Пратэст педагогаў: ці пачнуць настаўнікі страйк з 1 верасня? (фота)
Каля 70 настаўнікаў выйшла на пратэст 18 жніўня ў Мінску. Яны сталі ў ланцугі ўздоўж праспекта Незалежнасці, потым занеслі зварот міністру адукацыі Ігару Карпенку: патрабуюць шчырых выбараў, спынення гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і ціску на педагогаў. У выпадку невыканання патрабаванняў настаўнікі маюць намер не выходзіць на працу з 1 верасня.
Колерам сваёй акцыі настаўнікі абраны блакітны: прынеслі балонікі, нехта апрануў адпаведныя элементы адзення. Былі таксама бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі, крэатыўныя плакаты. Работнікі адукацыі сталі ў ланцуг салідарнасці ўздоўж праспекта Незалежнасці ад вуліцы Леніна.
Потым калона рушыла на плошчу Незалежнасці, дзе людзі таксама сталі ў ланцуг. Машыны ўжо сігналяць пратэстоўцам значна менш, чым у сярэдзіне мінулага тыдня, не запавольваюцца, але ўсё ж кіроўцы падтрымліваюць акцыі кароткімі гудкамі, спяшаючыся па справах.
Адна машына моцна запаволілася, з салона пачулася песня “Муры”. Жанчына з белай стужкай на руцэ, якая там ехала, паказала настаўнікам знак перамогі і сардэчка. Неўзабаве педагогам прынеслі піцу, кур’ер паведаміў, што яе аплаціла пара, якая праязджала каля ланцуга.
На вуліцах захоўваецца атмасфера сяброўства і радасці. Беларусы сталі больш размаўляць з незнаёмымі людзьмі, глядзець у вочы, пасміхацца. Адзін мужчына падышоў да калоны настаўнікаў і папрасіў дазволу зрабіць разам сэлфі.
Акцыя педагогаў завяршылася ля Міністэрства адукацыі. Настаўнікі занеслі туды зварот, да якога яшчэ можна далучыцца. Яны патрабуюць шчырых выбараў, спынення гвалту супраць мірных пратэстоўцаў і ціску на педагогаў. У выпадку невыканання патрабаванняў настаўнікі маюць намер далучыцца да нацыянальнай забастоўкі з першага верасня. Людзі патрабавалі, каб да іх выйшаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Аднак, той не выйшаў, толькі паабяцаў разгледзець зварот і на наступны дзень запрасіць педагогаў на абмеркаванне.
Перад настаўнікамі выступіў з прамовай экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў. Ён расказваў аб магчымасцях юрыдычнай і матэрыяльнай дапамогі тым работнікам адукацыі, хто будзе звольнены праз сваю грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у забастоўках.
Фота Алены Ляшкевіч