Палітвязень: «Я рэальна стомлены, і мне не важна, ці даможамся мы праўды, ці не»

Палітвязня з Кобрына Віталя Жука змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Выглядае так, што там вязень будзе да канца свайго тэрміну.

_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Віталь Жук быў асуджаны на паўтара гады калоніі праз абразу Лукашэнкі. У межах гэтай справы Віталя трымаюць за кратамі са жніўня 2021 года. Пакаранне адбывае ў папраўчай калоніі №2, паведамляюць праваабаронцы.

Стала вядома, што паслядоўнасць ціску на палітвязня была такая: 15 чэрвеня яго адправілі на 5 сутак у ШІЗА, 20 чэрвеня Віталь выйшаў са штрафнога ізалятару. Потым 21 чэрвеня яму далі яшчэ 10 сутак ШІЗА, і пакуль ён быў там — яшчэ "дадалі" 5 сутак. А яшчэ, пакуль ён знаходзіўся ў ШІЗА, было вынесена рашэнне аб адпраўцы яго ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).

Пра гэта палітвязень даведаўся, калі выйшаў з ШІЗА 6 ліпеня, а на наступны дзень яго ўжо змясцілі ў ПКТ на 5 месяцаў. Атрымліваецца, што да канца свайго  тэрміну Віталь будзе знаходзіцца ў калоніі ў ПКТ.

Настрой у Віталя цяпер не лепшы — гэта вынікае з яго ліста сваякам:

«Я вельмі стаміўся, вельмі. Мне нават цяжка было размаўляць з адвакатам. Я рэальна стомлены, і мне не важна, ці даможамся мы праўды, ці не. Мне цяжка растлумачыць, проста я стаміўся.

І яшчэ, каб ты ведала, — не трэба вінаваціць цяпер нікога ў тым, што я еду на ПКТ — ні начальніка, ні операў, ні каго б там ні было. Я не ведаю, што будзе потым, але цяпер іх вінаваціць не варта».

Напішыце палітвязню лісты падтрымкі па адрасе:

ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, ПКТ. Віталь Васільевіч Жук