Пад Бахмутам паранены Дзяніс Урбановіч. Гэта яго чацвёртае раненне ва Украіне

Як стала вядома «Н*шай Ніве», лідар «Маладога Фронту», а цяпер — баец-дoбраахвотнік батальёна «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Урбановіч атрымаў ужо чацвёртае раненне на вайне за незалежнасць Украіны. Гэтым разам — у самым гарачым месцы баявых дзеянняў.

Дзяніс Урбановіч. Фота з сацсетак

Дзяніс Урбановіч. Фота з сацсетак

Раненне Дзяніс Урбановіч атрымаў у Бахмуце, дзе цяпер сярод іншых фармаванняў УСУ ваюе батальён «Волат» палка Кастуся Каліноўскага.

Пра гэта выданню паведамілі пабрацімы байца. Раненне байца характарызуюць як «не цяжкае». Зараз ён знаходзіцца на лячэнні.

Сам Урбановіч пакуль свайго стану не каментаваў.

Гэта ўжо чацвёртае раненне лідара «Маладога Фронту».

Да таго раз яго кантузіла, аскепак залятаў у руку, а куля — у грудзі. Кожны раз Дзяніс вяртаўся на фронт.

«Трапіла куля проста ў грудзі і пайшла па целе, ды ўперлася ў рэбры. Дыхаць не вельмі добра, лёгкае пашкоджанае», — флегматычна апісваў адно са сваіх папярэдніх раненняў каліновец.

Дзяніс Урбановіч мае пазыўны «Ваўкалак».

Нагадаем, учора прэс-служба палка Каліноўскага паведаміла пра панесеныя страты пад Бахмутам.

Паводле афіцыйнай заявы палка, загінуў адзін беларускі добраахвотнік, яшчэ чацвёра лічацца зніклымі без звестак, але яны дакладна не ў палоне. Усе байцы — з батальёна «Волат».

Паводле заявы ПКК, таксама некалькі байцоў атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, але цяпер іх жыццю нічога не пагражае.

ПКК не раскрывае падрабязнасці аперацыі пад Бахмутам і запэўнівае, што знаходзіцца на сувязі з роднымі загінулага і зніклых без звестак. Асобы байцоў не раскрываюцца ў мэтах бяспекі.

Вядома пра 22 беларусаў, якія загінулі пасля лютага 2022-га, баронячы Украіну і Беларусь. Яшчэ чацвёра зніклі без вестак, двое трапілі ў палон. Усяго ў складзе ўкраінскай арміі ваююць сотні грамадзян беларусаў.

Баі за Бахмут ідуць ужо 9 месяцаў. Гэты кірунак застаецца адным з самых гарачых месцаў на фронце. Ад 10 мая ўкраінскія войскі тут перайшлі ў контрнаступ і ў зацятых баях вярнулі кантроль над 25 квадратнымі кіламетрамі на поўнач і паўднёвы захад ад горад, у тым ліку над шэрагам важных вышынь.

На баку Украіны ваюе некалькі беларускіх падраздзяленняў: «Полк Кастуся Каліноўскага», «Полк Пагоня», «Батальён Тэрор» і вайсковая частка, пра стварэнне якой казаў Валерый Сахашчык, былы камандзір брэсцкай дэсантнай брыгады. Колькасць беларускіх добраахвотнікаў невядомая — такія правілы вайны. Ацэнкі вагаюцца ад «некалькіх сотняў» (Сяргей Бульба) да 1500 чалавек, пра якіх казаў Офіс Святланы Ціханоўскай.