Прадстаўніца СК назвала «справу БЕЛТА» хакерствам. Ёй адказала рэдактарка TUT.BY
Учора на пасяджэнні Камітэта ААН па правах чалавека сябры камітэта звярнуліся з пытаннямі да беларускай дэлегацыі, у тым ліку і па «справе БЕЛТА». Прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Галіна Суздалева заявіла, што гэта — «банальнае хакерства». Галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава пракаментавала гэтую заяву.
Як піша TUT.BY, Галіна Суздалева патлумачыла, што матэрыялы, апублікаваныя на платнай падпісцы БЕЛТА, «не знаходзіліся ў адкрытым доступе», і там публікаваліся навіны, якія з'яўляліся «раней, чым на афіцыйным сайце».
«Фізічныя асобы прыцягнуты да крымінальнай адказнасці не за палітычныя погляды. За банальнае хакерства!» — падкрэсліла Галіна Суздалева.
Яна таксама адзначыла, што партал TUT.BY меў дагаворныя адносіны з Reuters і ВПС, але службовыя асобы «у той жа самы час, не лічылі патрэбным ініцыяваць заключэнне дамовы з БЕЛТА».
Прадстаўнік СК таксама адзначыла, што падазраваныя па «справе БЕЛТА» затрымліваліся згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі і методыкам, якія датычацца расследавання злачынстваў у сферы камп'ютарнай інфармацыі.
Галоўны рэдактар TUT.BY і фігурантка «справы БЕЛТА» Марына Золатава ў сваім фэйсбуку пракаментавала заяву прадстаўніцы Следчага камітэту. Яна звярнула ўвагу, што ў Крымінальным кодэксе няма азначэння «хакерства». Таксама Марына Золатава абвяргае абвінавачанне ў тым, што, як службовая асоба парталу, заходзіла на падпіску БЕЛТА пад чужым паролем. Яна сцвярджае, што ніводная навіна БЕЛТА за расследаваны перыяд не з'явілася ня TUT.BY раней, чым у адкрытым доступе.
«У Беларусі ўсе грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад сферы дзейнасці і роду заняткаў», — запэўнівае СК. Вось цікава, ці да ўсіх фігурантаў з «больш за 500 крымінальных спраў, узбуджаных у Рэспубліцы Беларусь з пачатку 2018 года па артыкуле 349», прыходзілі па 8-10 чалавек з ператрусам, ці ўсіх змяшчалі ў ІЧУ? Усе ж роўныя?» — задаецца пытаннем Марына Золатава.
Таксама рэдактарка парталу зазначае, што арт. 349 ч. 2 не прадугледжвае меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
«Дзякуй, што выконвалі закон», — заключае яна.