ТБМ пра “Закон аб зменах у правапісе беларускай мовы”

15 красавіка Таварыства беларускай мовы запрасіла прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, СМІ і грамадскасці да ўдзелу ў круглым стале “Моўная сітуацыя ў краіне напярэдадні ўступлення ў сілу Закона аб зменах у правапісе беларускай мовы. Надзённыя пытанні рэгулярна ўздымаюцца ТБМ у рамках асветніцкай праграмы “Дыялог, і вось — чарговыя публічныя дэбаты. Піша Аляксей Хадыка.


Пазітыў



70fcb77e6349f4467edd7227baa73222.jpeg

15 красавіка Таварыства беларускай мовы запрасіла прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў, СМІ і грамадскасці да ўдзелу ў круглым стале “Моўная сітуацыя ў краіне напярэдадні ўступлення ў сілу Закона аб зменах у правапісе беларускай мовы. Надзённыя пытанні рэгулярна ўздымаюцца ТБМ у рамках асветніцкай праграмы “Дыялог, і вось — чарговыя публічныя дэбаты. Піша Аляксей Хадыка.
Пазітыў
Вядоўцы сустрэчы — Алег Трусаў і Алена Анісім — пачалі са станоўчага. З мінулага года ўсе сацыялагічныя апытанні выяўляюць уздым аўтарытэта беларускай мовы, якая пераважнай большасцю грамадзян успрымаецца як безумоўная нацыянальная каштоўнасць і нават прыкмета прывабнага сацыяльнага статусу яе носьбітаў. Толькі 5–8% насельніцтва негатыўна ставяцца да магчымасці пашырэння сферы яе ўжытку.
Не чакаючы абвяшчэння вынікаў мінулагодняга перапісу, у якім пытанне аб роднай мове было адным з найважнейшых, кіраўніцтва БДТРК у асобе А. Зімоўскага дэкларавала хуткі пераход аднаго з нацыянальных тэлеканалаў на цалкам беларускае вяшчанне.
У ТБМ складаюцца пазітыўныя дачыненні з Адміністрацыяй прэзідэнта, міністэрствамі інфармацыі, сувязі, культуры, Нацыянальным банкам, што выяўляецца ў выпуску памятных беларускіх медалёў, манет, паштовак, паступовай беларусізацыі тапанімікі, правядзенні знакавых культурных мерапрыемстваў. Вельмі спрыяе падтрымцы статусу мовы дзейнасць кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, дзе прынятая свая праграма беларусізацыі.
Негатыў
Але ёсць і відавочныя цяжкасці, найперш у сферы адукацыі. Паводле нормаў ЮНЭСКА, крытычнае становішча нацыянальнай мовы ў дзяржаве фіксуецца ў выпадку зніжэння яе выкарыстання ў школе да ўзроўню 30% навучэнцаў, у Беларусі ж па-беларуску навучаецца толькі 18% школьнікаў. Мінадукацыі некалькі год таму адмовілася ад выкладання па-беларуску нацыянальнай гісторыі і геаграфіі, а апошнім часам пераводзіць выкладанне замежных моў на аснову з рускай мовай нават для беларускіх класаў.
Хапае недарэчнасцяў і праблем, што вынікаюць з неўнармаванага ўжывання мовы і няпэўнасці, якую нясуць заканадаўчыя змены. Прыкладам, не так даўно жыхары сталіцы даведаліся пра наданне адной з вуліц горада імя мастака і музыкі Напалеона Орды. Толькі як можна мірыцца з выключнай непісьменнасцю, у выніку якой на некалькіх дамах з’явіліся шыльды “вуліца Арды? Ці калі імя Якуба Коласа з’яўляецца на вулічных табліцах з двума “о? Калі падобная праблема паўстае ў сталіцы, відавочнай неабходнасцю робіцца кадыфікацыя беларускай тапанімікі, гідранімікі, анамастыкі ў адпаведных даведніках для практычнага ўжытку.
Правапіс
Чаканыя змены ў правапісе ў сувязі з уводам “Закона аб зменах у дзеянне з верасня 2010 года пачынаюць палохаць навучэнцаў — скарачаецца колькасць жадаючых прайсці школьнае цэнтралізаванае тэставанне па-беларуску. Надзвычай важную інфармацыю ў гэтай сувязі агучыла загадчык аддзела гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Ганна Валочка. Цягам трох год — па верасень 2013 г. — памылкі, звязаныя са зменамі ў правапісе, у вучнёўскіх работах будуць толькі зазначацца настаўнікамі без уплыву на выніковую адзнаку.
Вучням гарантаваны трохгадовы пераходны перыяд, каб пазбегчы эфекту боязі памылкі ў час змены правілаў. Што ж да падручнікаў, то асноўны іх корпус па мове і літаратуры падрыхтаваны да новага навучальнага года па абноўленых стандартах, падручнікі па спецыяльных дысцыплінах будуць замяняцца ў звычайным цыкле ратацыі, які складае 5 гадоў. Рыхтуюцца новыя лексікаграфічныя, арфаграфічныя слоўнікі і даведнікі.
ТБ па беларуску
У гутарцы з прысутным на круглым стале прадстаўніком БДТРК усплылі тэмы, звязаныя з манапольным статусам дзяржаўных электронных СМІ Беларусі, у якіх беларуская мова займае незайздроснае становішча нават там, дзе яе прысутнасць забяспечыць досыць лёгка. Трансляцыі беларускіх версій нацыянальных мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў, каментар у папулярных спартовых перадачах — самы відавочны рэсурс для беларусізацыі.
Пішыце, звяртайцеся, цісніце на чыноўнікаў — у бюракратычнай краіне часам дзейнічае гульня па бюракратычных правілах, меркавалі некаторыя ўдзельнікі круглага стала. Але і на тэлебачанні адбываюцца зрухі, калі прыгадаць пераход да беларускай мовы ў выпусках рэгіянальных навін.
Заданні ўладам
У выніку сустрэчы яе ўдзельнікі сфармулявалі некалькі ініцыятыў, у якіх ТБМ гатовы браць удзел ці спрыяць іх ажыццяўленню ў дзяржаўных установах.
1. На ўзроўні Мінгарвыканкама, мяркуюць яны, неабходна ўсталяванне пасады інспектара па моўным афармленні — шыльдаў, рэкламы, прадукцыі, што выпускаецца на беларускіх прадпрыемствах.
2. Варта прыгледзецца да практыкі іншых краін, дзе існуюць афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы, сайты, якія дапамагаюць спраўдзіць правільнасць афіцыйных назоваў, імёнаў, тапанімікі і г.д.
3. БДТРК рэкамендавалі не толькі пашыраць сетку беларускамоўнага вяшчання, але і своечасова інфармаваць беларусаў пра асаблівасці новага Закона аб зменах у правапісе. Найперш — пра трохгадовы пераходны перыяд для навучэнцаў. Пры ўмове супольнай працы магчыма пазбегнуць балючых эфектаў, якія выклікае такі складаны працэс, як змена кадыфікацыі правілаў нацыянальнай мовы нават у еўрапейскіх краінах з усталяванымі моўнымі традыцыямі.
***
Разумеючы, наколькі развіццё моўнай сітуацыі залежыць ад узору паводзін, які падаюць у дзяржаўным апараце, ТБМ чарговы раз, як показку пра Карфаген, выказвае ў прэс-рэлізе свае надзеі. “Мы спадзяёмся, што... дзяржаўныя службоўцы ўсіх узроўняў з належнай адказнасцю паставяцца да ўжывання беларускай мовы ў сваёй штодзённай практыцы.