Праваабаронцы: 12 кастрычніка было затрымана больш за 70 чалавек
12 кастрычніка ў Беларусі было затрымана больш за 70 чалавек (у асноўным у сталіцы). Некалькі чалавек з раённых упраўленняў міліцыі забралі «хуткія», паведамляюць праваабаронцы.
У панядзелак у Мінску прайшоў Марш пенсіянераў, супраць удзельнікаў якога міліцыя выкарыстала спецсродкі. А ўвечары ў сталіцы сотні людзей удзельнічалі ў перакрыцці вуліц, у некаторых кропках гарэлі шыны, будаваліся барыкады. «Лятучыя» брагады сілавікоў разганялі гэтых людзей, ёсць відэа жорсткіх затрыманняў і «зачыстак» мікрараёнаў.
Увесь вечар у розны час і па некалькі разоў перакрываліся асноўныя транспартныя магістралі горада:
— праспект Незалежнасці ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі і станцыі метро «Усход»;
— праспект Пераможцаў у раёне Лебядзінага;
— праспект Дзяржынскага на «Грушаўцы» і ў раёне станцыі метро «Міхалова»;
— Партызанскі праспект;
— праспект Машэрава;
— вуліца Прытыцкага ў Каменнай Горцы і ў раёне станцыі метро «Спартыўная»;
— вуліца Сурганава ў раёне ўніверсама «Рыга»;
— вуліца Раманаўская слабада.
На станцыі метро «Уручча» пратэстоўцы выцягнулі на дарогу лаўкі, на «Каменнай Горцы» — пластыкавыя блокі, а ў Шабанах на дарозе палілі пакрышкі.
Сілавікі затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек. Больш за ўсё — ва Уруччы і ў Каменнай Горцы. Таксама жорсткія затрыманні адбыліся на «Грушаўцы», у Лебядзіным і ў Серабранцы.
Паводле Еўрарадыё, ПЦ «Вясна»