Synesis заяўляе, што не ўстанаўлівае камеры ў дварах для сачэння за пратэстоўцамі

Ініцыятыва BYPOL распавяла ў сваім тэлеграм-канале аб планах мінскіх уладаў усталяваць сачэнне за беларусамі і выкарыстоўваць для гэтага распрацоўку Synesis — платформу Kipod. У Synesis гэтую інфармацыю назвалі "чарговым фэйкам", мэта якога — стварэнне адмоўнага іміджу кампаніі, піша dev.by.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Што кажуць у BYPOL

Паводле інфармацыі BYPOL, пад выглядам гарантавання бяспекі ў "праблемных" дварах у Мінску плануецца ўсталяваць відэакамеры і потым падключыць іх да Kipod ад Synesis. Прычым, зрабіць гэта ўлады збіраюцца за кошт сродкаў саміх грамадзян. "У далейшым плануецца маштабнае падключэнне па ўсёй краіне, нават відэарэгістратараў у грамадскім транспарце. Ва ўсе дзяржаўныя ўстановы ўжо рассылаюцца разнарадкі з указаннямі абсталяваць відэаназіраннем усе перыметры падкантрольных тэрыторый".

Што заявілі ў Synesis

— Гэта чарговы фэйк. У дадзеным выпадку прасочваецца не толькі не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, але і поўная некампетэнтнасць аўтараў (ці ж мэтанакіраваны паклёп).
Па-першае, Synesis не займаецца закупкай, устаноўкай і падключэннем камер відэаназірання. Па-другое, кампаніі нічога не вядома аб чыіх-небудзь планах па масавай устаноўцы камер у дварах для падлучэння да рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі (РСМОБ), якая працуе на базе платформы разумнага горада Kipod.
Гэта толькі адзін з дзясятка фэйкаў, якія нарадзіліся ў нетрах ананімных Telegram-каналаў за апошнія паўгода. Да прыкладу, у снежні ўжо паведамлялася, што, нібыта, да Kipod падключана ў тым ліку і абсталяванне для паслугі «відэакантроль» ад РУП «Белтэлекам». Ні адзін з падобных фэйкаў да гэтага часу не знайшоў і не знойдзе свайго пацверджання, паколькі цалкам пабудаваны на паклёпе або некампетэнтнасці, — заявілі ў кампаніі.
У Synesis таксама звярнулі ўвагу, што ва ўсіх інфармацыйных "ўкідах" сцвярджаецца, што сістэма Kipod выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі грамадзян, якія выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю. «Але да гэтага часу гэтага няма ні аднаго доказу». Тым не менш на падставе падобных спекуляцый Synesis уключылі ў санкцыйны спіс ЕС.
— Мы ўпэўненыя, што фэйкавыя публікацыі былі зробленыя для стварэння адмоўнага іміджу кампаніі і фарміравання псеўда-доказнай базы менавіта для ўключэння кампаніі ў яго. Зусім хутка абяцаем падзяліцца новымі падрабязнасцямі пра тое, чым менавіта аперавалі еўрапейскія чыноўнікі пры прыняцці гэтага неадназначнага рашэння.