспадаром ляснога масіву ў Курапатах.

— Ляснік звярнуў увагу на тое, што зараснік спірэі (лістападнага дэкаратыўнага хмызняку сямейства ружавых), які трэба пастаянна зніштажаць, утварыў сапраўдныя джунглі ў курапацкім лесе. Спецыяліст выказаў меркаванне, што на тэрыторыі нацыянальнага некропалю лес вымірае, бо там поўнасцю адсутнічае падлесак і няма ніводнага маладога дрэўца, якое б давала надзею на будучае жыццё гэтага ўрочышча. Прычым, на цяжкі экалагічны стан лесу ўплываюць, у тым ліку, яго знаходжанне паміж Мінскай кальцавой аўтадарогай і шасэ Заслаўе-Калодзішчы, а таксама высокі узровень забруджвання масіву розным бытавым смеццем і будаўнічымі адкідамі, — падкрэсліў Раманоўскі.

Паводле ягоныз слоў, для тэрміновага выратавання курапацкага лесу патрэбны ўдзел навукоўцаў і ўладаў. Калі ж сітуацыя з захаваннем ляснога масіву ў Курапатах не будзе вырашана, грамадскасць звернецца да ЮНЕСКА, паколькі народны мемарыял з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю міжнароднага значэння, сказаў Уладзімір Раманоўскі.   

У каментары НЧ каардынатар грамадзянскай ініцыятывы Ганна Шапуцька адзначыла, што пад час першага этапу талакі, які доўжыўся з 25 траўня, на паўночна-заходняй частцы ўрочышча каля 150 удзельнікаў грамадскай акцыі прыбралі ад смецця, хмызняку і сухастою каля 1 гектару курапацкага ляснога масіву з 19 га, якія ён займае (дарэчы, Энцыклапедыя гісторыі Беларусі называе іншую плошчу ляснога масіву — каля 30 га — М.Г.). Прычым, акрамя бытавых адкідаў і бітага шкла ад пікнікоў і несанкцыянаванага вывазу смецця валанцёры знайшлі зарослыя травою гурбы асфальту і будаўнічых матэрыялаў, сказала Шапуцька.

Сярод найбольш актыўных валанцёраў — удзельнікаў талакі яна назвала былых вязняў ГУЛАГу Уладзіміра Раманоўскага і Сяргея Ханжанкова, ветэрана-адраджэнца Ніну-Аўгінню Багінскую, а таксама юнакоў і дзяўчат Ягора Віняцкага, Андрэя Молчана, сясцёр Вікторыю і Людмілу Ткачук, Марыну Бондар, Яўгена Батуру, Васіля Парфянкова і Сяргея Пальчэўскага.   

Шапуцька падкрэсліла, што дзякуючы талацэ ўпершыню за шмат гадоў сталі бачныя некаторыя западзіны — мажлівыя пахаванні бязвінных ахвяраў сталінізму, а да праблемаў нацыянальнага некралю была прыцягнута больш пільная ўвага грамадства і, асабліва, чыноўнікаў, якія не чакалі, што будзе выкрыта абыякавае стаўленне дзяржавы да ўтрымання курапацкага лесу.

Каардынатар ініцыятывы звярнула ўвагу на тое, што паразуменне з чынавенствам па праблеме Курапатаў было дасягнута толькі на ўзроўні Мінскага райвыканкама, які вельмі адмежаваны матерыяльнымі і фінансавымі магчымасцямі дзеля правядзення санітарнай ачысткі ляснога масіву на тэрыторыі народнага мемарыялу. “Вось чаму для вырашэння гэтай праблемы грамадскасць прадоўжыць высілкі дзеля дасягнення супрацоўніцтва з Мінскім гарвыканкамам, якія мае адпаведныя фінансавыя рэсурсы”, — адзначыла Ганна Шапуцька.

Акрамя таго, паводле яе слоў, сябры ініцыятывы будуць дабівацца прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў Міністэрства культуры, якія далі дазвол на незаконнае будаўніцтва каля Курапатаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”.        

Удзельнікі прэсавай канферэнцыі гаварылі пра неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва з падобнымі мемарыяламі ў іншых краінах, у тым ліку ў Расіі і Украіне.