Следства арыштавала нерухомасць Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда
Такія захады ініцыяваў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, тэрмін абмежаванняў не вызначаны, паведамляе «Свабода».
Пакуль прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыку і кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы сын Эдуарда ўтрымліваюць у СІЗА КДБ, следчыя арыштавалі іх маёмасць, піша Tut.by.
Напярэдадні ў жылых памяшканнях Бабарыкаў быў праведзены ператрус, а 19 чэрвеня накладзены арышт на два дамы ў вёсках Мачаны і Цна пад Мінскам, а таксама на двухпакаёвую кватэру ў сталіцы. Такія захады ініцыяваў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, тэрмін абмежаванняў не вызначаны.
Сам Віктар Бабарыка пражываў у Мачанах, дом у Цне пуставаў. Эдуард з дзяўчынай займаў мінскую двухпакаёўку.
18 чэрвеня штаб Бабарыкі паведаміў, што Віктар і Эдуард паехалі здаваць чарговую частку подпісаў і перасталі выходзіць на сувязь. Адвакаты не змаглі трапіць у будынак з-за «вучэнняў». Тым часам у дамах без удзелу гаспадароў адбыліся ператрусы.
Кіраўнік КДК Іван Церцель на брыфінгу для дзяржаўных тэлеканалаў распавёў, што Віктар Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што быў «непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці».