Спыніць гвалт і беззаконне! Беларускія медыкі збіраюць подпісы пад патрабаваннямі да ўладаў
Беларускія медыкі заклікаюць сваіх калегаў падпісаць адкрыты ліст работнікаў сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
«Мы перакананыя, што найвышэйшай чалавечай каштоўнасцю з'яўляюцца жыццё і здароўе, таму аказваем медыцынскую дапамогу людзям незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, веравызнання, палітычных поглядаў і нацыянальнасць. Мы абураныя неверагоднай жорсткасцю прадстаўнікоў сілавых структур Рэспублікі Беларусь у дачыненні да мірных грамадзян і лічым абсалютна недапушчальным бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі і перашкода атрыманню імі своечасовай і адэкватнай медыцынскай дапамогі» — заяўляюць яны.
Галоўныя патрабаванні, якія змяшчаюцца ў лісце:
- спыненне гвалту з боку сілавых структур, расследаванне ўсіх фактаў прычынення цялесных пашкоджанняў і катаванняў;
- вызваленне палітычных зняволеных і ўсіх грамадзян, затрыманых за мірную дэманстрацыю пратэсту;
- прызнанне афіцыйных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 года несапраўднымі і правядзенне новых выбараў.
Работнікі сістэмы аховы здароўя Беларусі таксама заявілі, што ў выпадку з’яўлення інфармацыі аб спробах ціску, пагрозах звальнення або аб іншых парушэннях правоў тых, хто падпісаўся пад гэтым лістом, усе яны будуць дзейнічаць салідарна, дадзеныя факты неадкладна будуць агалошаныя ў сродках масавай інфармацыі і перададзеныя ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а іх калегам аказана юрыдычная, матэрыяльная і іншая неабходная дапамога.
Зварот могуць падпісаць толькі тыя, хто мае медычную адукацыю, пасаду, навуковую ступень і гэтак далей. За адзін дзень ліст падпісалі больш за 700 медработнікаў.
Паводле Беларускі партызан