«Прыйшлі ўчора» — сваякі затрыманых за негатыўныя каментары наконт авіякатастрофы
Некаторых затрыманых за каментары пра авіякатастрофу ў Баранавічах ідэнтыфікавала «Наша Ніва». Гэта людзі з абсалютна розных гарадоў і рэгіёнаў, рознага ўзросту і прафесій. Выглядае, што па ўсіх прыйшлі раніцай 27 траўня.
Міліцыя пахвалілася: за каментары пра авіякатастрофу і смерць
пілотаў, якія разбіліся ў Баранавічах, затрымалі 20 чалавек. Частку з іх —
некаторых з імёнамі і прозвішчамі — паказалі па БТ. Ролік суправадзілі
каментарам: маўляў, вось такі «нечалавечы кантынгент ірваўся да ўлады».
«Наша Ніва» ідэнтыфікавала некалькіх затрыманых — людзей з абсалютна розных гарадоў і рэгіёнаў, рознага ўзросту і прафесій. Выглядае, што па ўсіх прыйшлі раніцай 27 траўня.
Аляксей Васіленкаў з Баранавіч быў затрыманы на працы. Яго жонка адмовілася ад каментараў. Вядома толькі, што мужчыну забіралі ў кайданках.
Дзмітрыю Зотаву з Жодзіна — каля 30 гадоў, працуе ў будаўнічай кампаніі, займаецца праектаваннем. Не рабочы, мае добрую пасаду.
«Ён жыве адзін. І раптам учора не выйшаў на працу, — кажа родная сястра хлопца. — Пасля мне пазванілі. Міліцыя ці СК званілі, я не ведаю — была ў шоку. Сказалі, што яго затрымалі. За што, не сказалі. Здаецца, што за непадпарадкаванне, штосьці такое.
Дзе ён цяпер, я не ведаю. У чым канкрэтна абвінавачваецца — таксама.
Мама набірала на той нумар, з якога нам сказалі пра затрыманне брата. Там ёй адказалі: званіце ў СІЗА. Я так разумею ў Мінск?»
Генадзь Казакевіч, намеснік міністра ўнутраных спраў, паведаміў у сюжэце БТ: заведзеная крымінальная справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса. Гэта значыць, што каментатараў вінавацяць у распальванні варожасці. Пакаранне — ад штрафу ці арышту да 5 гадоў калоніі.