«СБ. Беларусь сегодня» выступае за платную медыцыну для «дармаедаў»

Газета Адміністрацыі прэзідэнта зноў заклапацілася афіцыйна непрацуючымі беларусамі.



no_money_no_care.jpg

«Далёка не ў кожнага з 400 тысяч нашых суграмадзян, якія ўхіляюцца ад працы, ёсць для гэтага аб'ектыўныя прычыны — здароўе ў парадку і ўзрост працаздольны. Але самастойна зарабляць яны не імкнуцца, хоць карыстацца сацыяльнымі гарантыямі, у тым ліку бясплатнай медыцынай, —  заўсёды гатовыя. Атрымліваецца, іншыя вымушаныя працаваць за сябе і «таго хлопца», добрасумленна плацячы падаткі, якія папаўняюць бюджэт, частка якога забяспечвае даход медработнікаў», —  піша газета і прыводзіць меркаванне галоўных лекараў мінскіх бальніц і дэпутата.
«Падыход патрэбен строга дыферэнцыраваны. Адна справа — калі чалавек не працуе па стане здароўя, пакуль не ўстаноўлена група яго інваліднасці. З-за гэтага ён і вымушаны часова знаходзіцца на ўтрыманні сваякоў. Іншая справа, калі працаваць можа, але не хоча катэгарычна. У гэтым выпадку аказаць яму экстраную медыцынскую дапамогу з меркаванняў гуманнасці лекары павінны і абавязаны. Што тычыцца планавых абследаванняў, дыягностыкі, дапамогі вузкіх спецыялістаў, ды і проста кансультавання ў тэрапеўта, то за ўсё гэта чалавек, які мае магчымасць паўнавартасна працаваць, але не робіць гэтага, на мой погляд, павінен плаціць. Гэта будзе справядліва. Аднак у такой сітуацыі ўзнікае пытанне: якім чынам рэгістратура як першае звяно зносін з пацыентам, а таксама яго ўчастковы лекар будуць атрымліваць інфармацыю, што вось гэтага хворага трэба лячыць па прэйскуранце?», —  заяўляе Людміла Крамко, галоўны лекар 1-й цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі цэнтральнага раёна г. Мінска.
«Сёння ў Беларусі цэлая армія непрацуючых. І калі не прыняць тэрміновыя меры, яна будзе толькі расці. Існуюць дзве разнавіднасці дармаедаў. Першая — ніколі не працавалі і не збіраюцца. Гэта ўтрыманцы, якіх утрымліваюць сям'я і грамадства, даючы сацыяльныя льготы. Другая — людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, якія ўжываюць наркотыкі, алкаголь. Самае небяспечнае, што яны залучаюць у гэтую залежнасць сваякоў і суседзяў. Даўно вядома: нічога не робячы, людзі вучацца рабіць благое. Але ёсць жа яшчэ і так званыя «ўхілісты». Яны працуюць, але маюць «ценявы» даход — падаткі не плацяць. Такім чынам, ніяк не ўдзельнічаюць у фарміраванні бюджэту краіны. Гаворка пра фрылансераў і тых, хто мае незарэгістраваны бізнэс. І разам з законапаслухмянымі грамадзянамі гэтыя людзі маюць сацыяльную падтрымку, ніяк не напружваючыся.
Атрымліваецца, перакладаюць падатковы цяжар са сваіх плячэй на чужыя. Але давайце ўспомнім, што да 1991 года праца была абавязкам кожнага! Пасля стала выключна правам. Аднак цяперашні час дыктуе свае патрабаванні. І яны бачацца мне справядлівымі. Кагосці звольнілі, скарацілі, і калі чалавек доўга не можа знайсці працу па спецыяльнасці, то ёсць выйсце  —  перакваліфікацыя. У 45 - 50 і ў больш сталым узросце людзі мяняюць прафесію, знаходзяць сябе. Адгаворкі, маўляў, пайду працаваць, калі мне прапануюць «належную зарплату», на самай справе хаваюць адсутнасць самадысцыпліны, жадання і агульнае папушчальніцтва. Чалавек проста карыстаецца тым, што жыве за кошт іншых... », — заявіў Зміцер Шаўцоў, старшыня Беларускай асацыяцыі лекараў, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.