Сёння — Дзень святога Патрыка. 10 нечаканых фактаў пра свята
Святога Патрыка звалі не Патрыкам, ён не быў ірландцам. І зялёны — не колер святога Патрыка!
1. Святога Патрыка звалі не Патрыкам, ён не быў ірландцам
Сапраўднае імя святога Патрыка, які, паводле падання, прынёс хрысціянства на паганскі тады востраў Ірландыя — Мэйвін Сукат. Ён быў рымлянінам, нарадзіўся ў канцы 4-га стагоддзя ў рымскай Брытаніі. Мэйвіну было 16 гадоў, калі яго выкралі ірландскія разбойнікі і прадалі ў рабства. Ён быў прыстаўлены пасвіць авечак, збег назад у Брытанію і знайшоў прытулак у манастыры. Праз гады як слуга царквы Сукат ужо сам едзе ў Ірландыю, дзе займаецца місіянерскай дзейнасцю. Імя Патрык (Патрыцый), якое азначае прыкладна «бацька сваім людзям», ён прыняў разам з санам.
Святы Патрык — заступнік Ірландыі. Лічыцца, што менавіта ён будзе вяршыць справядлівасць над ірландцамі ў дзень Страшнага Суда.
2. Зялёны— не колер святога Патрыка
Першапачаткова колерам, які асацыюецца са святым Патрыкам, быў сіні. На нешматлікіх малюнках, што захаваліся, Патрык паўстае ў сінім убранні. Імем святога дагэтуль называюць адно з адценняў сіняга, якое выкарыстоўваецца і на гербе Ірландыі.
Зялёны колер пачынае набываць усё большую папулярнасць з 18-га стагоддзя як сімвал канюшыны, вясны і Смарагдавай выспы. Менавіта зялёную ўніформу апранулі падчас паўстання 1798 года ірландскія салдаты.
У 19-м стагоддзі зялёны канчаткова стаў нацыянальным колерам Ірландыі, а заадно і колерам свята Св. Патрыка. Кожны год на Дзень святога Патрыка воды адной з невялікіх рэк у Чыкага нават афарбоўваюць у зялёны колер на 5 гадзін.
3. Чаму галоўным сімвалам Дня святога Патрыка стала канюшына?
Канюшына непарыўна звязана з вобразам Ірландыі, хоць сапраўдным сімвалам краіны з'яўляецца зусім не яна, а залатая арфа. Паводле падання, святы Патрык выкарыстаў канюшыну, каб растлумачыць ірландцам у сваіх казаннях ідэю Святой Тройцы (Айца, Сына і Святога Духа): «Падобна тром лістам, расце ад адзінага сцябла, Бог можа быць адзіны ў трох асобах». Праўда, гісторыкі гэты факт не пацвярджаюць.
Ірландцы вераць, што здабудзе шчасце той, хто ў Дзень святога Патрыка знойдзе чатырохлістую канюшыну. Яна лічыцца знакам вялікага поспеху, а ў гэты дзень падвойвае чароўную сілу. Але шанцы знайсці чатырохлістную канюшыну сярод трохлістнай роўныя 1:10.000.
4. Ці выганяў святы Патрык змей з Ірландыі?
Па адной з легенд пра святога, ён выгнаў з Ірландыі ўсіх змей. Але навукоўцам здаецца малаверагодным, каб змеі наогул вадзіліся на востраве, які славіцца сваім халодным кліматам. Гісторыкі схільны трактаваць легенду як алегорыю: пад змеямі, верагодна, меліся на ўвазе паганскія вераванні, якія Патрык выганяў як праўдзівы хрысціянін.
5. Чаму Дзень святога Патрыка адзначаюць 17 сакавіка?
17 сакавіка лічыцца днём смерці святога Патрыка. Наконт месца і года яго скону даныя крыніц разыходзяцца. Невядома і месца пахавання святога. Паводле легенды, у фурманку з целам святога былі запрэжаны два няскораныя быкі, і пахаванне павінна было здзейсніцца там, дзе яны спыняцца.
Даўней Дзень святога Патрыка быў часткай Велікодных свят. А 17 сакавіка як дзень смерці святога ўпершыню згадваецца ў жыццяпісе, аўтарам якога быў валіец Эдвард Джонс.
6. У Дзень святога Патрыка ўсе пабы былі зачынены да 1970 года
Усяго паўстагоддзя таму Дзень святога Патрыка адзначаўся практычна «ўсухую». Ён лічыўся строга рэлігійным, і з 1903 да 1970 года пабы ў гэты дзень наогул зачыняліся — закон ім працаваць забараняў.
7. Святаірландцаў усяго свету
Дзень святога Патрыка — нацыянальнае ірландскае свята. Але шырокую папулярнасць гэты дзень набыў дзякуючы ірландцам, што імігравалі ў ЗША. Менавіта яны ў памяць аб радзіме сталі адзначаць дзень смерці любімага святога з небывалым размахам. Менавіта ў Амерыцы 17 сакавіка 1762 года прайшоў і першы парад на Дзень святога Патрыка. А першы парад у Ірландыі, у Дубліне, адбыўся толькі ў 1931 годзе.
На сённяшні дзень колькасць ірландцаў і іх нашчадкаў, якія пражываюць у ЗША, дасягае 33,3 млн. (10,5% насельніцтва краіны). Тады як насельніцтва самой Ірландыі — усяго каля 4,2 млн. Ірландская іміграцыя была асабліва масавай у часы голаду на выспе ў 40-х гадах 19-га стагоддзя.
8. Што атрымае прэзідэнт ЗША ў гэтым годзе на Дзень святога Патрыка?
Тое ж самае, што і кожны год: крыштальную вазу з канюшынай. Ірландцы традыцыйна дораць іх кожнаму дзеючаму кіраўніку Белага дома.
9. Хто такі Лепрыкон?
Лепрыкон, герой ірландскага народнага фальклору, стаў адным з сімвалаў Дня святога Патрыка адносна нядаўна. Паводле падання, гэты невялікі каржакаваты чалавечак у зялёным капелюшы і гарнітурчыку захоўвае жбанкі з золатам, закапаныя на канцы вясёлкі. У кожным жбанку — 1000 манет, усяго каля 30 кілаграмаў золата.
10. Свята з пенай«Гінеса» на вуснах?
У Дзень святога Патрыка піва «Гінес» ільецца ракой! У гэты дзень ва ўсім свеце выпіваецца каля 13 мільёнаў пінтаў «Гінеса».
Кнарык Хачатран, Еўраньюс