Таццяна Нядбай: Цяпер забіваюцца ўсе магчымыя сувязі, якія забяспечвалі салідарнасць

Якія галоўныя пагрозы ды выклікі для культурных дзеячаў у Беларусі цяпер? Ці можа выратаваць творцу ў Беларусі ад зняволення і пераследу ўступленне ў прадзяржаўны саюз?

_horad___stary_minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Беларускі ПЭН прадставіў Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі за 2023 год.

Вынікі несуцяшальныя: сфера культуры ў Беларусі прасякнутая цэнзурай і татальным кантролем. Адбываюцца звальненні нелаяльных спецыялістаў, існуе забарона на прафесійную дзейнасць.

Карэспандэнтка «Радыё Рацыя» Вольга Сямашкапагутарыла са старшынёй Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай пра тое, якія галоўныя пагрозы ды выклікі для культурных дзеячаў у Беларусі зараз; і ці можа выратаваць творцу ў Беларусі ад зняволення і пераследу ўступленне ў прадзяржаўны саюз.

— Раскажыце калі ласка, пра вынікі апошняга маніторынгу парушэнняў культурніцкіх правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за 2023 год. Якія б трэнды вы выдзелілі агулам?

— У 2023 годзе можна адзначыць цэлы шэраг трэндаў. З новага я б назвала пераслед за салідарнасць. Калі раней мы мелі, напрыклад, за пераслед за данаты Фонду салідарнасці, які рэжым прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем і на гэтай падставе прыцягваў людзей да адказнасці, вымушаў іх рабіць ахвяраванні ў дзесяцікратным памеры ці нават больш, на іншыя сацыяльныя мэты. Цяпер забіваецца, фактычна руйнуюцца ўсе магчымыя сувязі, якія забяспечвалі салідарнасць.

Людзі затрымліваюцца за напісанне лістоў у турму, за перасылку грошай палітычным зняволеным, што не прызнана само па сабе экстрэмісцкай дзейнасцю, але ўжо з’яўляецца прадметам для абвінавачванняў.

Другі трэнд, які б я назвала – гэта далейшыя дзеянні па спыненні інфармацыйных плыняў. То-бок людзі ўжо даўно праследуюцца за кантакты з праваабаронцамі, за кантакты з незалежнымі медыя, журналістамі. Як адвакатаў, такі і чальцоў сям’і прымушаюць не распаўсюджваць інфармацыю ні пра артыкул, ні нават пра сам факт затрымання.

Каб гэта інфармацыя не распаўсюджвалася, яны шантажуюць пагаршэннем сітуацыі з затрыманым чалавекам у СІЗА.

Гэта, канешне ж, практыка інкамунікада, якая пачалася ў лютым мінулага года. Шэраг вязняў, у тым ліку дзеячаў культуры знаходзяцца ў такім статусе інкамунікада. Напрыклад, Макісм Знак, які ўжо больш за год знаходзіцца ў гэтым статусе. Ні сваякі, ні адвакаты не маюць доступу да яго і не ведаюць нічога ні пра стан здароўя, ні пра ягонае самаадчуванне, ні ведаюць, ці жывы ён.

— Наколькі зараз даступная інфармацыя, якую вы збіраеце?

— Мы збіраем інфармацыю з вялікай увагай да канфідэнцыйнасці. Інфармацыі ў адкрытых крыніцах становіцца менш. Безумоўна, што для таго, каб лепш разумець сітуацыю і больш поўна прадстаўляць яе партнёрам мы пракладаем асаблівыя намаганні для высвятлення гэтых дэталяў.

У тым ліку праводзім такія інтэрв’ю для даследавання схаваных рэпрэсій. Колькасць затрыманняў па такім артыкуле ці па іншым, якое права было парушана. Але мы не можам называць канкрэтныя імёны, канкрэтныя сітуацыі.

Заклікаем тых, хто хацеў бы падзяліцца такой інфармацыяй, паведаміць яе нам. Кантакты, па якіх можна скантактавацца, ёсць у нас на сайце.