Першае за некалькі дзясяткаў гадоў зубраня нарадзілася ў гарадзенскім заапарку

Знамянальная падзея адбылася ў пары зуброў Любава і Боры. Бацька — старажыл заапарка, 30-гадовы белавежскі зубр. Маці — пяцігадовая зубрыха са статку, што жыве ў Гродзенскім раёне.

000023_822628_big.jpg

Любаву прывезлі ў заапарк некалькі гадоў таму. Нягледзячы на ​​асцярогі работнікаў, пара сышлася, цяжарнасць працякала без ускладненняў.
«3 ліпеня ў заапарку яшчэ былі наведвальнікі, калі ў Любавы адышлі воды. Зубраня хутка ўстала на ногі, у яго добры апетыт. Старажылы не ўзгадаюць, каб зубры ў заапарку прыносілі нашчадкаў, таму за апошнія тры-чатыры дзясяткі гадоў гэта дакладна першы падобны выпадак ў Гародні», — распавёў намеснік дырэктара Гродзенскага заапарка Віталь Гуменны.
Малы адчувае сябе добра, з цікавасцю вывучае навакольны свет. Любава ж паводзіць сябе як клапатлівая маці. Хавае дзіця ад назойлівай увагі і можа нават кінуцца ў атаку, калі палічыць, што наведвальнікі небяспечныя для яго. Рацыён для маладой мамы застаўся ранейшым: ​​у асноўным свежая зялёная маса, вада плюс дадатковыя вітаміны.
Дарэчы, тата пасля нараджэння дзіцяці пасяліўся ў суседнім вальеры. У зуброў і ў дзікай прыродзе прынята, што выхаваннем нашчадкаў займаецца самка. Зубраня 21 дзень будзе на карантыне. Як яго назавуць, высветліцца пазней. Працэдура гэтая не простая: па дасягненні трохмесячнага ўзросту супрацоўнікі заапарка пададуць дакументы на рэгістрацыю зубра ў Міжнароднай племянной кнізе, і ўжо адтуль прыйдзе альбо імя цалкам, альбо літара, на якую яно павінна пачынацца.
Дарэчы, 2017 г. у Гродзенскім заапарку выдаўся багатым на нашчадкаў: малыя нарадзіліся ў паўночных і лясных аленяў, лам, а таксама лісіц і янотаў.


Паводле belta.by