Адчувальныя наступствы ўкраінскіх атак па расійскіх НПЗ
З 12 па 15 сакавіка былі пашкоджаныя чатыры буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы РФ. Адзін з іх знаходзіцца ў 800 км ад украінскай мяжы. Якія наступствы атак і які прыярытэтны для ўкраінскіх спецслужбаў НПЗ пакуль застаецца некранутым? Піша «Forbes».
«Дзе ён?!» — пытаецца ўсхваляваны голас на апублікаваным 15 сакавіка відэа траплення ў расійскі НПЗ. Праз секунду кадр асляпляе ўспышка — невядомы дрон трапіў у мэту.
У ноч з 14 на 15 сакавіка тры з чатырох запушчаных дронаў трапілі ў НПЗ у Калужскай вобласці.
Гэта ўжо чацвёртая паспяховая атака на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы з 12 сакавіка.
Першым пад удар трапіў «ЛУКОЙЛ-Нижегороднефтеоргсинтез», які знаходзіцца ў 800 км ад украінскай мяжы. 13 сакавіка — дроны трапілі па НПЗ у Растоўскай і Разанскай абласцях.
Паводле падлікаў Bloomberg, на гэтыя заводы прыходзіцца больш за 12% расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў.
Таксама 13 сакавіка дроны атакавалі завод «Кінеф», але пацверджання траплення няма. Гэты завод, размешчаны на беразе Балтыйскага мора, вырабляе паліва на экспарт і з'яўляецца адным з прыярытэтных для ўкраінскіх спецслужбаў, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскім урадзе.
«Кінеф» здольны перапрацоўваць 20 мільёнаў тон паліва ў год і займае другое месца па магутнасцях у РФ. Любы істотны збой на гэтым заводзе будзе мець негатыўныя наступствы для сусветнага рынку дызельнага паліва, прагназуе выданне. З нафтапрадуктаў РФ больш за ўсё экспартуе дызельнае паліва — у 2022 годзе 35 млн тон супраць 4,8 млн тон бензіну, піша Reuters.
Атакі 12-15 сакавіка — другая хваля масіраваных удараў па расійскай нафтавай прамысловасці ў 2024 годзе. Першая адбылася ў другой палове студзеня, калі пад удар патрапілі буйныя расейскія НПЗ, а таксама Ўсьць-Лузкі завод па перапрацоўцы газавага кандэнсату.
Паводле звестак Bloomberg, Расіі спатрэбіўся месяц, каб аднавіць аб'ёмы вытворчасці да ўзроўню снежня – апошняга месяца без нападаў.
У выніку апошняй атакі кошт на бензін А-95 дасягнуў рэкордных лічбаў за апошнія паўгода. Рост адбываецца, нягледзячы на тое, што з 1 сакавіка забаронены экспарт бензіну з РФ. З 12 сакавіка аптовыя кошты выраслі на 7%, паводле Кансалтынгавай кампаніі А-95.
Вывад расейскіх НПЗ адбываецца напярэдадні вясновага росту попыту на паліва.
«Мы планамерна рэалізуем стратэгію зніжэння эканамічнага патэнцыялу Расеі», — тлумачыць мэту нападаў суразмоўца Reuters у СБУ.
«Такія інцыдэнты будуць працягвацца, — казаў раней журналістам Forbes прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Андрэй Юсаў. — Гэта наступства расейскай агрэсіі супраць Украіны».