Рэйд КДБ па РНПЦ дзіцячай анкалогіі: затрыманыя двое супрацоўнікаў
Учора Камітэт дзяржбяспекі прыйшоў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Былі затрыманыя двое дактароў: Юлія Жаранкова і Аляксандр Мялешка.
Затрыманні праводзіліся, хутчэй за ўсё, з-за сувязі дактароў са «Свабодным прафсаюзам». Юлія Жаранкова — лекар-імунолаг з 12-гадовым стажам, старшыня першаснай арганізацыі «Свабоднага прафсаюза Беларускага» ў РНПЦ. Яе затрымалі на допыт і адпусцілі, як паведамляюць ТГ-каналы.
Аляксандр Мялешка — кіраўнік лабараторыі генетычных біятэхналогій РНПЦ. Раней ён уваходзіў у кіруючы орган «пяршоўкі» «Свабоднага прафсаюза». Мялешка атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, нядаўна пачаўся працэс ліквідацыі незалежных беларускіх прафсаюзаў. 10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненні дзейнасці некалькіх незалежных прафесійных аб’яднанняў, такіх як «Беларускі незалежны прафсаюз», «Свабодны прафсаюз Беларускі», «Свабодны прафсаюз металістаў», «Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці», а таксама Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».
У пазове аб ліквідацыі адзначана, што прафсаюзы «атрымлівалі матэрыяльную дапамогу ад міжнародных структур».