«Падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ» ― блогера параўналі з БТ і збіраюцца судзіць

Гомельскія міліцыянеры вырашылі зрабіць з блогера Максіма Філіповіча  ці то журналіста, ці то, каб не разменьвацца на дробязі, адразу ўплывовае СМІ.

Максім Філіповіч. Фота: svaboda.org

Максім Філіповіч. Фота: svaboda.org


17 ролікаў з канала Максіма Філіповіча ў Youtube і яго жывыя трансляцыі ў сацыяльных сетках сталі падставай для складання на гомельскага блогера пратакола. Цяпер яму пагражае штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь.

Максім Філіповіч: “Узялі мае 17 ролікаў з Youtube і проста ролікі, што я здымаў, он-лайн трансляцыі з судоў, і склалі пратакол “за выраб і распаўсюджванне сродкаў масавай інфармацыі”. Пратакол складаў мой участковы па месцы жыхарства, але матэрыялы справы прыйшлі ў РУУС Савецкага раёна Гомеля”.

Але больш за ўсё, кажа Філіповіч, яго ўразіў адзін пункт з матэрыялаў справы.

“Я зрабіў копіі з матэрыялаў справы і там ёсць адзін цікавы пункт. Яны напісалі што, "з улікам росту папулярнасці свайго тэлеканала Філіповіч Максім Генадзевіч фактычна падмяняе сабой дзяржаўнае СМІ. У тым ліку, па фармаванні грамадскага меркавання сярод грамадзян Рэспублікі Беларусь"”, ― цытуе Філіповіч.

Такім чынам, гомельскія міліцыянеры вырашылі зрабіць з блогера ці то журналіста, ці то, каб не разменьвацца на дробязі, адразу ўплывовае СМІ. Цікава, што з гэтай нагоды колькі тыдняў таму казала міністр інфармацыі Лілія Ананіч, разважаючы на тэму, ці варта блогераў лічыць журналістамі.

Лілія Ананіч: “Калі чалавек публікуе нейкія свае ўражанні, мае круг з дзесяці ці ста сяброў, мне здаецца, гэта ўсё-ткі не журналістыка. Але калі чалавек мае амбіцыі журналіста, не грамадзяніна, а менавіта журналіста, і хоча сваімі публікацыямі фармаваць меркаванне па шырокім коле пытанняў, і гэта тычыцца не толькі яго атачэння, а наогул... У Расійскай Федэрацыі, напрыклад, заканадаўча вызначана, што калі ў блогера больш за тры тысячы сяброў, Роскамнадзор аўтаматычна ўключае яго сайт у пералік рэсурсаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне заканадаўства аб СМІ. Мы сёння ў гэтым кірунку можам разважаць. Але скажу, што на маім працоўным стале не ляжаць падобныя нарматыўныя акты. Неабходнасці ў іх няма”.

На пытанне ў лоб журналіста Еўрарадыё, ці з'яўляюцца сацсеткі сродкамі масавай інфармацыі, міністр адказала: “Не, сацыяльныя сеткі ― гэта не СМІ”.

Тут можна толькі дадаць, што блогер ― гэта тым больш не СМІ.

Да ўсяго, ніхто яшчэ, здаецца, не адмяняў такую норму Канстытуцыі, як права кожнага грамадзяніна на збіранне і распаўсюджванне інфармацыі.

“Безумоўна, права гэта не з’яўляецца абсалютным, і ў пэўных выпадках яно можа падлягаць абмежаванням: дзеля забеспячэння правоў іншых грамадзян, здароўя і маральнасці насельніцтва, абароны дзяржаўнай бяспекі і суверэнітэту, ― пералічвае магчымыя прычыны абмежавання праваабаронца Леанід Судаленка. ― Калі дзяржава дакажа, што для ўсяго пералічанага трэба абмежаваць правы Максіма Філіповіча, то калі ласка. Але я бачу, што ў іх наўрад ці гэта атрымаецца. Бо нацыянальны закон не забараняе мне здымаць на вуліцы і потым трансляваць гэта праз свой ютуб-канал, як гэта робіць Максім”.

Праваабаронца ўпэўнены, тое, што мясцовай уладзе недаспадобы крытычныя матэрыялы, якія здымае і выкладвае ў інтэрнэт Максім Філіповіч, не дае ім права абмяжоўваць яго ў правах. А тым больш, караць блогера за тое, што ён робіць

Ёсць у Еўрарадыё і афіцыйны адказ за подпісам намесніка міністра інфармацыі спадара Рабаволава, дзе тлумачыцца, каго можна лічыць журналістам.

“У адпаведнасці з пунктам 7 артыкула 1 Закона аб СМІ журналіст сродка масавай інфармацыі ― фізічная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваннем і стварэннем (падрыхтоўкай) інфармацыйных паведамленняў і (альбо) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі СМІ, звязанае з гэтай юрыдычнай асобай працоўнымі альбо іншымі дамоўленасцямі. Калі асоба, якая вядзе жывую відэатрансляцыю на старонку ў сацыяльнай сетцы, адпавядае вышэйпералічаным крытэрыям, то яе можна класіфікаваць як журналіста СМІ”, ― гаворыцца ў адказе Мінінфарма.

adkaz_1_1.jpg

Калі ў матэрыялах справы Філіповіча няма доказаў таго, што ён “адпавядае вышэйпералічаным крытэрыям”, то ён ― не журналіст.

euroradio.fm